Грошы на забойства расійскага лётчыка ў Іспаніі, які перагнаў ва Украіну верталёт Мі-8, перадалі расійскія дыпламаты
Да аперацыі маглі быць датычны расійскія шпіёны ў Аўстрыі, піша The Wall Street Journal. Выданне называе Вену новым шпіёнскім цэнтрам Расіі ў Еўропе.
За апошнія два гады колькасць расійскіх дзяржаўных служачых у Аўстрыі павялічылася да 500 чалавек, больш за палову з якіх складаюць дыпламаты і адміністратары. Паводле ацэнак прадстаўнікоў аўстрыйскай разведкі, да паловы з іх з'яўляюцца шпіёнамі.
У цяперашні час Вена з'яўляецца базай для расійскіх таемных аперацый, уключаючы фінансаванне забойстваў, дыверсій і вярбоўкі па ўсёй Еўропе, а таксама прамысловага шпіянажу і аперацый па аказанні ўплыву, лічаць крыніцы WSJ.
Адна з аперацый, да якой лічаць датычнымі расійскіх шпіёнаў у Аўстрыі, — забойства пілота Максіма Кузьмінава, які перагнаў расійскі вайсковы верталёт Мі-8 ва Украіну, а пасля жыў у Іспаніі. Там яго і забілі — выпусцілі ў мужчыну шэсць куляў на паркоўцы, а затым пераехалі яго на пазадарожніку. Як паведамляюць заходнія службы бяспекі, кілерам заплацілі наяўнымі, якія перадалі расійскія дзяржаўныя службоўцы з Вены.
Са слоў прадстаўніка аўстрыйскай разведкі, Расія адпраўляе вялікія аб'ёмы наяўных грошай на аўто ў суседнія краіны, такія як Літва. Адтуль расійскія дыпламаты ў Аўстрыі перапраўляюць іх па Еўропе, часта ў дыпламатычнай пошце, якую паліцыя не можа праверыць.
Каментары
Якую выснову робіць літоўскае ГБ з гэтай навіны? Правільна! - Яшчы больш абмежаванняў для беларусаў!