Расійская армія развівае наступ у Данецкай вобласці. Украінскія вайскоўцы адчайна спрабуюць стабілізаваць фронт
Пасля прарыву фронту ў Данецкай вобласці расійскія войскі захапілі яшчэ адно сяло — Новабахмутаўка.
Тым часам украінскія вайскоўцы адчайна спрабуюць стабілізаваць фронт. Паводле інфармацыі аналітыкаў праекту Deep State, атрымоўваецца ў іх гэта толькі часткова, піша Bild.
Цяпер, як мяркуе ваенны аглядальнік Bild Юльян Ропке, галоўная надзея для ўкраінскай арміі — гэта паступленне новага ўзбраення, у тым ліку боепрыпасаў для заходняй высокадакладнай зброі.
На відэазапісах, зробленых у Польшчы, бачна, як дзясяткі бронетранспарцёраў «Брэдлі» чакаюць на стаянцы перавозкі праз мяжу.
Пасля рашэння аб наданні дапамогі Кіеву ў Кангрэсе ЗША Украіна стала выкарыстоўваць значна больш ракет М30 для знішчэння расійскіх сістэм залпавага агню і зенітных сістэм на адлегласці да 80 кіламетраў за лініяй фронту. Хутчэй за ўсё, гэта сведчыць аб тым, што УСУ абяцаны сотні новых ракет у бліжэйшыя некалькі дзён.
Паралельна з гэтым украінскае войска наносіць масіраваныя ўдары па расійскай нафтавай прамысловасці. Асабліва пацярпела Смаленская вобласць, дзе пасля атакі дронаў загарэлася нафтабаза «Раснафты» і помпавая станцыя.
Яшчэ адзін украінскі БПЛА ўрэзаўся ў нафтабазу ў Варонежскай вобласці. Акрамя таго, пацярпеў трактарны завод у Ліпецку, які вырабляе важныя камплектуючыя для ваеннай бранятэхнікі ВС РФ.
Каментары