Дызайнер кнігі «Беларускі эратычны фальклор»: Беларусы заўсёды давалі жару па поўнай ФОТЫ
Выданне цяпер прадаецца з налепкай «18+».
Як і чакалі стваральнікі кнігі, інтэрнэт падзяліўся на два лагеры. Першаму — мала эротыкі, другому — замнога.
Каардынатар выдання Глеб Лабадзенка раіць асабліва ўражлівым звярнуць увагу на налепку і проста адкласці кнігу ў бок. Хаця калі да зместу яшчэ можна прычапіцца — маўляў, парнаграфія, — то ў фота наўрад ці хтосьці здолее знайсці крамолу.
«Ці не займаемся мы распустай? Вядомыя даследчыкі XIX ст. не лічылі эратычны фальклор распустай. Яны падыходзілі да яго не як да атракцыёну, а як да часткі народнай спадчыны, якую трэба вывучаць, разглядаць з розных бакоў», — каментуе Глеб Лабадзенка.
Насамрэч, у кнізе нічога новага, акрамя здымкаў, няма. Усё гэта ўжо друкавалася раней — ад арыгінальных кніг ХІХ стагоддзя да аднайменнага зборніка, які выйшаў 10 гадоў таму. Сёлетняе выданне — фактычна выбарка найлепшага з той кнігі. Пад новай вокладкай сабраныя запісы даследчыкаў XIX ст. Міхала Федароўскага, Мікалая Нікіфароўскага, Паўла Шэйна, Яўгена Ляцкага, Севярына Малевіча, Адама Гурыновіча. Асобны раздзел — запісы Рыгора Барадуліна, які збіраў эратычны фальклор усё жыццё.
«Я калісьці запытаўся ў Барадуліна, чаму ён так любіць гэтую тэму. Ён сказаў: «Калі хоць кагосьці гэта прыцягне да беларускай мовы, ужо добра». Я таксама так лічу. Каб прывабліваць да мовы, забароненых ці табуяваных тэмаў няма. У інтэрнэце некаторыя пісалі, каб мы спынілі распусту. Я абяцаю не прымушаць гэтых людзей чытаць нашу кнігу», — кажа каардынатар выдання.
І стар, і нядуж,
І крывы на нагу.
А як бачу маладую,
Ашалеўшы бягу.
«Здубавецця» Рыгора Барадуліна
З-за фота выхад кнігі адклалі на два месяцы
Аднак Глеб Лабадзенка лічыць, што затрымка цалкам апраўданая, бо здымкі — самае прыгожае ў «Беларускім эратычным фальклоры». Зрабіў іх фатограф і дызайнер Міхась Аракчэеў.
«Афармленнем кнігі я займаўся на дабрачынных пачатках, — распавядае Міхась. — Калі мне прапанавалі зрабіць фота для «Беларускага эратычнага фальклору», я адразу падумаў, што гэтую тэму нельга здымаць. Але потым пачаў разважаць: а чаму не? Чаму не ўвесці жывых персанажаў, падаць фальклор пад «глянцавай» вокладкай? Гэта якраз тое, што можа прывабіць шырокае кола чытачоў. У тым ліку тых, хто раней не цікавіўся этнаграфіяй ці фальклорам».
У здымках паўдзельнічалі 13 беларусаў, сярод якіх шматразовы чэмпіён свету Віталь Гуркоў. Як заўважае фатограф, усе мадэлі выдатна валодаюць беларускай мовай, таму фотасесія праходзіла цалкам па-беларуску.
«Мы хацелі адысці ад эротыкі ў агульным разуменні, — тлумачыць канцэпцыю здымкаў Міхась. — Былі патрэбныя фота менавіта з беларускім маркерам. З антуражам дапамагло Студэнцкае этнаграфічнае таварыства, і за гэта вялікі дзякуй».
У фальклоры тэма існавала заўсёды, але быў узроставы цэнз
На некаторых фота можна ўбачыць выразныя эратычныя рэчы-сімвалы. Узяць, да прыкладу, ступу і таўкач. Раней гэтыя дзве такія патрэбныя ў гаспадарцы рэчы абавязкова суправаджалі жарцікі, праз якія дзяўчыны пакрываліся чырванню.
«Сталыя людзі не жартавалі на гэтыя тэмы, калі побач прысутнічалі незамужнія дзяўчыны. Пра гэта кажуць этнаграфічныя даследаванні, — распавядае фатограф. — Старыя адразу запытваліся ў маладых дзяўчат, ці замужам яны. І калі дзяўчына была не замужам, тэма хутка зварочвалася».
Ах ты, маменька мая,
А мне сталася бяда.
Я на камені сядзела,
Пару яблычкаў я з’ела.
З чарваточынкай адзін
У жывоціку заныў.
З запісаў Мікалая Нікіфароўскага
Чаму на вокладцы блакітны колер, а не чырвоны
Вокладка кнігі чорна-белая з яркім блакітным акцэнтам.
«Чырвоны і белы — асноўныя колеры беларускага народнага строю. Але падчас падарожжаў па нашай краіне я заўважыў, што ўлюбёны колер беларусаў — блакітны, — упэўнівае Міхась. — Яго сустракаеш усюды: і платы пафарбаваныя ў блакітны колер, і лавы, і вокны, і цалкам хаты. Нават крыжы на могілках і тыя – блакітныя. Больш за тое, чырвоны дадаў бы драматызму, а ён тут непатрэбны».
Раней, да таго, як Міхась пачаў глыбока цікавіцца этнаграфіяй, для яго вобраз беларуса быў падобны на прыгожы музейны экспанат у строі.
«Аднак чым больш чытаеш матэрыялу, тым глыбей разумееш родную краіну. Аказваецца, беларусы заўсёды давалі жару па поўнай, — усміхаецца дызайнер. — Хтосьці называе эратычны фальклор непатрэбным вычварэнствам. Выбачайце, значыцца, гэта трэба забыць назаўсёды? Сваё трэба цаніць. Кожную драбязу, якая засталася. У нас і так шмат чаго за мінулае стагоддзе страчана, разгублена, разбурана. Таму давайце не будзем дзяліць нашу спадчыну на патрэбнае і непатрэбнае».
10 выбраных вершаў з кнігі «Беларускі эратычны фальклор»
Жніця, дзеўкі, жніця,
Кручай спінкі гніця.
Станавіця снапы ў рад,
Павярніця нам хуць зад.
З запісаў Мікалая Нікіфароўскага
Чаму тады не прыйшоў,
Як я жыта жала,
Куды рукі, туды й ногі,
Дагары ляжала.
З запісаў Мікалая Нікіфароўскага
Ой, кум куму
У садочак вядзець.
Ой, кум куме
Агурочак даець.
Ах, кум-кумочак,
Не хачу агурочка,
Не псуй ты майго жываточка.
З запісаў Яўгена Ляцкага
Купала на Йвана!
— Дзе, Купала, начавала?
— Начавала ночку ў зялёным лясочку,
Пад асінкаю з Максімкаю,
Пад арэшкаю з Цярэшкаю,
Пад елкаю ды з дзеўкаю.
З цыклу «Купалле»
Салавей, салавей,
Што на свеце саладзей,
Ці гарэлка, ці мядок,
Ці ў дзеўкі перадок?
«Здубавецця» Рыгора Барадуліна
Марфачка жыта жне,
А Гардзейка вяжаць,
Дажаўшыся да мяжы,
Яна яму кажа:
— Баразёнка вузенька —
Не памесцімся,
Ночка летняя каротка —
Не нацешымся.
З цыклу «Жніво»
— Наляцеў, мамка, шэршань,
Паміж ножачак сеўшы,
Ножкі раскарачыў,
Коскі падкудлаціў.
А я ж думала, мамка, памру,
Аж я гэта вельмі люблю.
З цыклу «Вяселле»
Ой, пайду я кала саду,
Каго найду, то насяду.
Я насяду, сечкі ўрэжу.
Яна крычыць, а я лезу.
Яна крычыць, драпочацца,
А я лезу, бо хочацца.
З запісаў Міхала Федароўскага
Гарманіст у нас адзін,
Мы па разіку дадзім.
Гарманісту трэба даць,
Весялей будзець іграць.
«Здубавецця» Рыгора Барадуліна
Ой, якая я была
У дзеўках інцерэсная,
У дзеўках дзевачку радзіла,
Замуж выйшла чэсная.
Сучасныя запісы
Замовіць кнігу можна ТУТ.
Каментары