17 жніўня сілавікі затрымалі Міхаіла Лупаносава, брата былога падпалкоўніка ГУБАЗіКа Станіслава Лупаносава, які выехаў з Беларусі, асудзіўшы дзеянні былых калег. Вядома, што Міхаіл быў дырэктарам будаўнічай фірмы. Учора Следчы камітэт агучыў прычыны арышту Міхаіла — прыпомнілі яму нават, што «ураджэнец Украіны», хаця гэта не з'яўляецца абцяжваючым фактарам паводле беларускіх законаў. Мужчыне пагражае да 5 год калоніі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса.
Маскоўскі аддзел СК Мінска устанавіў, што 40-гадовы ўраджэнец Украіны больш за 4 гады з'яўляўся дырэктарам адной з будаўнічых фірмаў і, «жадаючы павялічыць прыбытак і пазбавіцца ад даўгоў», рашыўся на злачынства. Пад мужчынам маецца на ўвазе Міхаіл Лупаносаў, але яго імя не называецца.
Ён нібыта атрымліваў ліцэнзію на будаўніцтва, не маючы супрацоўнікаў патрэбнай катэгорыі, а таму, як сцвярджаецца, сам унёс у працоўныя кніжкі пяці асоб несапраўдныя запісы аб ранейшых месцах працы.
Яшчэ адзін эпізод, які ставіцца ў віну брату Лупаносава, гучыць так: заключыў дамову з адной фірмай і субпадрадчыкам на правядзенне […] работ, праз некалькі месяцаў прапанаваў заказчыку змяніць умовы аплаты і пералічваць аплату за выкананыя работы ад замоўцы адразу на рахунак субпадрадчыка, дзе Лупаносаў таксама быў намеснікам дырэктара.
«Такім чынам, на падставе акта здачы-прыёмкі выкананых работ, якія фактычна не адбываліся, замоўцам пералічаныя ў некалькі этапаў 45 тысяч беларускіх рублёў. У наступным указаныя сродкі расходаваліся ў інтарэсах таварыства, дырэктарам якога з'яўляўся фігурант», — піша СК і дадае, што следчымі праведзеныя допыты абвінавачанага і сведкаў, вобшукі, вочная стаўка і шматлікія агляды прадметаў і дакументаў.
«Устаноўленыя 8 эпізодаў злачыннай дзейнасці 40-гадовага мужчыны», — паведамляе СК.
Міхаіл Лупаносаў абвінавачваецца па:
- ч. 2 арт. 216 (нанясенне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу ў буйным памеры),
- ч. 1 і 2 арт. 380 (выкарыстанне заведама падложнага дакумента, учыненае паўторна),
- ч. 1 арт. 427 (унясенне пасадовай асобай заведама непраўдзівых даных у афіцыйныя дакументы).
Міхаілу пагражае да 5 год зняволення, ён застаецца пад вартай.
Нагадаем, нядаўна ў адным з прапагандысцкіх фільмаў быў паказаны Міхаіл Лупаносаў, які звяртаўся да брата «нават не ад сябе, а ад калег», абяцаючы дараванне за раскайванне і вяртанне.
Каментары