Міжнародны алімпійскі камітэт дапусціў яшчэ чатырох беларускіх спартсменаў да ўдзелу ў Алімпіядзе ў Парыжы ў нейтральным статусе. Запрашэнні атрымалі плыўцы Аліна Змушко, Ілля Шымановіч і Анастасія Шкурдай, а таксама тэквандыст Георгій Гурцыеў. На сайце МАК не пазначана, ці прынялі гэтыя спартсмены запрашэнні.
Агулам МАК накіраваў запрашэнні 23 беларускім спартоўцам. Шасцёра з іх — Ягор Акуліч, Уладзіслаў Казлоў, Дзмітрый Зарубскі, Віялета Рэбікава і Крысціна Сазыкіна (усе — барацьба) і тэнісістка Арына Сабаленка — адмовіліся ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях.Тэнісістка Вікторыя Азаранка таксама, як выглядае, не будзе ўдзельнічаць у Алімпіядзе.
Раней пацвердзілі свой удзел у Гульнях весляры Яўген Залаты і Тацяна Клімовіч, стралкі Дар’я Чупрыс і Аляксандра Пятрова, тэнісістка Вікторыя Азаранка, Ганна Церах (шашэйныя велагонкі), Іван Літвіновіч і Віялета Бардзілоўская (скачкі на батуце), Сюзана Валадзько і Яўген Ціханцоў (цяжкая атлетыка), а таксама Абубакар Хаслаханаў (барацьба), Уладзіслаў Кравец і Юлія Трушкіна (веславанне на каноэ).
Каментары