Грамадства7575

За пяць хвілін да навагодняга звароту Святланы Ціханоўскай у Беларусі заблакавалі Ютуб

Ютуб быў недаступны прыкладна з 23:45 да 0:05. Пра гэта паведамляюць чытачы «Нашай Нівы» з розных гарадоў краіны.

Ютуб гэтыя 20 хвілін адкрываўся толькі праз VPN.

Вось зварот Святланы Ціханоўскай на яе старонцы ў Ютубе:

А гэта зварот у канале «Нашай Нівы» ў ТГ, калі ў вас не адкрываецца Ютуб:

Зварот быў зроблены ў форме дыялогу Святланы Ціханоўскай з людзьмі. Яны заклікала да вытрымкі і ўпартасці ў адстойванні сваіх ідэалаў.

Рэквізітар 1: Бачыла, як зноў курс даляра вырас?

Рэквізітар 2: Ага, колькі ж ён будзе каштаваць у наступным годзе?

Асістэнтка рэжысёра: Зноў чэргі на мяжы! Бацькі ўжо 20 гадзін спрабуюць выехаць.

Аператар: У мяне ў пашпарце старонкі сканчаюцца. У Беларусь ехаць не варыянт. А тут легалізавацца не атрымаецца… 

Рэжысёр: Сястру стрыечную на працы затрымалі. Усё праз фота на пратэстах у тэлефоне. 

Грымёр: Святлана, ці гатовыя да новага году?

Святлана: Ведаеце, мая каманда з мяне нават жартуе з-за гэтых цяжкіх уздыхаў. Гавораць, што ў іх уся стомленасць свету.

Грымёр: А хіба гэта не так? Хіба вы не стаміліся?

Святлана: Ну, канешне, стамілася. Я ж такі ж чалавек, як і вы, і мне таксама хочацца, каб жыццё было спакойным і прадказальным. Часам здаецца, што свет вар’яцее. Хто б мог падумаць, што нам, беларусам, выпадуць такія выпрабаванні.

Асвятляльнік: Так. Мне здаецца, мы ўсе стаміліся ад таго, што адбываецца навокал. І сілаў не хапае, каб рабіць нешта далей.

Святлана: Гэта праўда. Усе стаміліся ад негатыву. Цэны растуць. Людзей увесь час затрымліваюць. Візы не атрымаць. Вядома, хочацца схавацца, каб цябе не ніхто не чапаў, і жыць сваім жыццём.

А ўявіце сабе, як стаміліся тыя, хто ў турмах. А іх тысячы. Стаміліся чакаць, стаміліся спадзявацца, стаміліся верыць. Як стаміўся Павел Кучынскі з горада Маладзечна, у якога рак. А там сотні людзей, якім патрабуецца медычная дапамога. Як стамілася жонка Бяляцкага дабівацца хоць нейкай вестачкі ад мужа. А дзеці — расці без мам і тат.

Ведаеце, адкуль я чэрпаю сілы? Калі я ўстаю раніцай, я думаю пра тых, каму яшчэ цяжэй. І так балюча ад гэтага… Але гэты боль і злосць я ператвараю ў энергію.

Гукарэжысёр: Дарэчы, я часта думаю, што рабіць: прыстасоўвацца да таго, што ёсць, ці мець надзею — што ў будучыні нешта зменіцца?

Святлана: Вось вы кажаце — «мець надзею, што нешта зменіцца». Але ж на адной надзеі далёка не паедзеш. І прыстасоўвацца таксама не трэба.

Падумайце, можа, вы ўжо робіце штосьці. І не трэба гэта абясцэньваць. Нават калі здаецца, што ў гэтым няма нічога грандыёзнага. 

Прыгадайце «Марафон салідарнасці». Да яго далучыліся людзі з 86 краінаў свету. І гэта быў не проста прыгожы жэст, а рэальная дапамога нашым палітвязням і іх блізкім.

Прыгадайце, як доктар, якому давялося з’ехаць у Польшчу, працягвае кансультаваць сваіх пацыентаў з Наваполацка, таму што яны ўжо 2 месяцы не могуць узяць талончык у паліклініку.

Ці як жанчына з Пінска, што раздрукавала ўлёткі «не вайне», раскідала іх па суседзях. А там у яе чыноўнікі жывуць. Падаецца, невялікае дзеянне, але якое смелае!

Часта нам здаецца, што такія простыя рэчы наўрад ці нешта зменяць. Аднак менавіта з іх пачынаюцца значныя перамены.

Нават мая васьмігадовая дачка, якая ніколі не мела беларускамоўнага асяроддзя, нядаўна заявіла, што хоча размаўляць на роднай мове. І цяпер кожны дзень у мяне пачынаецца са словаў «Добрай раніцы!».

Дэкаратарка: Я вось тут чытаю пра вашыя сустрэчы з рознымі палітыкамі. Гэта значыць, што пра нас не забылі?

Святлана: Не, вядома, не забылі. Нас падтрымліваюць і гатовыя дапамагаць. Але вы ж не думаеце, што прыйдзе Байдэн ці Макрон, і вырашыць нашыя праблемы за нас?

Зрабіць гэта можам толькі мы самі. Толькі ад нас з вамі залежыць, як будуць ставіцца да Беларусі. Нам будуць дапамагаць толькі тады, калі мы будзем дапамагаць адно аднаму.

І мы робім гэта ўсё не дзеля чагосьці абстрактнага, мы хочам вельмі зразумелых і простых рэчаў, і хочам іх заслужана.

Мы хочам вярнуць наш дом, і быць у ім гаспадарамі. Хочам пачувацца ў бяспецы. І жыць у краіне, дзе ўлада паважае людзей, а не пагарджае імі.

Асістэнтка рэжысёра: Але мы ўжо столькі разоў спрабавалі… 

Святлана: І гэта яшчэ раз даказвае, якая нязломная ў нас нацыя! Нават у самых складаных умовах, пасля няўдалых спробаў мы не крычалі «Усё прапала!», а шукалі новыя спосабы дамагчыся сваіх мэтаў.

І мы шмат чаго дамагліся. Часта — не дзякуючы, а насуперак.

Насуперак рэпрэсіям запускаем ініцыятывы і аднаўляем медыя.

Насуперак русіфікацыі размаўляем па-беларуску і адзначаем нацыянальныя святы.

Насуперак новым указам і падаткам прадпрымальнікі развіваюць свой бізнес.

Медыкі ратуюць жыцці, нягледзячы на адсутнасць лекаў. А нашыя бабулі ўжо не вераць прапагандзе, таму што ўнукі навучылі іх глядзець YouTube.

І ўсё гэта мы робім, нягледзячы на стомленасць, злосць і расчараванне… 

Аператар: А сапраўды ж — беларусы крутыя! 

Святлана: І нам ужо варта пачаць сябе цаніць!

Бо мы, беларусы, маем вынослівасць, каб адказваць на выклікі. Крэатыў, каб ствараць новае. Сумленнасць, каб прызнаваць памылкі. Працавітасць, каб брацца нават за самыя складаныя задачы. І вялікае сэрца, каб дапамагаць адно аднаму.

І не забывайцеся кожны дзень нагадваць сабе пра гэта.

Рэжысёр: Увага, засталося пару секунд да запісу. Паспяшайцеся!

Святлана: Паспяшайцеся… Мы заўсёды кудысьці спяшаемся. Скончыць працу, паспець усё па хаце, прачытаць важныя навіны… Але зараз, калі мы праводзім гэты няпросты год, вазьміце маленькую паўзу. Выдыхніце.

Падумайце пра чалавека, якога за ўсім, што адбываецца, лягчэй за ўсё забыцца — пра сябе. Бо кожны з нас — жывы чалавек, які заслугоўвае кахання, павагі і клопату.

Знайдзіце тое, за што вы сабою ганарыцеся — упэўнена, такое ёсць. Скажыце сабе дзякуй. За тое, што выдужалі, не ачарсцвелі.

Ведаю, можа здавацца, што навокал хаос. Лёгка заблытацца і страціць сябе. Мы ўсе розныя. Але памятайце, у нас заўсёды ёсць тое, што нас аб’ядноўвае.

Дарагія мае беларусы!

У мяне няма адказаў на ўсе пытанні. Я не ведаю, што нас чакае ў новым годзе. І я не буду казаць вам, што ўсё будзе добра. 

Многія рэчы нам даводзіцца рабіць насуперак. Але ў новым годзе я хацела б, каб у нас з вамі было менш «насуперак» і больш «дзякуючы».

Дзякуючы салідарнасці, мы зможам вызваліць палітвязняў.

Дзякуючы нашаму адзінству, мы здабудзем новых саюзнікаў у свеце. 

Дзякуючы нашай мудрасці, будзем рабіць менш памылак. 

Дзякуючы нашаму жыццялюбству — больш усміхацца і падтрымліваць адно аднаго. 

І галоўнае, дзякуючы сіле нашага народу, крок за крокам разам ісці да свабоднай і незалежнай Беларусі.

Каментары75

  • EMIL
    01.01.2024
    С Новым годом всех читателей и писателей Нашей нивы! С надеждой на будущее!
  • За Свабоду!
    01.01.2024
    Чакалася, пара ўжо ўсё глядзець праз vpn. Усё больш-меньш вольнае даўно заблакавана. БТ разгромна прайгаў інтэрнету.
  • За Свабоду!
    01.01.2024
    А дасягнене дыктатура адваротнага. Зараз нават апалітычныя гледачы усталююць vpn, каб ім глядзецуь, што яны хочуць. Прапаганда памерла. Мёртвае не ажыве, зомбі гэта толькі зомбі.

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць32

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць

Усе навіны →
Усе навіны

Паліцыя зноў разагнала мітынг у цэнтры Тбілісі

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў7

Што свет думае пра вайну ва Украіне цяпер? Карта пазіцый краін1

Камандзір Палка Каліноўскага: Беларускія добраахвотнікі маюць тыя ж сацыяльныя гарантыі, што і ўкраінскія вайскоўцы6

У Грузіі працягваюцца пратэсты, паліцыя прымяніла вадамёты1

Спевака Дзядзю Ваню будуць судзіць за ўдзел у пратэстах4

Навукоўцы знайшлі тлумачэнне «туману ў галаве» пасля кавіду1

Мінскія ўлады прадпісваюць упрыгожваць навагоднія вітрыны толькі «элементамі славянскага паходжання»7

Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы кажа, што рост колькасці імігрантаў з Беларусі ўяўляе пагрозу. Але па статыстыцы беларусаў у Літве становіцца менш10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць32

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць

Галоўнае
Усе навіны →