На волю па памілаванні выйшла палітзняволеная прадпрымальніца Вікторыя Гаўрыліна
Маці дваіх дзяцей была прысуджана да 3 гадоў і 3 месяцаў калоніі.
Пра вызваленне Вікторыі Гаўрылінай у эфіры праграмы прапагандыста Рыгора Азаронка паведаміў Юрый Васкрасенскі.
«У яе сур'ёзны быў тэрмін. Некалькі артыкулаў. У тым ліку 243, нявыплата падаткаў. Ёй сядзець і сядзець яшчэ… Гады з два, не менш», — заявіў Васкрасенскі, сказаўшы, што сваякі Вікторыі забралі яе з калоніі «з хвіліны на хвіліну».
41-гадовая Вікторыя Гаўрыліна — прадпрымальніца, танцорка, маці дваіх дзяцей.
Паводле звестак «Вясны», яна была ўзятая пад варту 27 студзеня 2023 года паводле абвінавачвання ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці за ахвяраванні паводле арт. 361-2 КК, а таксама паводле абвінавачвання ва ўхіленні ад выплаты падаткаў паводле арт. 243 КК і незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальных звестак паводле арт. 203-1 КК.
Разам з Вікторыяй быў затрыманы яе муж Дзмітрый, які адбыў 30 сутак адміністрацыйнага арышту і быў адпушчаны на волю. Дзмітрый — дырэктар Гомельскага маторарамонтнага завода, вакаліст этна-гурта «Бан-Жвірба».
Судзіў Вікторыю Гаўрыліну ў Гомельскім абласным судзе суддзя Анатоль Сотнікаў, працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
18 верасня 2023 года быў вынесены прысуд па крымінальнай справе Вікторыі. Суд прызнаў яе вінаватай у выдзяленні грашовых сродкаў для заведамага забеспячэння дзейнасці экстрэмісцкага фармавання, наўмысных незаконных зборах і наданні інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных іншай асобы без яе згоды.
Ёй было прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 3 гады і 3 месяцы з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам у памеры 100 базавых велічынь.
Каментары