Грамадства55

Як мінімум 14 чалавек затрыманыя за палітыку ў рабочым пасёлку Ялізава

«Наша Ніва» атрымала інфармацыю, што на гэтыя выхадныя сілавікі зладзілі рэйд у пасёлку Ялізава пад Асіповічамі. Колькасць ахвяр хапуна ў адным населеным пункце з 2000 жыхароў, далёкім ад эпіцэнтраў пратэсту, дае магчымасць уявіць колькасць затрыманых у маштабе краіны. 

Ялізава. Фота: Wikimedia Commons

Адносна таго, колькі чалавек схапілі ў пасёлку шклозавода, інфармацыя разыходзіцца, але называецца лічба як мінімум 14 чалавек.

У людзей шукалі падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы. 

Частка людзей застаецца пад вартай, як мінімум дзвюх жанчын адпусцілі да суда. 

У Ялізаве ніколі не было ані арганізаваных структур апазіцыі, ані незалежных грамадскіх арганізацый, у пасёлку жыве вобмаль інтэлігенцыі. Гэта тыповы рабочы пасёлак Усходняй Беларусі. Тут ніколі не было значнай пратэставай актыўнасці, але ў 2020-м і тут людзі ўсталі ланцугом уздоўж шашы, пратэстуючы супраць фальсіфікацыі выбараў і прыцяснення народу.

Не выключана, што ў эпіцэнтрах пратэсту 2020-га працэнт затрыманых у рамках перадвыбарчай спецаперацыі можа быць яшчэ большы, чым у Ялізаве.

Апошнімі днямі інфармацыя пра аблавы і затрыманні прыходзіць з розных рэгіёнаў краіны. У «Нашай Нівы» ёсць інфармацыя пра шматлікія затрыманні 31 кастрычніка ў Мінску, Бараўлянах і Гомелі, праваабаронцы паведамлялі таксама пра ператрусы ў Смаргоні і Ваўкавыску. Раней надыходзіла інфармацыя пра хапуны па чарзе ў раёнах Мінскай вобласці, а таксама ў Гродне. Трэба меркаваць, што хваля затрыманняў коціцца з аднаго канца краіны ў другі.

Стала вядома, што супрацоўнікі КДБ з розных гарадоў узялі на ўзбраенне новую стратэгію — перад самым затрыманнем у чалавека адключаюць мабільную сувязь праз аператара.

Таму, калі мабільная сувязь рэзка знікла і няма доступу да сеткі — то з вялікай доляй імавернасці ў бліжэйшыя хвіліны да чалавека могуць прыйсці сілавікі.

Раней «Нашай Ніве» стала вядома, што перад сілавікамі пастаўленая задача «прафілактаваць» усіх, хто можа пратэставаць перад выбарамі ці ў час галасавання.

Складзеныя спісы тых, хто падлягае прэвентыўным вобшукам і затрыманням, так званыя «першы і другі спісы». У «першы спіс» уваходзяць усе тыя, хто раней быў асуджаны па адміністрацыйных ці крымінальных артыкулах. У «другі спіс» уваходзяць людзі, якія раней не прыцягваліся да адказнасці па палітычных матывах, але якія лічацца патэнцыйна нелаяльнымі, палітычна актыўнымі.

Прыходы да людзей з першага спісу мелі пачацца ўжо ўвосень — і сапраўды пачаліся. Аднак найбольш інтэнсіўныя рэпрэсіі запланаваныя на снежань—студзень — бліжэй да дня галасавання. «Каб ніхто і не піскнуў перад выбарамі», — цытуе прысутны на адной з перадвыбарчых нарад у рэгіёнах.

«Калі ў чалавека ў тэлефоне няма падпісак — падпісаць. Калі трэба — прынесці сцяг і сфатаграфаваць у кватэры», — цытуе атрыманыя ўказанні іншы чалавек.

Акрамя таго, перад выбарамі мае адбыцца «адпрацоўка прадпрыемстваў» — гэта значыць, дэманстратыўная праверка тэлефонаў і затрыманні на працоўных месцах. Мяркуючы па нашай інфармацыі, спіс такіх устаноў і заводаў ужо вызначаны.

Задача сілавікоў — каб выбары прайшлі «без найменшых інцыдэнтаў», гэта значыць, каб ніхто нават не спрабаваў вывесіць пратэставыя ўлёткі, запатрабаваць празрыстага падліку галасоў ці публічна выступіць супраць кандыдатуры Аляксандра Лукашэнкі.

Калі вы ведаеце пра тое, што здарылася, больш, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ ці на [email protected]. Або любому рэдактару ці журналісту «Нашай Нівы», якога ведаеце асабіста. Важна каб свет ведаў пра тое, што вырабляюць з беларусамі.

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года. Тады Аляксандр Лукашэнка прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу.

Па словах генеральнага пракурора Андрэя Шведа, толькі да кастрычніка 2023 года было заведзена больш за 16 тысяч крымінальных спраў «экстрэмісцкай скіраванасці», гэта значыць, палітычнага характару. За апошні год былі заведзеныя дадаткова яшчэ тысячы крымінальных спраў.

Згодна з інфармацыяй Паўла Латушкі, прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета, з 2020 года рэпрэсіі закранулі 136 тысяч чалавек. Некалькі соцень тысяч беларусаў вымушаныя былі пакінуць краіну.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары5

  • Ганьба
    01.11.2024
    Офіс, харэ візітаў - стварайма войска!
  • Узброены
    01.11.2024
    Беларусам трэба пачынаць дзейнiчаць жорстка i самiм застрашваць пуцiнскiх, i не слухаюць розных агентаў, якiя трызняць пра толькi мiрнае змаганне - гэта значыць быць вечнымi авечкамi i ахвярамi.
  • .
    01.11.2024
    Каментатары, хопіць каментаў і інфантыльных прэтэнзій да кагосьці іншага - стварайце самі, калі можаце.
    Годныя людзі падключацца.
    А знішчаць дыпламатычны напрамак офіса, які працуе, было б неразумна.

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»1

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»

Усе навіны →
Усе навіны

Дубль Аляксея Протаса забяспечыў «Вашынгтону» перамогу над «Лос-Анджэлесам»

СМІ расказалі пра даўгі беларускага блогера Улада Бумагі па расійскіх падатках2

Трамп пагражае вярнуць Панамскі канал пад кантроль ЗША. Панама выключае такую магчымасць7

Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю9

Брытанскі блогер, які змагаўся за беларускі ДНЖ і хадзіў да Кубракова, усё ж выехаў з Беларусі. Выпусцілі не з першай спробы16

Шрайбман адказвае, ці могуць перамовы па Украіне прайсці ў Беларусі11

Трамп заявіў, што чакае сустрэчы з Пуціным, каб хутчэй скончыць вайну ва Украіне15

Блогер паказаў, як выглядае найгоршая шаурма ў Мінску3

На вакзале ў Варшаве памёр беларус22

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»1

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»

Галоўнае
Усе навіны →