Рэжысёр Андрэй Гнёт, якога з Сербіі хацелі дэпартаваць у Беларусь, у канцы кастрычніка нарэшце змог пакінуць Сербію — праз год пасля затрыманні. Каб гэта атрымалася, дэмакратычныя сілы вялі перамовы ў тым ліку з адміністрацыяй прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча. Дарадца Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі расказаў «Нашай Ніве», як гэта выглядала.
Дзяніс Кучынскі апісвае, што, каб вызваліць Гнёта, працавалі адразу па некалькіх кірунках. Першы — юрыдычны (да справы падключыліся сербскія адвакаты, беларускія юрысты Ганна Маціеўская, Марыя Колесава-Гудзіліна, каманда юрыстаў Офіса Ціханоўскай — у прыватнасці Лявон Марозаў). Другі — міжнародна-палітычны (сустрэчы з партнёрамі беларускіх дэмсілаў з розных краін, каб прыцягнуць больш увагі да сітуацыі). Трэці — сербскі (праца непасрэдна з адміністрацыяй прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча).
Першы кантакт з Вучычам у Ціханоўскай быў у ліпені на саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці.
«І падчас гэтай сустрэчы прэзідэнт Сербіі даў ведаць, што ён сочыць за справай і шукае пэўнае вырашэнне», — кажа Кучынскі.
Другая важная сустрэча адбылася ў рамках Геасамблеі ААН у верасні. Каманда Ціханоўскай бачыла, што ў праграме ёсць супольныя вячэры, дзе будзе Вучыч. Загадзя даслалі камандзе Вучыча ліст. Наладзіць камунікацыю дапамог Алекс Сораса (сын мільярдэра і філантропа Джорджа Сораса) — ён падзяліўся блізкім кантактам у адміністрацыі Вучыча. «Другі чалавек у Сербіі», — апісвае той кантакт Кучынскі.
Аднак на вячэры сустрэцца не атрымалася. Тады Дзяніс Кучынскі застаўся ў Нью-Ёрку на прыём Сораса, каб пабачыцца з тым чалавекам.
«Тады я ўпершыню ад каманды Вучыча пачуў, што Гнёта не выдадуць рэжыму Лукашэнкі. І мы дамовіліся, што паспрабуем знайсці супольнае рашэнне», — згадвае Кучынскі.
Па яго словах, была інфармацыя, што Андрэя Гнёта могуць выпусціць раней, напачатку кастрычніка. Але ў выніку спатрэбілася больш часу.
«З таго, што сербскі бок абяцаў, усё так было і зроблена», — адзначыў Дзяніс Кучынскі.
Ён падсумоўвае: дыпламатыя працуе.
«Нават нягледзячы на адрозненні ў палітычных поглядах, якія, безумоўна, існуюць з Сербіяй, чалавечыя стасункі могуць ратаваць жыцці».
Учора Дзяніс зноў размаўляў з камандай Вучыча і падзякаваў ім за супрацу.
«Зразумела, што рэсурс Офісу абмежаваны, але каманда Ціханоўскай працягне і надалей дапамагаць беларусам. Мы сваіх не кідаем — кейс Гнёта гэта чарговы таму прыклад», — дадае Кучынскі. Ён згадвае, што раней Офіс падключаў свае кантакты, калі ў тайскую турму трапіў гурт Бі-2, а таксама калі беларусаў затрымлівалі ў Арменіі.
Каментары
Колькі ж рэсурсаў выкідваецца на вецер замест таго, каб сапраўды скіроўваць на беларускую справу!