Грамадства

З'явілася відэа смерці Ашурка. Палітвязня трымалі ў ШІЗА

Сцвярджаецца, што 21 мая Ашурак быў знойдзены без прытомнасці дзяжурным кантралёрам папраўчай калоніі №17. Следчы камітэт распаўсюдзіў відэа, складзенае з некалькіх эпізодаў.

На відэа відаць, як 50-гадовы палітвязень хістаецца і падае пры спробе схадзіць у туалет. Далей яму перавязваюць галаву.

Пазней ён падае яшчэ раз.

СК сцвярджае, што пасля другога падзення для аказання дапамогі мужчыну былі выкліканыя работнікі медыцынскай часткі і хуткай медыцынскай дапамогі, але, нягледзячы на праведзеныя медыкамі рэанімацыйныя мерапрыемствы, выратаваць мужчыну не ўдалося.

З-за чаго канкрэтна ён упаў і разбіў галаву — з апублікаванага відэа не зразумела.

Відэа ўяўляюць сабой нарэзку кадраў, незразумела, што было да першага падзення і перад другім. 

Са слоў супрацоўнікаў калоніі, асуджаны, разбіўшы галаву, скаргаў на стан здароўя нібыта не выказваў, нібыта адмовіўся ад дапамогі і шпіталізацыі.

Мяркуючы па надпісе на спіне, Ашурка ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары. Чаму і з якога часу — у паведамленні СК не тлумачыцца.

Раней праблем са здароўем Ашурак не меў, сцвярджаюць яго сваякі і сябры.

Нагадаем, цела 50-гадовага палітвязня Вітольда Ашурка, пра смерць якога паведамілі ў калоніі Шклова ў пятніцу, аддалі сваякам днём у аўторак. Сяброўка сям’і Вольга Быкоўская расказала, што ў Вітольда «забінтаваная галава ад макаўкі да носа, бачны толькі рот».

Палітвязень з Бярозаўкі Вітольд Ашурак, якога 18 студзеня ў Лідзе на закрытым працэсе прысудзілі да 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму, памёр у шклоўскай калоніі. Яму было 50 гадоў. Ашурак быў сябрам Партыі БНФ, каардынатарам руху «За Свабоду», чалавек быў бясконца адданы Беларусі. Апошнія два тыдні ад Вітольда не было лістоў.

У калоніі ў Шклове «палітычным» нашываюць жоўтыя біркі, пісаў з калоніі Ашурак.

«Палітычных тут не бракуе. Так што сумаваць нагоды няма. Тым больш, што адміністрацыя выдала загад мець жоўты колер бірак на адзенні, і таму палітычных можна адрозніць здалёк», — пісаў палітвязень.

Чытайце таксама: Палітвязень Ашурак, які атрымаў 5 гадоў зняволення: Галадранцы і нас хочуць зрабіць галадранцамі

«Што тычыцца мяне, то тэрмін у 5 год я ўспрымаю як адзнаку «выдатна» за тое, што меў гонар падняць паходню паўстання супраць дыктатуры сярод самых лепшых людзей Ліды! Сапраўды, для мяне гэта гонар!» — пісаў Ашурак з калоніі.

Чытайце таксама: Асуджаны на 5 гадоў палітвязень Вітольд Ашурак: Упэўнены, што цягам 2021 года я апынуся на волі

Ашурка судзіў суддзя Максім Філатаў за зачыненымі дзвярыма па двух артыкулах: 364 «Гвалт ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» і 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Па першым артыкуле суд пастанавіў пакараць актывіста чатырма гадамі калоніі, а па другім — двума гадамі і чатырма месяцамі. Шляхам частковага паглынання атрымалася пяць гадоў.

Ашурак нарадзіўся ў 1970 годзе ў вёсцы Агароднікі ля Бярозаўкі. Як і многія іншыя мясцовыя хлопцы, пасля школы ўладкаваўся на шклозавод «Нёман», дзе працаваў выдзьмувальнікам. Працаваў аж да той пары, пакуль завод трохі трымаўся і там плацілі нейкія заробкі. Калі ж у эканамічным плане прадпрыемству стала зусім кепска, то Вітольд адтуль звольніўся.

Пасля гэтага пачаў зарабляць на жыццё будаўнічымі працамі, у яго была брыгада, разам з якой і ездзіў на розныя аб’екты, даязджалі так нават да Століна. Афіцыйна быў непрацаўладкаваны.

Знакавым годам для светапогляду Ашурка стаў 2010, калі праходзілі прэзідэнцкія выбары.

На працягу 2017-2018 гадоў Вітольд Ашурак разам са сваімі паплечнікамі аднавіў між вёскамі Малое Олажава і Мохавічы мемарыял памяці паўстанцам Каліноўскага.

Вітольд быў жанаты больш за дзесяць гадоў, дзяцей у сям’і не было.

Ашурка ўпершыню затрымалі 9 жніўня, у дзень выбараў. Суд пакараў актывіста 20 суткамі: 15 — за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і пяць — за непавагу да суда, адмовіўся ўстаць, калі з’явіўся суддзя. Аднак праз пяць дзён яго адпусцілі, як і амаль усіх тагачасных палітвязняў, што адбывалі адміністрацыйнае пакаранне. Тым не менш, крымінальную справу завялі ўжо тады.

16 верасня Ашурка забралі паўторна, мала таго, што яму заставалася адбыць 15 сутак з мінулага, дык дадалі яшчэ 15 — за ўдзел у мерапрыемствах у Лідзе ў жніўні — верасні. Калі Вітольду заставалася адбыць 2-3 сутак, яго перавялі ў гродзенскае СІЗА па крымінальным артыкуле.

Чытайце таксама: «Татарын, дагестанец і грэк — трое беларускіх нацыяналістаў»: гісторыя палітвязня Вітольда Ашурка

Каментары

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Усе навіны →
Усе навіны

Андрэй Стрыжак абвясціў пра мабілізацыю службы эвакуацыі8

Шведы прадалі мабільнага распрацоўшчыка з беларускімі каранямі больш чым за мільярд даляраў1

Мінчанка расказала, як змагла правезці ежу праз беларуска-літоўскую мяжу9

Лісты палітвязня Вацлава Арэшкі з турмы напісаныя чужой рукой

Трамп выбраў Роберта Кенэдзі-малодшага міністрам аховы здароўя13

У Беларусі прадаюць мёд за 300 рублёў — што за ён?2

«Калі ласка, памры». Нейрасетка з абразамі і праклёнамі накінулася на карыстальніка. Спыталі ў яе, чаму яна раззлавалася31

Па ўсёй Беларусі прайшла хваля затрыманняў сваякоў палітвязняў7

23-гадовы хлопец загінуў у лабавым сутыкненні ў Светлагорскім раёне

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Галоўнае
Усе навіны →