Трое грамадзян ЗША, вызваленых падчас вялікага абмену з Расіяй, выйшлі з самалёта на авіяабазе Эндрус пад Вашынгтонам і пасля доўгага расстання сустрэліся з роднымі, піша Бі-бі-сі.
Першым выйшаў былы марскі пехацінец Пол Уілан, якога ў Расіі пасадзілі па абвінавачванні ў шпіянажы – ілжывым, як заяўляе сам Уілан і амерыканскія ўлады.
Яго сустракалі прэзідэнт Джо Байдэн і віцэ-прэзідэнт Камала Харыс. Уілан аддаў гонар Байдэну і паціснуў абодвум рукі.
Затым выйшаў журналіст газеты Wall Street Journal Эван Гершковіч, якога расійскія ўлады арыштавалі ў звычайнай камандзіроўцы і таксама абвінавацілі ў шпіянажы. Паціснуўшы рукі Байдэну і Харыс, ён упершыню пасля паўтара года ў турме змог абняць маму і тату. Акрамя іх, Гершковіча сустракалі некалькі калег.
Апошняй выйшла Алсу Курмашава — рэдактар «Радыё Свабода», грамадзянка і Расіі, і ЗША, якую арыштавалі ў Маскве і асудзілі перад самым абменам за т. з. «ваенныя фэйкі». Яна таксама паціснула рукі Байдэну і Харыс і кінулася да мужа і дочак.
Вызвалены падчас абмену палітык, сябар і паплечнік Аляксея Навальнага Ілля Яшын апублікаваў у сваім фэйсбуку фатаграфію з паплечнікамі, якія сустрэлі яго ў Германіі.
Увечары вызваленыя падчас абмену расейцы прыляцелі ў Нямеччыну, у Кёльн, але да тых, хто іх сустракаў, не выйшлі, і з'явілася інфармацыя, што яны будуць адпраўленыя ў шпіталь на абследаванне і каранцін.
Каментары