У Беларусі ёсць чыноўнік, які на выбарах набірае больш за Лукашэнку. І ён чацвёрты раз ідзе ў парламент!
Спікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка вырашыў пераабрацца ў парламент яшчэ раз. Ён узначальвае ніжнюю палату парламента ўжо 12 гадоў, тры скліканні запар.
Як паведамляе сайт Докшыцкага райвыканама, акруговая камісія зарэгістравала ініцыятыўную групу палітыка.
Калі глядзець на лічбы, з якімі перамагае Андрэйчанка, можна скласціся ўражанне яго шалёнай папулярнасці.
У 2008 годзе выбарчыя камісіі налічылі яму 85,9% галасоў. У 2012 годзе ў пратаколах было напісана, што ў Андрэйчанкі 86,7% падтрымкі. Нарэшце, у 2016 годзе лічбы яшчэ падраслі — аж да 86,8%.
***
Уладзімір Андрэйчанка нарадзіўся ў 1949 у вёсцы Мар’янава Лёзненскага раёна. Скончыў Лужаснянскі сельгастэхнікум (1968), Велікалуцкі сельскагаспадарчы інстытут (1977), Мінскую вышэйшую партыйную школу (1988). Пасля службы ў войску працаваў аграномам. У 1972—1975 — інструктар у Лёзненскім райкаме камсамола, а пасля ў райкаме КПБ. У 1975—1978 — сакратар парткама саўгаса «Адаменкі», у 1978—1981 — старшыня калгаса імя Данукалава Лёзненскага раёна. У 1981—1985 — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі Лёзненскага райвыканкама, у 1985-1987 — старшыня райвыканкама. У 1987—1991 гадах — старшыня Верхнядзвінскага райсавета, першы сакратар Верхнядзвінскага райкама КПБ. У 1991—1994 — намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама па сельскай гаспадарцы, у 1994—2008 — старшыня Віцебскага аблвыканкама. З 2008 — старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Каментары