Малдаўскіх выбаршчыкаў з Расіі вязуць галасаваць у Мінск аўтобусамі і самалётам
Расійскія і беларускія СМІ масава публікуюць кадры з грамадзянамі Малдовы, якія прыбываюць з Расіі ў Мінск і Баку для галасавання ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў сваёй краіны, звярнуў увагу Reform.news.
Прапагандысты заяўляюць, што людзі прыехалі і прыляцелі «за свой кошт» і гэтае рашэнне «вымушанае», выкліканае «дэфіцытам» выбарчых участкаў у РФ. Людзі, якія прыбылі, сцвярджаюць, што асцерагаліся недахопу бюлютэняў у Маскве. Адна з жанчын кажа, што 3-4 аўтобусы наняла дыяспара.
«Учора ўвечары грамадзяне Малдовы, якія знаходзяцца ў Маскве і іншых рэгіёнах Расіі, адправіліся за свой кошт у Баку, Мінск і Кішынёў, каб аддаць свае галасы. Гэта вымушанае рашэнне — адказ на беззаконне з боку дзейных уладаў Малдовы, якія адкрылі толькі два выбарчыя ўчасткі ў Расіі. Гэтыя ўчасткі не змогуць змясціць усіх ахвотных прагаласаваць», — піша агентцва «Мінск-Навіны».
«Sputnik Беларусь» публікуе кадры з салона самалёта з людзьмі, якія дэманструюць на камеру пашпарты Малдовы.
«Да жыхароў Малдовы, якія жывуць у Беларусі і прыехалі з Курска, якія стаяць у чарзе перад амбасадай Рэспублікі ў Мінску, з Масквы вылятаюць сотні суграмадзян, якім няма дзе галасаваць», — такім каментаром суправаджаецца відэа.
«Каля амбасады паставілі фуд-корт і ўключылі народную музыку, — піша рэсурс. — Сагрэцца ля амбасады людзям прапануюць актывісты БРСМ, якія раздаюць гарачую гарбату і піражкі».
Паводле інфармацыі «Мінск-Навін» на 10:20 у чарзе каля амбасады стаялі «каля 200 чалавек». Паведамлялася, што людзі прыехалі з Масквы, Калінінграда, Курскай і Белгародскай абласцей Расіі.
Некаторыя прыбылі ў Мінск з дзецьмі.
«Мы прыехалі на трох аўтобусах — у кожным каля 50 чалавек», — расказалі Аліна і Нэлі.
Для галасавання ў Мінску надрукавана 2 тысячы бюлетэняў, у Маскве — 10 тысяч.
У Баку і ў Мінску адкрыта па адным выбарчым участку ў будынках пасольстваў Малдовы. У Расіі працуюць два ўчасткі — у будынку пасольства Малдовы ў Маскве.
NewsMaker.md звярнуўся па каментар аб становішчы на выбарчых участках у Мінску і Баку ў МЗС Малдовы.
«Мы вітаем рост цікавасці выбаршчыкаў за межамі краіны да сённяшніх выбараў. Супрацоўнікі выбарчых участкаў кіруюць сітуацыяй у адпаведнасці з нормамі», — заявіла прэс-сакратар МЗС Ліліяна Барбарошы.
Падчас першага тура прэзідэнцкіх выбараў у Малдове расійскія рэсурсы публікавалі кадры з чэргамі да выбарчых участкаў у Маскве. Міністэрства замежных спраў Малдовы заявіла, што яны былі створаныя штучна з дапамогай «спробаў незаконнай арганізацыі перавозкі выбаршчыкаў да выбарчых участкаў».
«У працэсе падрыхтоўкі да выбараў мы звярнулі ўвагу расійскіх уладаў на спробы некаторых арганізацый арганізавана дастаўляць грамадзян да выбарчых участкаў у нашай амбасадзе ў Маскве. Такім чынам, мы лічым, што чэргі на двух выбарчых участках у Расіі былі створаныя штучна з мэтай перашкодзіць выбарчаму працэсу. У сувязі з гэтым мы зноў звяртаем увагу расійскіх уладаў і любых арганізацый на недапушчальнасць незаконнай транспарціроўкі выбаршчыкаў да ўчасткаў», — падкрэслівалі ў МЗС.
«Адзначаем, што ўчасткі ў Маскве забяспечаныя максімальнай колькасцю выбарчых бюлетэняў — 5000 для кожнага ўчастка. Рашэнне адкрыць выбарчыя ўчасткі ў Расійскай Федэрацыі толькі ў будынку амбасады было прынята з-за немагчымасці забяспечыць у іншых гарадах і месцах усе патрабаванні бяспекі, каб гарантаваць адсутнасць пагроз для нашых грамадзян, якія прыйдуць галасаваць, і для работнікаў выбарчых камісій, якія забяспечваюць арганізацыю працэсу», — дадалі ў ведамстве.
Сёння ў Малдове праходзіць другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Кандыдатамі выступаюць дзейны прэзідэнт Мая Санду і былы генеральны пракурор Малдовы Аляксандр Стаяногла.
Каментары