Грамадства22

Аляксандр Мураўёў пра тое, як стаў аўстрыйскім бізнэсменам, пра свой першы мільён і сустрэчы з Лукашэнкам

У вялікім інтэрв'ю «Белсату» вядомы бізнесовец Аляксандр Мураўёў распавёў, як шыў майткі спартоўцам, з-за чаго прыехаў у Маскву як аўстрыец і ці быў «новым рускім». 

Аляксандр Мураўёў у сваёй кватэры. Дубай, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. 25 студзеня 2024 года. Фота прадастаўлена рэдакцыі «Белсат»

«Гучыць «Старт» — а я не хачу, і ўсё»

— Вы распавядалі. што прафесійна і паспяхова займаліся спортам. Чаму мы не ўбачылі алімпійца Аляксандра Мураўёва, які б ездзіў і прадстаўляў Беларусь на Алімпіядах?

— Я трапіў не ў тую армію: паступіў у інстытут, і адразу мяне забралі. З першага курсу. Спачатку загрузілі ў аўтобус, які ішоў у Афганістан [СССР вёў у 1979-1989 гг. вайну ў Афганістане — Рэд.] ці кудысьці яшчэ, затым выгрузілі ўсіх і мяне адправілі дадому. Паспелі аформіць нейкія дакументы. Потым мяне зноў адправілі туды. Першыя шэсць месяцаў я быў ва учэбцы ў Печах. Потым у Барысаве ў кадраваным [недаўкамплектаваным — рэд.] палку. Потым мяне неяк выцягнулі ў спортроту ва Уруччы… але прайшло ўжо восем месяцаў. Натуральна, на вяртанне [у спорт. — Рэд.] пасля васьмімесячнага перапынку патрэбны час…

У 1986-м я вярнуўся і пачаў вельмі старанна трэніравацца, трапіў у бальніцу з запаленнем лёгкіх — перашчыраваў, потым зноў вярнуўся. Я вельмі выразна памятаю спаборніцтвы ў Беларусі, калі гучыць «Старт» — а я не хачу, і ўсё. Гэта значыць увесь запал, які быў ува мне 10 гадоў, уся злосць — іх раз, і не стала. Я прабег 10 метраў, скокнуў у даўжыню, штурхнуў ядро, падышоў да трэнера і паказаў вось гэты знак [паказвае Х]. Ён паглядзеў на мяне і вачыма паказаў: «Так». Гэты дзень я вельмі добра памятаю.

— І што далей?

— Гэта катастрофа была. Спаборніцтвы праходзілі ў Стайках, я вярнуўся дадому, разумеючы, што ўсе зразумелыя і лагічныя мэты — што трэба трэніравацца, вучыцца, трэба стаць спартоўцам, потым вялікім трэнерам або вялікім дзеячам, — страцілі сэнс. Я зразумеў, што не выканаў першы нарматыў, а наперадзе яшчэ два гады інстытута. Навошта ў гэты інстытут хадзіць? Гэта раз. Другое, спартоўцам нейкія талоны на харчаванне выдавалі: чатыры рублі ў дзень, калі тры, калі пяць. Гэта нейкія кішэнныя грошы, нейкая ступень свабоды, але і разумееш, што здымаеш нагрузку з бацькоў. І я зразумеў, што ўсё, трэба нешта прыдумляць.

Я дастаў швейную машынку з склепа, разабраную. Памятаю той дзень, калі тата спрабаваў яе «электрыфікаваць», там разляцеліся нейкія дэталі, яму гэты занятак не спадабалася; я гэтую машынку сабраў, аднавіў, зламаныя дэталі мой старэйшы брат неяк прыварыў, дзесьці знайшоў тыя, якіх не хапала, я яе адрамантаваў і пашыў спартыўныя майткі Adidas з бацькавай нейлонавай кашулі. У мяне былі выкрайкі (у сэнсе, я мог рабіць копію сапраўдных) і я зрабіў таксама «сапраўдныя».

«Майткі былі пытаннем статусу»

— Пачакайце. Калі чалавек ніколі ў жыцці не займаўся… Вось я б сёння ўзяў нейкую выкрайку — нават не ведаю, ці змог бы я нешта зрабіць. Вы нешта недагаворваеце. Навошта..?

— Дзве прычыны былі дакладна. Першая, вядома, гэта тое, што наша сям’я не была багатай. Другая — тое, што можна было купіць у крамах, насілі ўсе, і гэта выклікала нейкае непрыемнае пачуццё. Хацелася чагосьці ўнікальнага. Тады ж з’явіліся часопісы з выкрайкамі Burda, мода з’явілася.

Людзі, якія нешта шылі дома, апраналіся неяк выразней. Нават калі яны гэта рабілі з тканіны для прасцін і падкоўдранікаў. Тыя, хто купляў савецкую вопратку ў краме, ішлі па вуліцах так, як сёння, напэўна, у Паўночнай Карэі ходзяць. І то наўрад ці ўжо.

Таму я пашыў майткі Adidas.

— Дзе вы ўзялі гумку адыдасаўскую?

— Раней на красоўках быў сапраўдны лэйбл Adidas, прашыты. Гэта значыць не шаўкаграфія, а вышыўка. Натуральна, калі яго адпароць і прышыць да майткаў, яны сапраўднымі становяцца. Лэйбл ў іх сапраўдны, тканіна… Не памятаю, адкуль тады з’явіліся гэтыя нейлонавыя кашулі, з Венгрыі ці адкуль, але там добрая тканіна. Адзінае: з канцікамі прыйшлося павазіцца, неяк усё гэта рабіць трэба было… Я іх прадаў за $25 спартоўцам. Спартоўцы ездзілі на спаборніцтвы за межы Савецкага Саюза і арыентаваліся і ў доларах, і ў таварах.

Памятаю, я ў Стайкі заехаў, камусьці з прыяцеляў паказаў, ён: «Саня, хачу. Гэта сапраўдныя?» Я кажу: «Вядома, сапраўдныя». Там цэлая дэлегацыя сабралася лёгкаатлетаў, яны ўсе знаўцы. У паловы ёсць такія майткі — таму яны займаюць больш высокую прыступку ў спартовай іерархіі. У каго няма такіх майткаў, і яны ў баваўняных савецкіх — тыя ніжэй у іерархіі. Таму пытанне майткаў было пытаннем сацыяльнага ранжыравання, статусу.

Усе даследавалі гэтыя майткі, і ніхто не здолеў прыйсці да высновы, што яны несапраўдныя. Так як я потым пашыў майткаў яшчэ штук 10 і раскрыў сакрэт, што я гэта раблю сам. Я больш не мог шыць майткі, таму што кашулі скончыліся. Падман доўжыўся нядоўга, пару дзён.

Першы буйны бізнес

— Першы ваш буйны бізнес — гэта вопратка. Як гэта было?

— Неяк мне мама дала 60 рублёў, таму што пачыналася восень, і было холадна — трэба было купіць нейкую вопратку. Я пайшоў у краму, купіў куртку, прычым дэфіцытную —вугорскую. Раніцай, калі паехаў у інстытут у гэтай куртцы, зразумеў, што яе купіў не я адзін. Траціна аўтобуса была ў гэтых куртках. Я падарыў яе малодшаму брату і зразумеў, што не перазімую. У гэты ж дзень я сустрэў свайго прыяцеля Юру Саіна.

Мы з ім заехалі па дарозе ў краму «Тканіны», дзе ён купіў некалькі рулонаў насыпачной тканіны, і адкрыў мне таямніцу: ён так стыльна апранаецца таму, што ён з гэтага ўсяго шые курткі. Ён мне паказаў, як шыць куртку, я купіў таксама тканіну, пашыў сабе модную «італьянскую» куртку. Лэйбл я прышыў таму, што ён мне яго даў, ён тады шыў курткі пад брэндам Sava, здаецца. Праз нейкі час я дамовіўся шыць яму падшэўкі, але ён вельмі павольна шыў курткі, таму я шыў падшэўкі, кішэні і нейкую колькасць куртак.

— А дзе прадавалі?

— Ой, ва ўсіх камісійных… Потым на Камароўцы. Прычым вельмі шмат спортстменов-пяціборцаў, плыўцоў, з якімі я ў адным класе плаваў — згаджаліся: ім падабалася на рынку стаяць, гандляваць. Таму на Камароўцы спартоўцы прадавалі нашы курткі ў тым ліку. Ім стала цікава: кааператары, якія з плашчавых тканінаў, выконваючы савецкія дзяржстандарты, шылі курткі з выдаткамі ў $50, прадавалі іх за $60. Мы шылі з таго, што не адпавядала дзяржстандартам, але дазваляла рабіць сапраўды унікальную, цікавую вопратку з выдаткамі ў $10, і прадавалі за $180. Гэта заслуга Юры, ён адчуваў стыль, моду, а я ведаў, як павысіць прадукцыйнасць працы.

Кітайская копія швейнай машыны Singer, на якой Аляксандр Мураўёў шыў першыя курткі ў Менску. Фота прадастаўлена рэдакцыі

Першыя заробленыя грошы я выкарыстаў на куплю прамысловага абсталявання, наняў першых надомнікаў. Мы разышліся з ім [Юрам — Рэд.] на нейкі час, і праз год маштаб вытворчасці ў мяне быў у дзясяткі разоў большы, чым у яго. Але ён быў стыльны вытворца адзення, і мы з ім аб’ядналіся. У 1992 годзе, 25 жніўня, мы зарэгістравалі малое прадпрыемства U&A або UA. Толькі потым я даведаўся, што гэтая абрэвіятура выкарыстоўваецца Украінай. 25 жніўня з’яўляецца днём заснавання маёй першай афіцыйнай кампаніі. У наступным — паколькі я быў удзельнікам больш чым на 50% — яна стала асновай для цяперашняй кампаніі. У 1997 годзе адбыўся рэбрэндынг кампаніі, яна атрымала назву «АТЭК».

Ад куртак — да нафты

— Гэта значыць, у 1992-м вы шылі курткі. Што было далей?

— Пасля кішэняў былі тры фабрыкі, на якіх працавала, агулам, 1000 чалавек. Былі калекцыі, паказы модаў, удзел у гэтай галіне… але гэта было не маё, а Юрава, а маё…

У 1993-1994 годзе быў першы карпаратыўны крызіс, і я кінуў свае сілы на знаходжанне нейкіх рашэнняў для зарабляння грошай іншым спосабам, а Юра застаўся кіраваць бізнесам па вытворчасці адзення. Я зарабіў грошай іншым спосабам на рынку нафтапрадуктаў, збожжа, металаў.

Я дапамог аўстрыйскай кампаніі Voestalpine вырашыць праблемы з разлікамі ў Беларусі, і стаў іх афіцыйным прадстаўніком у нашай краіне. Потым я пашырыў гэтае партнёрства да яшчэ трох-чатырох нямецкіх кампаній і зарабіў столькі, што швейны бізнэс быў выратаваны, але працэс выратавання мне ўжо падабаўся нашмат больш і я пачаў займацца зусім іншай справай.

Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

— Але свой першы мільён вы зарабілі там? Асабіста ваш мільён? Не на выратаванні кампаніі.

— Першы мільён — гэта вытворчасць адзення.

— Не перад камерай вы сказалі, што з Віктарам Бабарыкам пазнаёміліся яшчэ ў 1992 годзе. Раскажыце пра гэта.

— Віця Бабарыка тады быў у банку «Алімп», узначальваў яго Валера Сяляўка. Гэта быў якраз перыяд, калі фармаваліся знаёмствы. Гэта значыць людзі, якія абвясцілі сябе ўдзельнікамі прадпрымальніцкага цэху, знаёміліся не проста таму, што трэба было нешта купіць, прадаць, вырашыць нейкую задачу — гэта было нейкае такое «прынюхванне». «Ты хто?» — «Я банкир» — «Ух ты! А ты хто?» — «А я збожжа прадаю» — «Але ж». «А вы хто?» — «А мы нафтай гандлюем» — «О-о-о!».

Прычым многія мае аднакашнікі — і інстытуцкія, і інтэрнатаўскія — нейкім чынам увайшлі ў гэты цэх. Некаторыя як бізнесоўцы, некаторыя як лабісты: бо асноўны актыў алімпійскіх чэмпіёнаў і чэмпіёнаў свету — доступ да былых уладаў, да ЦК КПСС. Трапіць на паток тавараў — тая перавага, якая ў іх ўзнікала. Сілавыя спартоўцы — баксёры, барцы — тут жа неяк аб’ядналіся, узялі сабе ў каманду гімнастаў і акрабатаў, пачалі напарсткі катаць, бандытызмам нездаровым займацца — як у тых песнях: «Мы былыя спартсмены, а цяпер рэкардсмены»…

Была такая колькасць «лоховства», некампетэнтнасці ва ўсім — у словах, справах. Усе збіраліся, дзяліліся ведамі, якія хтосьці атрымаў: як лепш, як горш. Быў даволі цікавы час.

«Я ездзіў на шасцісотым мерсэдэсе. Кім я быў, не ведаю»

— Калі і як вы з’ехалі з Беларусі?

— У 1997 годзе я разумеў, што міжнародны гандаль, міжнародныя фінансы магчымыя толькі калі кампанія шырэйшая за межы адной краіны, і трэба навучыцца жыць, працаваць, рабіць бізнес у большай колькасці краін. І наступнай краінай была Расея — відавочна. Я прыехаў у Маскву ў 1997 годзе, зарэгістраваў там кампанію.

Дарэчы, калі я прыехаў у Маскву, мая першая легалізацыя там была ад кампаніі Voestalpine Entertainment Austria, з якой у мяне былі адносіны з 1994 года. Мне трэба было зняць кватэру, арандаваць офіс, і ўсё гэта я зрабіў разам з імі, ад іх імя. Гэта значыць, у першы прыезд у Расею я быў як бы аўстрыец. Мы займаліся тым, у чым разбіраліся — гэта амінакіслоты, бялкі, збожжа, нафтапрадукты, сродкі абароны раслін. І метал.

Потым я зразумеў, што ўжо не хачу ўсё жыццё прадаваць, прадаваць, прадаваць. На пытанне «Што ты робіш?» мне хацелася адказаць што-небудзь такое (самому сабе як мінімум), што будзе выклікаць нейкую [павагу].

Дзесьці ў 1999-2000 годзе я зразумеў, што пры вядзенні бізнесу быць беларусам не ўсюды ўніверсальна для перамоваў, а зручней прадстаўляць універсальную юрысдыкцыю. Улічваючы, што я і так з 1994 года вельмі цесна ўзаемадзейнічаю з нямецкімі і аўстрыйскімі кампаніямі, на адной з сустрэч у Вене віцэ-прэзідэнт аднаго з найбуйнейшых банкаў выступіў з такой ініцыятывай: «Саша, трэба зарэгістраваць кампанію ў Аўстрыі, і інвестыцыйную частку бізнесу, кіраўнічы штаб перанесці ў Аўстрыю». Гэта адпавядае міжнароднай практыцы, што для кампаніі, якая знаходзіцца не ў адной краіне, трэба выбраць тую юрысдыкцыю, якая больш за ўсё падыходзіць для мэты холдынгу, кіравання. І я выбраў Аўстрыю.

У 2001 годзе я зарэгістраваў першае прадпрыемства, ATEC Handels GmbH, і сам туды перасяліўся. І пачаў жыць адначасова ў трох гарадах: Масква, Вена, Менск.

— Вы сябе неяк радавалі ў той перыяд? Машыны, дамы, паездкі па ўсім свеце. Чым вы займаліся? Вось вы зарабляеце вялікія грошы, а ў 1990-х гэта было даволі складана, людзі жылі бедна ў той час.

— Машыны былі. Першую я купіў у 1988 ці 1989 годзе. Мала таго, я купіў машыну, не ўмеючы ездзіць, без правоў, але праехаў увесь Савецкі Саюз, з Узбекістану. Так мне захацелася яе купіць. Першая машына была «Жыгулі» трэцяй мадэлі, потым у 1992-м ці 1993-м я купіў Opel Omega. Потым у мяне быў перыяд Audi 100, а ў 1996-м я купіў сабе новую Audi A6. Яны толькі выйшлі, і былі першыя пастаўкі ў Беларусь. Потым у мяне нават быў у Маскве ў 1998-м «трафейны» Mercedes 600-ы, «лонг», чорны. Гэта быў абавязковы атрыбут: «новы рускі» павінен быў ездзіць на такой машыне. Машына, дарэчы, не вельмі.

— Вы сябе адчувалі «новым русским»?

— Тады ж малінавыя пінжакі ўжо нібыта скончыліся, з’явіліся больш вытанчаныя прыкметы адрознення. Я не ведаю, кім сябе адчуваў, але ездзіў на шасцісотым мерсэдэсе. Кім я быў, не ведаю. Для мяне не было чымсьці першачарговым пытанне дамоў і ўсяго астатняга. Я жыў у Маскве ў дзелавым цэнтры, «Хамераўскім». Была цудоўная кватэра, кавярня, рэстаран, спартзала, басейн. І ў суседнім корпусе офіс, мне гэта вельмі падыходзіла.

— Што вас цешыла? У кожнага чалавека ёсць рэчы, якія яго радуюць. Я ўтрыраваў, калі казаў пра машыны і дамы.

— Сям’я. Так, яна асобна стаіць як першы адказ на гэтае пытанне, а потым усё астатняе. Спорт абавязкова. Вывучэнне Масквы, дзелавога свету… Я вельмі шмат ездзіў. Наогул, у маёй біяграфіі 56 краінаў і 178 гарадоў, пра якія я магу расказаць, што я там рабіў. І я гэты спіс сабе склаў — праўда, у своеасаблівых абставінах, калі была магчымасць нікуды не спяшацца, а сядзець і ўспамінаць. 56 краінаў — гэта нямала.

«Лукашэнку важныя рэйтынгі»

— Пра Лукашэнку. У вас было некалькі асабістых кантактаў з ім, асабістых размоў. Як вы яго ўспрымалі? Якім ён здаўся вам чалавекам, калі вы пачалі з ім размаўляць?

— Я, наогул, усё ўспрымаў [на прадмет таго — Рэд.], шкодна ці карысна гэта для бізнесу. На той момант сустрэчы, якія былі, не шкодзілі бізнесу. Я бачыў, што ў чымсьці яны ажыўляюць магчымасці ў прасоўванні нейкіх пытанняў. Я не глядзеў на яго як на контрагента адносна яго асабістых якасцяў. Мяне цікавіў яго пост. Сустрэча з ім магла палепшыць або пагоршыць пазіцыю. І ўсё.

— Але персанальна? У вас жа было нейкае ўражанне? Лукашэнка харызматычны палітык. Ён зрабіў на вас такое ж уражанне? Ці мог ён сваёй харызмай вашы сімпатыі атрымаць?

— Не ведаю. Натуральна, ён валодае нейкімі якасцямі, якія яму дазваляюць рабіць тое, што ён робіць цяпер. Не ведаю, якім словам гэта правільна назваць, але гэтыя якасці не звычайныя.

— Вы тут не да канца сумленныя. Кожны чалавек пасля сустрэчы з іншым чалавекам мае пра яго ўражанне. Ён выходзіць і для сябе пазначае: вельмі цікавы, жывы чалавек, энергічны. Або: ай, зусім, цьмяныя вочы.

— Жывучасці ў яго хапала.

— А ў цэлым: якую карціну Лукашэнкі вы для сябе намалявалі пасля сустрэчы?

— Шчыра я разумеў, што ён у чымсьці не разбіраецца. Гэта раз. Другое — яму важна, якія ён набірае рэйтынгі ад сустрэчы са мной, А я яму глыбока па барабану.

— Паміж вамі была нейкая сімпатыя?

— Думаю, не.

— Ён нахвальваў вас некалькі разоў. Беларусам пра вас казаў: «Які ж ён аўстрыец, ён жа наш чалавек». А аўстрыйцам, наадварот, ставіў вас у прыклад: «Паглядзіце на «Ялізава» — прыклад супрацоўніцтва беларускага і аўстрыйскага бізнесу».

Ён не рабіў гэтага, каб мяне хваліць. Яму гэта, мабыць, трэба было чамусьці. Гэтыя сустрэчы былі раз на год, раз на два гады адну гадзіну. Такія сустрэчы не даюць эмацыйнай рэакцыі.

Сувязі з Шэйманам?

— Скажыце, вы добра знаёмыя з Яўгенам Чанавым? Ён у нейкі момант быў адным з дырэктараў ATEC. Вы ведаеце, што ён узначальвае «Гардсэрвіс», які называюць фактычна беларускім ПВК «Вагнэр»? І гэтая кампанія цесна звязаная з Віктарам Шэйманам. Гэта значыць чалавекам, які быў па спецзаданнях у Лукашэнкі. З 2001 па 2004 год Чанаў быў адным з дырэктараў, уладальнікаў ATEC Handelsgesellschaft — кампаніі, якая і купіла кантрольны пакет «Ялізава», і Чанаў працаваў на «Ялізава».

— Досыць добра, але я ўпершыню чую, што ён чалавек Шэймана. Тады ён дакладна ніякіх кантактаў з Шэйманам не меў. Прынамсі, я пра гэта нічога не ведаў. Наогул, у кампаніі адпрацавала некалькі тысяч чалавек. У ліку іх такі персанаж, як Яўген Чанаў. Мне цікава пачуць, што ён звязаны з ПВК. Потым пагляджу, дзе пра гэта можна даведацца.

— Вы сказалі, што ён, хутчэй за ўсё, прынамсі, на той момант, не быў чалавекам Віктара Шэймана. Але вельмі складана не заўважыць, што ў вас і вашых партнёраў, ці людзей, якія з вамі працуюць, ёсць нейкая асаблівая сувязь з Віктарам Шэйманам. Акрамя Чанава гэта, напрыклад, Яўген Жоўнер, які працаваў на прадпрыемствах, якія належалі ATEC: «Еліпак», «Мотавела». Цяпер Жоўнер у шэйманаўскім «Глобал Кастаме». З сынам Шэймана ён ствараў кампаніі ў Зімбабвэ, якія здабываюць золата. Сяргей Аношка працаваў з вамі і на «Ялізава», і на «Мотавела». Таксама цяпер звязаны з кампаніяй «Глобал Кастам» Шэймана. Аношка разам з Віктарам Шэйманам мінімум пяць разоў лётаў прыватным бізнес-джэтам у Арабскія Эміраты, у Афрыку, у Лацінскую Амерыку. І гэта ў перыяд 2010-2013 гадоў. Вас гэтыя сувязі не здзіўляюць?

— Калі б гэтыя сувязі нейкім чынам прадстаўлялі маю цікавасць ці нейкую сувязь, верагодна, я крыху лепшыя б атрымаў умовы ўтрымання ў турме і ў калоніі, але гэтыя сувязі ніяк не выявіліся.

— Вы былі знаёмыя з Шэйманам?

— З Шэйманам у мяне не было ніводнай асабістай сустрэчы.

Каментары2

  • ліжы лёжа лыжы
    31.03.2024
    сціпны ціп. чаму не распавёў, як мудзішчава на куроты ў аўстрыю вазіў, калі яно там капыты паламіла?
  • Правдоруб 54
    31.03.2024
    А в Австрии ентот "бизнесмен" делает дела теми же методами?)....

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?22

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?

Усе навіны →
Усе навіны

Зборная Беларусі прайграла Паўночнай Ірландыі і згубіла шанец заняць першае месца1

Выбірайце пупочныя апельсіны — яны смачнейшыя!5

Зорка амерыканскага серыяла рашыла не вяртацца ў ЗША пры Трампе6

Z-блогер «Трынаццаты», які крытыкаваў Мінабароны і Крэмль, замест суда паедзе на вайну3

Зяленскі: З Трампам вайна скончыцца хутчэй4

Пратэстоўцы ў Абхазіі запатрабавалі адстаўкі прэзідэнта. Той адмовіўся3

У 39 гадоў загінуў начальнік аддзела па раскрыцці цяжкіх злачынстваў УУС Брэсцкага аблвыканкама21

Пасяджэнне парламента Новай Зеландыі было сарвана рытуальным танцам дэпутатаў ВІДЭА8

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?22

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?

Галоўнае
Усе навіны →