Брэсцкая кандыдатка ў тэлевыступе назвала Лукашэнку дыктатарам. І яе знялі з выбараў ВІДЭА
Кандыдатка ў дэпутаты Паліна Шарэнда-Панасюк раскрытыкавала ў тэлеэфіры палітыку Аляксандра Лукашэнкі і назвала яго дыктатарам. Выступ паказалі 21 кастрычніка на тэлеканале «Беларусь-3». А праз дзень кандыдатку знялі з выбараў.
«Учора я яшчэ запісалася на радыё, сёння мелася занесці туды сваю перадвыбарчую праграму. Але мяне запрасілі на пасяджэнне камісіі. Паколькі была занята сваёй праграмай, адправіла сваю давераную асобу. Там быў разыграны марлезонскі балет і сказана, што мяне здымаюць. Прычынай назвалі тое, што ў выступе па тэлебачанні я заклікала да звяржэння ўлады, зрыву выбараў, што быў паклёп на прэзідэнта.
Камісія была проста ў шаленстве. Я так разумею, з Мінску на іх націснулі: маўляў, што гэта ў вас тут робіцца», — расказала «Нашай Ніве» Паліна Шарэнда-Панасюк, якая вылучалася па Брэсцкай-Заходняй выбарчай акрузе №1.
Выступы некаторых кандыдатаў у дэпутаты наогул не прапусцілі на ТБ праз цэнзуру. Як атрымалася, што тут эфір адбыўся?
«Мой выступ быў адным з першых, і яны яшчэ, напэўна, проста не паспелі ўключыць усе свае фільтры, — мяркуе палітык. — Я тэкст папярэдне прыносіла на флэшцы. Работнікі ТБ літаральна за секунду перад запісам прыбеглі з раздрукаваным выступам. Абураліся слову «дыктатар», маўляў, што гэта паклёп, абраза. Я тлумачыла, што гэта паліталагічны тэрмін».
На выбарах кандыдатка прадстаўляе грамадзянскую кампанію «Еўрапейская Беларусь».
Яна кажа, што будзе абскарджваць рашэнне камісіі.
«Гэта поўная праява дыктатуры, што чалавека здымаюць за тое, што ён крытычна выказваецца пра сённяшняе жыццё ў Беларусі. Гэта ў прынцыпе нармальна для любой краіны, калі падчас выбараў актывізуецца палітычнае жыццё. Нічога тут няма крымінальнага», — дзеліцца жанчына.
Каментары