Яна была ў нацыянальным руху з 2006 года. У 2020-м яна была вымушаная пакінуць Беларусь і аказалася ва ўкраінскай Бучы.
Памерла грамадская актывістка Вольга Жураўлёва, паведамілі ў сацсетках яе сябры. Падрабязнасці смерці не называюцца. Вользе было 33 гады.
Вольга прыйшла ў дэмакратычны рух у 2006 годзе. Яна казала, што пабачыла на сцяне кантакты «Зубра», пазваніла і ўсё завярцелася. Потым былі «Малады фронт», «Альтэрнатыва», АГП, «Гавары праўду». Вольга брала ўдзел у розных акцыях.
30 мая 2014 года яна выйшла на Кастрычніцкую плошчу Мінска з плакатам «Смерць крамлёўскім акупантам!» у знак пратэсту супраць падпісання ў Астане дамовы аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза. Яе затрымалі, але вечарам адпусцілі: у яе быў малалетні сын.
У 2020 годзе Вольгу затрымалі за допісы ў сацсетках, запісалі відэа. Яна вымушана была пакінуць Беларусь. Жыла ў Бучы пад Кіевам, якая потым стала сімвалам расійскіх злачынстваў ва Украіне.
«Буча — гэта быў свой свет (да вайны) з цёплымі, харошымі людзьмі», — згадвала яна пра сваё жыццё ва Украіне.
Пасля пачатку вайны ва Украіне яна перабралася ў Польшчу. У яе было двое дзяцей.
У чэрвені 2022 года Вольга Жураўлёва дала інтэрв'ю Іллі Дабратвору.
Каментары