Улада2222

«Трэба дэлегаваць паўнамоцтвы ўніз»: пасол Савіных пра ўладу, беларусаў у ІД, мову і амбітныя праекты на Дняпры

Андрэй Савіных шосты год працуе паслом у Турцыі, але цяпер сыходзіць з МЗС — вырашыў балатавацца ў дэпутаты.

«У парламенце патрэбны чалавек, з якім МЗС павінна пастаянна быць у кантакце. У нас жа там і камісія ёсць профільная», — казаў Аляксандр Лукашэнка, калі абмяркоўваў з міністрам Уладзімірам Макеем вылучэнне Савіных.

Пакуль яшчэ Андрэй закрывае свае справы ў Анкары і прылятае ў Беларусь момантамі. У адзін з прыездаў ён сустрэўся з журналістам «Нашай Нівы» і расказаў пра дэталі сваёй работы і беларуска-турэцкіх адносін.

Андрэй Савіных. Фота Дар'і Буракінай, Tut.by

«Наша Ніва»: Працаваць паслом у Турцыі — гэта як?

Андрэй Савіных: Дзейнасць пасла ў любой краіне прыкладна аднолькавая: развіццё кантактаў між Беларуссю і Турцыяй, у маім выпадку. Кантакты міжурадавыя, міжпарламенцкія, абмен думкамі з турэцкай экспертнай супольнасцю, каб лепш разумець працэсы ў іх краіне і выкарыстоўваць на карысць — вось такая работа. Мая жонка займалася грамадскай і дабрачыннай дзейнасцю ў рамках арганізацыі, якая аб’ядноўвае жонак дыпламатычных работнікаў.

«НН»: У чым галоўныя дасягненні вашыя і Беларусі за гэтыя 5 год?

АС: Мы наладзілі вельмі даверлівы і сяброўскі дыялог на найвышэйшым узроўні — упершыню ў гісторыі да нас прыехаў прэзідэнт Турцыі. У найбліжэйшы час адбудзецца і візіт кіраўніка Рады па вышэйшай адукацыі, дзе мы будзем гаварыць аб сумесных праграмах і дыпломах. Я перакананы, што абмен студэнтамі — гэта выдатны сродак наблізіцца. Бо я быў паслом пяць год, а чалавек, які атрымае там адукацыю, будзе паслом усё жыццё.

Але, вядома, кожная місія шукае і фінансавых выгад для сваёй краіны. Гандлёвы абарот дасягнуў мільярда даляраў! Канечне, ёсць перакос у бок турэцкага імпарту, і мы шукаем выйсце. А яно можа быць у наступным: частка турэцкага імпарту праходзіць праз лагістычныя цэнтры Беларусі і пастаўляецца далей у Расію і паўночную Еўропу. Звычайна гэта робіцца так: паромам да Адэсы, а потым да нас. Але!

Калі падумаць пра выкарыстанне на Дняпры судоў рака-мора, то можна ўдвая знізіць цану дастаўкі. Такія суды не вельмі вялікага фарватара — каля трох метраў, а Кіеўскае вадасховішча забяспечвае такі фарватар яшчэ кіламетраў на 20 углыб Беларусі. Калі б стварыць у Гомельскай вобласці рачны порт, гэта адкрые вялікія перспектывы, вобласць можа паказаць лідарскі рост ВУП на дзесяцігоддзі. Кошт такога порта — $3—5 мільёнаў, ідэя прапрацоўваецца.

Ёсць і яшчэ адзін погляд: Кітай стварае традыцыйны шоўкавы шлях праз Сярэднюю Азію, Турцыю і далей у ЕС, паралельна ён жа будуе другі шоўкавы шлях, які ідзе праз Казахстан, Расію і Беларусь. І калі б ажыццявіўся гэты праект, то Беларусь і Турцыя злучылі б гэтыя два шляхі.

Удалося разгарнуць таксама зборачную вытворчасць: Турцыя штогод закупляе 80 тысяч трактароў, а сама робіць толькі 60 тысяч. Для нас гэта ніша. Мы ўжо сабралі ў Турцыі некалькі дзясяткаў трактароў, яны цяпер праходзяць сертыфікацыю, і я спадзяюся, што да 2000 трактараў мы зможам збіраць. Цэлыя трактары мы туды пастаўляць не можам, выходзіць дорага, бо ўвозны падатак з Мытнага саюза — 18%. А вось калі пастаўляць дэталі і збіраць там, то атрымліваецца выгадна. Туркі спрыяюць вытворчасці на сваёй тэрыторыі і даюць ільготы.

Вы не паверыце, які рынак мы знайшлі — паставілі тры машыны снегаўборачнай тэхнікі Амкадора! Хаця Турцыя ўспрымаецца як сонечная паўднёвая краіна, на паўночным усходзе раскінуліся тэрыторыі на вышыні 2 кіламетраў, дзе зімой аж да -35 градусаў. Там жыве каля 9 мільёнаў чалавек. Прыборка снегу для іх вельмі актуальная, а нашыя машыны ім падыходзяць. Гэтай восенню падаёмся на тэндары.

«НН»: Лукашэнка з Эрдаганам, здаецца, сябры, але пры гэтым Турцыя — сябра НАТА. Як адбываецца ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва?

АС: Калі туркі бачаць, што супраца з Беларуссю ў гэтай канкрэтнай галіне прынясе карысць іх краіне, то яны будуць кіравацца найперш нацыянальнымі інтарэсамі, а не сантыментамі і жаданнем дагадзіць камусьці іншаму. Але, зрэшты, у Беларусі з НАТА ёсць цэлая праграма «Сяброўства дзеля міру», — мы ўдзельнікі не толькі дыскусійных частак, але і нейкіх палявых. І туркаў, канечне, цікавяць нашыя тэхнічныя сістэмы кшталту прыбораў начнога бачання, шлемаў для пілотаў і гэтак далей. Але гэта сфера не публічная, больш я б не хацеў гаварыць ні пра канкрэтыку, ні пра лічбы.

«НН»: Чаму вы навучыліся ад турэцкіх палітыкаў?

АС: Што мяне ў іх захапляе, дык гэта здольнасць дзейнічаць не па інструкцыях, а згодна з адзінай супольнай сістэмай каштоўнасцяў, без узгадненняў выбіраць, часам нават інтуітыўна, правільны шлях для абароны інтарэсаў дзяржавы. Турку не трэба будзе атрымліваць інструкцыі ад вышэйстаячага, ён будзе адразу разумець, у якім кірунку яму дзейнічаць. Вось тут трэба вучыцца: свет робіцца плоскім у плане сістэм кіравання — як можна менш узроўняў у кіраўнічай іерархіі. Тры ўзроўні — гэта ўжо ўсё. Зверху мусіць быць дэлегаванне адказнасці і паўнамоцтваў, мы таксама павінны арыентавацца на сістэму каштоўнасцяў: да якой будучыні мы ідзём і да чаго імкнёмся? Якія каштоўнасці ўзмацняем? Мы павінны разумець гэта, каб эфектыўна працаваць.

«НН»: У туркаў вельмі моцная ідэнтычнасць, мо нам і тут варта павучыцца?

АС: Сапраўды, мяне гэта ўразіла. Калі прыходзіць свята, то яны вывешваюць свае сцягі, у любым горадзе гучыць гімн — і мінімум 60% людзей будуць спяваць. Чаму ў нас не так? Турцыя сфарміравала моцную ідэнтычасць за кошт лозунга, прапанавага Атацюркам: «Спачатку ты грамадзянін, а потым ты турак па нацыянальнасці». Адносна Беларусі для мяне блізкая нейкая ідэалогія тутэйшасці. Тутэйшы — гэта мясцовы, гэта свой. Важна, што ты жывеш на гэтай зямлі, выконваеш мараль і працуеш на карысць, хай гэта будзе падмурак для розных нацыянальнасцяў, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі. Але мова і культура беларусаў гэта важна, гэта носіць сістэмаўтваральны характар — культура большасці насельніцтва. Развіваць яе — святы абавязак усіх нас.

Пытанне, як гэта правільна рабіць? Можна рабіць аміністратыўна-прымусова, як мы ўмеем. Па-мойму, гэта тупікова, бо сучасная глабалізацыя рэальна пагражае ўсім культурам і мовам сярэдніх і малых народаў. Гэта аб’ектыўны працэс. Я ўспамінаю свой візіт у Чыкага ў 1998-м: фенаменальныя ўражанні — служба ў царкве па-беларуску! Усе гавораць па-беларуску, ды як гавораць! Але дзеці… дзеці ўжо амерыканцы. Таму наша задача — стварыць такое асяроддзе, каб валоданне прыгожай беларускай мовай стала прыкметай нейкай элітарнасці, сведчыла пра тое, што чалавек самадастатковы, развіты. Бо, каб зарабляць, трэба ведаць больш моваў, а беларуская — гэта каштоўнасць сама па сабе. Калі створым такое стаўленне ў грамадстве, то культура і мова будуць развівацца, умацоўвацца ў наступных пакаленнях і перадавацца ў будучыню. Калі гэта не атрымаецца, то будзе цяжка.

«НН»: А вы самі гатовы перайсці на беларускую мову? Ваш калега Валерый Варанецкі так і зрабіў, здаецца, прынамсі ў публічнай камунікацыі.

АС: У мяне ёсць праблема: гаварыць так ясна і зразумела, як па-руску, я па-беларуску не магу. Выглядаць невукам не хачу, хачу даносіць усё зразумела. Але пашыраць веды я буду, вядома. Найперш у побытавых умовах.

«НН»: А як вы ставіцеся да існавання БНР? Пасля стагадовага юбілею гэтае пытанне — ужо нейкі маркер, па якім можна вызначыць, наколькі чалавек беларусацэнтрычны.

АС: З гісторыі ніводнага слова выкінуць немагчыма. Калі гэта робіцца, то гэта нейкая палітызаваная пазіцыя. Гісторыя — крыніца нашых урокаў, разумення працэсаў развіцця грамадства: у якіх перыядах і чаму мы можам трапіць у цяжкія абставіны, а калі і чаму трапіць на пікі росту. Я за паважлівае стаўленне да ўсіх перыядаў, а як толькі мы пачынаем селекцыю… Усё ляціць у пекла.

Андрэй Савіных. Фота Дар'і Буракінай, Tut.by

«НН»: Чаму у Турцыі небяспечна працаваць? Вось забілі расійскага пасла, у нашага супрацоўніка стралялі…

АС: На тым мерапрыемстве, калі забілі расійскага пасла, я сам меўся прысутнічаць, але перанеслася пасяджэнне камісіі па турызме, і ў той дзень я паехаў у Стамбул. Мне на пад’ездзе пазванілі і паведамілі, усе дыпмісіі тады былі ў шоку. Але Турцыя — гэта краіна ў складаным рэгіёне, на якой адбіваецца цяжкі лёс рэгіёна і настроі ў ім.

Пра напад на супрацоўніка беларускай місіі ўжо асабліва новага не раскажаш. Гэта быў побытавы канфлікт — ён сутыкнуўся з псіхалагічна неадэкватным былым вайскоўцам. Той стрэліў спачатку ў беларуса, а потым застрэліўся сам. Пры гэтым — парадокс!— раён абсалютна спакойны! Дом нават з аховай, кансьержамі. А гэты чалавек прыехаў на адзін тыдзень да сваёй сястры і збіраўся з'ехаць жыць у Македонію, гэты псіхічны зрыў адбыўся за дзень да яго ад’езду. Гэтая такая рэч, якую не спрагназуеш, гэта лёс.

Здароўе супрацоўніка нашай місіі ўжо палепшылася. Гэта ўсё адбылося за месяц да канца тэрміну камандзіроўкі, у той жа вечар да яго прыехаў міністр замежных спраў Турцыі, мэр Анкары. Калі ён ачуняў і здолеў неяк рухацца, мы яго перавезлі для рэабілітацыі ў Беларусь, цяпер ён тут. Ці ўзмацнялі мы нейкія правілы бяспекі? Усё ж рызыка — гэта частка дыпламатычнай дзейнасці. Мы таму маем правілы паводзінаў, якія б дазвалялі кіраваць сітуацыяй, напрыклад, не прыязджаць у гандлёвыя цэнтры ў час пік, а бліжэй за закрыцця ці толькі пасля адкрыцця. Не быць у цэнтры сходаў і мітынгаў, а назіраць здалёк, бо імаверны тэрарыст будзе шукаць час і месца, калі было больш народу.

«НН»: Дзе вы былі, калі ў Турцыя адбылася спроба перавароту?

АС: Я быў у Мінску. Так выйшла: летам у нас праводзіцца нарада паслоў, усе збіраюцца ў Мінску. І я з Мінска за ўсім гэтым назіраў. Гэтае ўзброенае выступленне было нечаканасцю для мяне, прызнаю. Але і для кіраўніцтва Турцыі таксама. Змоўшчыкі баяліся рассакрэціцца, і таму пачалі раней прызначанага тэрміну, але армія не выйшла ўся.

Самыя буйныя аддзелы: напрыклад, трэцяя армія ў Стамбуле, — падтрымала ўрад, але пасіўна — не выходзячы на вуліцы, каб не было наўпростых сутыкненняў ваенных. І тады на вуліцы выйшлі простыя людзі. Калі я ўбачыў, што народ выйшаў, што ён супраць перавароту, то мае гарачыя сімпатыі аказаліся на баку людзей і законнай улады.

Тут цікава наступнае: часам даводзіцца чуць, што для Турцыі гэта нармальна, калі цывільныя ўлады нешта не так робяць і войска арганізуе рэвалюцыю. Але гэта было ў мінулым. Гэта Атацюрк паставіў войска над палітычнай сістэмай, бо для тагачаснага грамадства, якое толькі набывала пісьменнасць, у тым ліку палітычную, была характэрна сітуацыя, што дэмакратыя прыводзіла да ўзмацнення партый ісламісцкага кірунку, і вось тады войска зусім недэмакратычна і жорстка вяртала ўладу рэспубліканцам. Так было чатыры разы, пакуль не прыйшоў Эрдаган. Ён прыйшоў з лозунгамі дэмакратыі і ўступлення ў ЕС, але прыбраў гэтую функцыю арміі — яе надпалітычны статус, ператварыўшы ў звычайнае войска. Маўляў, яе функцыя — не ўлазіць у палітычныя справы, а абараняць краіну. Частка вайскоўцаў не была згоднай і зладзіла спробу рэваншу, паспрабаваўшы прыбраць Эрдагана. Мне бачыцца гэта так.

«НН»: Побач з Турцыяй неспакойная Сірыя, Ірак. Ці даводзілася вам выцягваць беларусаў з Ісламскай дзяржавы?

АС: ІД — гэта шэрая зона. Людзі, якія трапляюць туды, знаходзяцца на нічыйнай зямлі, і калі гінуць, то пра гэта ніхто не ведае. Мы ж займаліся фактамі, калі трэба дапамагчы жывым людзям. Я сустракаўся з кіраўніком спецслужб Ірака і прасіў даваць інфармацыю аб любых людзях, якія ў ходзе іх аперацый могуць быць апазнаныя як беларусы. Але такіх не было! Быў толькі выпадак, калі грамадзянку Беларусі давялося з дзецьмі даставаць з турмы. Сітуацыя была такая: яна сама з Гродзеншчыны, паехала ў Аўстрыю з двума дзецьмі. Там звязалася з радыкалам і перабралася ў ІД, там нарадзіла трэцяга. Мужа забілі, яе арыштавалі і кінулі ў турму. Дзяцей мы дасталі — яны не вінаватыя ні ў чым, яны цяпер з братам у Беларусі.

Асабліва хачу падзякаваць за дапамогу ганароваму консулу Беларусі ў Багдадзе Маджыду Аль-Кайсі. Цяпер прымаюцца захады, каб дастаць і яе, бо яна ж не ваявала. Пра нейкія іншыя выпадкі я не ведаю.

Зрэшты, звярну ўвагу на такое: а што за краіны сёння крыніцы тэрарыстаў? Кажуць пра Ірак, Афганістан. А атрымліваецца, што пастаўшчыкамі тэрарыстаў становяцца Вялікабрытанія, Бельгія, Францыя, Аўстрыя. Як бы гэта дзіўна ні было. Лік ідзе на сотні людзей. Атрымліваецца, што беларусы, якія з’язджаюць у Еўропу, трапляюць пад уплыў радыкальных ідэй.

Я лічу, што гэта крызіс еўрапейскага мультыкультуралізму: чалавеку хлеба і масла мала, яму яшчэ трэба і нейкія сакральныя сэнсы. Атрымліваецца, што заходняя цывілізацыя гэтых сакральных сэнсаў яму прадаставіць не можа? Яна вельмі добра дае рады матэрыяльнаму забеспячэнню, нашмат горай з філасофскім абгрунтаваннем сэнсу жыцця.

«НН»: Турцыя, здаецца, хіба не самае папулярнае месца адпачынку для беларусаў. Напэўна, яны і трапляюць там у розныя гісторыі…

АС: За год у Турцыі бывае ад 150 да 200 тысяч беларусаў, гэта шмат. І інцыдэнты бываюць, адзінае, што радуе, — п’яных прыгодаў усё меней. Мяне вельмі хвалюе іншае: у год да 10 смярцей! Прагучыць цынічна, але дзве смерці — гэта яшчэ добры год. Такога, каб ніхто не паміраў, яшчэ не было на маёй практыцы.

Звычайна гэта сардэчнікі. Уявіце: людзі едуць у ліпені-жніўні, калі тэмпература ля 40 градусаў, вільготнасць недзе 80%. Чалавек немалады, ляжыць цэлы дзень на сонцы, потым кладзецца спаць, і яго знаходзяць нежывым — сэрца не вытрымлівае. Людзям з праблемамі з сэрцам у спёку ехаць не варта!

Далей: гэта падасца элементарным, але людзі ашчаджаюць на страхоўцы. Плацяць тры даляры, і са сваёй страхоўкай на $10 тысяч нічога не могуць: ні пакрыць выдаткі на лячэнне, як што, ні вярнуцца дадому. Асабліва калі ногі пераламаюць — і такое бывала. А калі аперацыя на сэрца? Калі перакруціць у аварыі? Я праз вас звяртаюся: людзі, рабіце страхоўкі на максімальную суму!

Ну і даводзілася, канечне, людзей даставаць з турмы праз нейкую неасцярожнасць: прыехалі беларускі, пазнёміліся з мясцовымі, паехалі катацца на чужой машыне, адна з нашых села за стырно і зляцела ў кювет. Турак на пярэднім сядзенні загінуў, яна — паўгода ў турме, каласальныя намаганні спатрэбіліся, каб выцягнуць яе! Была цвярозая, іначай бы сядзела доўга. А стырно вывернула, бо нейкая жывёліна выбегла на дарогу.

Таксама часта дэпартуюць беларусаў, якія едуць на работу ў Турцыю ў гасцінічны сектар, — аніматарамі, афіцыянтамі. Безвізавы рэжым у нас на 90 сутак, а далей іх або міліцыя вылічвае, або на зваротнай дарозе гэта выяўляюць.

«НН»: А што самае каштоўнае вы самі адтуль прывезлі? 

АС: Успаміны. Я пражыў там маленькае жыццё.

***

Андрэй Савіных

Нарадзіўся ў 1962 годзе ў Мінску. Скончыў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт.

З 1993 у сістэме МЗС Беларусі. Працаваў у Нідэрландах, Швейцарыі. У 2010-2013 — прэс-сакратар МЗС. З 2013 — пасол у Турцыі.

Каментары22

Стала вядома, чаму пераможца беларускага адбору «Міс Сусвет» не едзе на конкурс. Яна знайшлася ў СІЗА13

Стала вядома, чаму пераможца беларускага адбору «Міс Сусвет» не едзе на конкурс. Яна знайшлася ў СІЗА

Усе навіны →
Усе навіны

Былы памочнік Канапацкай настойвае: у яе быў нямецкі дазвол на жыхарства, таму рэгістраваць яе кандыдаткай нельга40

Польская пракуратура расследуе парушэнні ў візавай праграме для айцішнікаў — ёй карысталіся тысячы беларусаў1

Не толькі Нацбанк. Узламаны рэспубліканскі партал электронных рахункаў-фактур1

Што адбываецца з курсам рубля і ці бегчы беларусам па даляры? Тлумачыць Чалы1

Папулярны сэрвіс для адпраўкі лістоў зняволеным прызналі «экстрэмісцкім»3

Што Пуцін сказаў Шольцу? Версія Крамля3

На кампанію Лукашэнкі ўжо пералічылі больш за 400 тысяч рублёў. У спойлераў грошай няма3

Шольц сазваніўся з Пуціным — дэталі размовы9

Стала вядома, якія дні будуць выходнымі на Новы год

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, чаму пераможца беларускага адбору «Міс Сусвет» не едзе на конкурс. Яна знайшлася ў СІЗА13

Стала вядома, чаму пераможца беларускага адбору «Міс Сусвет» не едзе на конкурс. Яна знайшлася ў СІЗА

Галоўнае
Усе навіны →