Двое бегемотаў з бельгійскага заапарку падхапілі кавід. Іх змясцілі на каранцін
Двух бегемотаў з бельгійскага заапарка змясцілі на каранцін пасля таго, як іх тэсты на каранавірус аказаліся станоўчымі.
Невядома, як 14-гадовая бегемоціха Імані і 41-гадовы Герміён падхапілі вірус. Аднак работнікі антверпенскага заапарка сцвярджаюць, што жывёлы пачуваюцца добра, у іх толькі насмарк, паведамляе Бі-бі-сі.
У заапарку будуць дзейнічаць узмоцненыя каранцінныя абмежаванні, пакуль бегемоты не ачуняюць, гэта значыць, пакуль іх тэсты на каранавірус не будуць адмоўнымі.
Бегемоты заўсёды маюць вільготныя насы, аднак ветэрынары ў антверпенскім заапарку вырашылі пратэставаць жывёл, калі заўважылі ў іх абодвух насмарк.
У выніку агароджу з жывёламі апячаталі. А работнікаў, якія іх даглядаюць (іх тэсты на кавід былі адмоўнымі), абавязалі надзяваць маскі і акуляры, а таксама дэзінфікаваць свой абутак перад любым кантактам з бегемотамі.
«Наколькі мне вядома, гэта першае зарэгістраванае заражэнне жывел гэтага віду, — сказаў Фрэнсіс Веркамен, ветэрынар заапарка. — Ва ўсім свеце вірус у асноўным назіралі ў малпаў і катоў».
На мінулым тыдні каранавірус таксама выявілі ў трох дзікіх аленяў з Канады, што таксама стала першым такім выпадкам у краіне.
Аднак жывёлам нячаста праводзяць тэсты, таму ніхто дакладна не ведае, наколькі распаўсюджаны каранавірус у дзікай прыродзе.
Каментары