Спорт

Распавядаем пра беларускіх футбалістаў, якія ў вайну гуляюць у расійскіх клубах 

За час вайны ў свеце моцна змянілася стаўленне да Расіі. Масква пакутуе пад грузам санкцый, з краіны сышла незлічоная колькасць брэндаў, ды і замежныя спартоўцы не жадаюць гуляць у таксічнай для іх рэпутацыі краіне. Але ж некаторыя беларускія футбалісты дагэтуль застаюцца ў футбольных клубах краіны-агрэсара. Распавядаем пра некаторых з іх.

Ігар Стасевіч. Фота: ФК «Чайка» / Twitter

Захар Волкаў 

Фота: ФК «Химки» / Twitter

Волкаў — яшчэ малады па беларускіх мерках гулец (яму 24 гады), але ж узрост не перашкодзіў Захару трапіць у непрыгожую гісторыю, звязаную з дамоўнымі матчамі.

Спачатку ўсё ішло добра: Волкаў пачынаў кар’еру ў клубе «Віцебск», таксама спрабаваў сябе ў «Оршы» і «Нафтане». У 2018 годзе перайшоў у лепшы на той час клуб краіны — БАТЭ, гуляў з ім у групе Лігі Еўропы. Нават дэбютаваў у дарослай нацыянальнай зборнай і адыграў цэлы матч (праўда, таварыскі) супраць каманды Уэльса.

А потым пачаліся праблемы. У студзені 2020 года Следчы камітэт перадаў у айчынную Федэрацыю футбола даныя пра тых, каго абвінавацілі ў арганізацыі дамоўных матчаў і ўдзеле ў іх у 2017-2018 гадах, і імя Захара Волкава аказалася самым зорным у гэтым спісе. Сцвярджалася, што ў 2017 годзе Волкаў, на той час гулец «Нафтана», атрымаў 1450 даляраў за тое, каб яго каманда прайграла «Крумкачам» у гульні беларускага Кубка (яна і прайграла, дарэчы).

Хутка стала вядома, што Волкаў вызвалены ад крымінальнай адказнасці за дамоўны матч — маўляў, ён прызнаў віну і актыўна супрацоўнічаў са следствам. Але ж, калі ў красавіку 2020 года Захар распавядаў як сведка пра тую гульню на судзе, пакаяння ад яго не пачулі. Былы абаронца «Нафтана» распавядаў, нібыта ў гульні з «Крумкачамі» ён вёў сябе як звычайна, і 1450 даляраў ніяк не паўплывалі на яго дзеянні на полі.

Дзіўныя паказанні Волкава шмат абмяркоўвалі, у тым ліку ў медыя. З аднаго боку, шкада перспектыўнага футбаліста, а з іншага — калі мы даруем Волкаву дамоўны матч, ці будзе гэта справядліва? Так ці інакш, у жніўні 2020-га Захар атрымаў ад беларускай Федэрацыі футбола штраф у 200 базавых і дыскваліфікацыю на два гады, праз два месяцы яго забанілі і на ўсіх гульнях пад эгідай ФІФА — то-бок пакінулі на два гады без прафесійнага футбола.

Волкаў застаўся пад крылом БАТЭ і працягнуў трэніравацца ў клубе. Вёў сябе ціха і не ўдзельнічаў у ваколпратэсных актыўнасцях — наадварот, у красавіку 2021 года паставіў подпіс пад праўладным адкрытым лістом спартоўцаў.

І тут старонка перагарнулася: восенню 2021 года, калі першую палову бана Захар ужо адбыў, кантрольна-дысцыплінарны камітэт Федэрацыі футбола дазволіў яму адкласці другі год бана на два гады.

Зімой стала вядома, што Захарам цікавяцца «Хімкі» з расійскай прэм'ер-лігі. Мець у камандзе гульца, звязанага з дамоўнымі матчамі, — гэта, вядома, рызыка для рэпутацыі, але кіраўніцтва новага клуба гэта не надта хвалюе. Спортдырэктар «Хімак» Дзмітрый Ульянаў тлумачыў гэта так: «Зразумела, перад пачаткам перамоў мы ўлічылі ўсе рэпутацыйныя рызыкі, але нам нашмат важней яго футбольныя якасці, чым гісторыя, у якую ён быў уцягнуты».

А ў сакавіку гэтага года Волкаў яшчэ і вярнуўся ў нацыянальную зборную — яго выклікалі на таварыскія гульні з Індыяй і Бахрэйнам (так, зараз у беларускай нацыяналкі такія супернікі). За пару месяцаў да гэтага галоўны трэнер зборнай Георгій Кандрацьеў пракаментаваў тую самую гісторыю з дамоўным матчам, сцвярджаючы, што «ўся каманда пайшла на гэта, ён [Волкаў] не мог адмовіцца». 

Ігар Стасевіч

Фота: belnaviny.com

Гэта былы гулец БАТЭ, чалавек, які быў капітанам каманды і мог прэтэндаваць на статус легенды клуба — такой жа, якой для БАТЭ з'яўляецца Віталь Радзівонаў. Але ж Стасевіч у студзені 2021 года перайшоў з БАТЭ ў салігорскі «Шахцёр».

Тут патрэбна невялікае тлумачэнне. Пасля таго як у 2018 годзе памёр заснавальнік БАТЭ Анатоль Капскі, клуб аказаўся ў глыбокім крызісе. «Шахцёр» жа, наадварот, на справы не скардзіцца — у 2020 годзе клуб выйграў чэмпіянат краіны. Чым менш трафеяў, тым менш грошай у клубе і, адпаведна, тым менш заробкі. Вось чаму, распавядаючы пра сыход у «Шахцёр» Стасевіча і яшчэ аднаго важнага для клуба гульца, Ягора Філіпенкі, цяперашні кіраўнік БАТЭ Андрэй Капскі адкрыта сказаў: «Я шчыра хацеў захаваць іх, але зараз трэба жыць па сродках». Відаць, Стасевічу такі варыянт не падыйшоў. У футбольных колах называлі і дакладныя лічбы: маўляў, у Салігорску Стасевічу абяцалі па 18,5 тысячы даляраў (і гэта без уліку бонусаў), у БАТЭ — 15 тысяч даляраў.

У канцы 2021 года, калі дзяржава ўвяла ліміты на заробкі футбалістаў, стала вядома, што пра 18,5 тысячы даляраў для Стасевіча размова больш не ідзе. Каб не парушаць ліміты, Ігар павінен быў адмовіцца ад такога заробку — крок, на які Стасевіч не пайшоў, і выбраў замест гэтага разрыў кантракта.

Так 36-гадовы гулец (а гэта ўжо пачэсны ўзрост для большасці футбалістаў) аказаўся ў камандзе «Чайка» 10-тысячнага сяла Пясчанакопскае ў Растоўскай вобласці. Разам са Стасевічам у «Чайцы» гуляе яшчэ адзін беларус — Аляксей Гаўрыловіч.

Гэта каманда зусім не з тымі задачамі, што меліся ў беларускім футболе: калі ў айчынных клубах яшчэ можна казаць хаця б пра адборачныя гульні ў еўракубках, то для «Чайкі» галоўная мэта — падняцца на ўзровень вышэй у расійскім футболе (у Першынства ФНЛ). Цікава, што «Чайка» ўжо там выступала, але ж летам 2021 года страціла права там гуляць праз абвінавачванне ў арганізацыі дамоўных матчаў.

Віталь Лісаковіч

Фота: pressball.by

Адна з галоўных надзей беларускага футбола — вядома, калі пра нейкую надзею тут яшчэ магчыма гаварыць. Віталь Лісаковіч пачынаў кар'еру ў салігорскім «Шахцёры», пазней гуляў у харвацкіх клубах. У ліпені 2020 года маскоўкі «Лакаматыў» набыў беларуса за мільён еўра (ці, па іншых даных, за паўтары) — сума, якую не надта часта пабачыш у айчынных футбольных рэаліях. 

Стабільнай гульня Лісаковіча ў «Лока» не была. Ён не меў пастаяннага месца ў стартавым складзе і часцей выходзіў на замену, але ж пры гэтым часам паказваў вынік. У групавым этапе Лігі чэмпіёнаў Лісаковіч забіў «Зальцбургу», радаваў галамі ў вароты ЦСКА і «Уфы». Але ж гэта былі толькі эпізоды.

Гэтай зімой Віталь змяніў клуб. За форварда выклаў кругленькую суму (1-1,2 мільёна даляраў) казанскі «Рубін», і пакуль што ў Лісаковіча ў новай камандзе ўсё атрымоўваецца. Ён выступае ў асноўным складзе «Рубіна», стаў адказным за выкананне пенальці і, нарэшце, забівае. За тры гульні ў «Рубіне» Лісаковіч забіў столькі ж, як і ў 53 гульнях за «Лока» — пяць галоў. 

Аляксандр Мартыновіч

Фота: fckrasnodar.ru

Легенда «Краснадара», футбаліст, які гуляе за гэты клуб з 2010 года, Мартыновіч і зараз застаецца ў камандзе. Але ж іншыя замежнікі не надта хочуць гуляць за клуб пасля пачатку вайны.

Калі Расія напала на Украіну, капітан «Краснадара» Гжэгаж Крыховяк сабраў амаль усіх нерасіян, якія выступалі тады за клуб, — на імправізаванай нарадзе не было толькі Мартыновіча. Астатнія ж легіянеры адзінагалосна прагаласавалі за тое, каб пакінуць расійскі клуб праз сітуацыю ва Украіне, перасталі трэніравацца і папрасілі ў клуба разарваць з імі кантракты.

Так Мартыновіч застаўся ў «Краснадары» адзіным футбалістам-нерасіянінам. Але ж, як паведамляецца, Аляксандр і сам хутка пакіне клуб: летам сыходзіць тэрмін яго кантракта з «Краснадарам», і бакі не плануюць яго падаўжаць. Кажуць, што Мартыновіч раздумвае над магчымасцю скончыць кар'еру і што, калі гэта адбудзецца, «Краснадар» можа прапанаваць яму пасаду ў клубе.

Дзяніс Лапцеў

Фота: football.by

Гулец, у якога апошні час дужа насычанае жыццё — але, на жаль, не заўсёды ў футбольным сэнсе. У лістападзе 2021 года на Дзяніса і яго жонку завялі крыміналку. Але не чакайце нейкай сувязі з палітыкай: пад увагу сілавікоў Лапцеў трапіў праз канфлікт з рамонтнікам. Той зрабіў рамонт у кватэры футбаліста і атрымаў за гэта 7 тысяч даляраў, а пазней да яго працы ўзніклі прэтэнзіі, і незадаволеныя кліенты запатрабавалі вярнуць грошы, прычым яны нават нібыта выкарыстоўвалі гвалт.

У футболе справы ў Лапцева пайшлі не лепш. Да першых месяцаў 2022 года ён належаў клубу «Рух», звязанаму з пралукашэнкаўскім бізнэсоўцам Аляксандрам Зайцавым. Але ж праз санкцыі ў бок беларускага рэжыму, якіх у апошнія месяцы стала значна больш, гаспадар «Руху» вымушаны эканоміць. Мець клуб вышэйшай лігі — даволі дарагая забава, таму «Рух» спачатку перавялі ў трэці дывізіён, а потым каманда адмовілася ад удзелу і там.

Новую працу Лапцеў знайшоў у маскоўскім «Тарпеда» — у клубе Першага дывізіёна ФНЛ. Разам з ім там гуляе яшчэ адзін беларус з былога «Руху» — Павел Сядзько. Пакуль у Лапцева ўсё атрымліваецца: за шэсць гульняў за «Тарпеда» ён забіў ужо чатыры галы.

Хто яшчэ

Гэта далёка не поўны спіс беларусаў, якія выступаюць зараз у расійскіх клубах. За маскоўскі «Лакаматыў» выступае Кірыл Зіновіч, за «Растоў» — Аляксандр Селява. Вароты «Уфы» абараняе Антон Чычкан, у «Арэнбургу» ажно тры беларусы — Міхаіл Сівакоў, Кірыл Пячэнін, Юрый Кавалёў, і гэтак далей. Ёсць беларусы і ў расійскіх камандах іншых відаў спорту — у тым жа хакеі, напрыклад.

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Чытайце яшчэ:

Найлепшага трэнера Беларусі па футболе звольнілі праз 125 дзён пасля прызначэння ў «Шахцёр». Ён шчыра казаў, што хоча зарабіць на кватэру і машыну

Беларус выйграў на Кіпры турнір па покеры і разгарнуў сцяг Украіны

Каментары

Гарачы вечар у Варшаве — мінскае «Дынама» не вытрымала націску «Легіі». Але самае цікавае адбывалася на трыбунах ФОТАРЭПАРТАЖ5

СпортДАДАЛІСЯ НОВЫЯ ФОТА5

Гарачы вечар у Варшаве — мінскае «Дынама» не вытрымала націску «Легіі». Але самае цікавае адбывалася на трыбунах ФОТАРЭПАРТАЖ

Усе навіны →
Усе навіны

Блогерка наракае на дэфіцыт хлопцаў у Гродне16

Медыцынскую тэхніку заходняй вытворчасці Беларусь замяняе на кітайскую і турэцкую1

Лукашэнка заявіў пра подзвіг Трампа і пажадаў Амерыцы «зноў стаць вялікай»10

Калі Украіна захавае суверэнітэт узамен за нейтральнасць, што гэта будзе значыць для Беларусі?13

У Мінску адкрылі новы вялікі басейн, пабудаваны кітайцамі2

Сацыялагічны аналіз: хто падтрымаў Трампа, а хто — Харыс19

І «Масад», і Ватыкан сачылі за ПВК «Вагнер» і атачэннем Пуціна1

Трамп: «Госпад выратаваў маё жыццё не проста так!» «Гэта будзе залаты век для Амерыкі» ВІДЭА24

Расійскі алігарх па выніках выбараў у ЗША прагназуе падзенне цэн на нафту4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Гарачы вечар у Варшаве — мінскае «Дынама» не вытрымала націску «Легіі». Але самае цікавае адбывалася на трыбунах ФОТАРЭПАРТАЖ5

СпортДАДАЛІСЯ НОВЫЯ ФОТА5

Гарачы вечар у Варшаве — мінскае «Дынама» не вытрымала націску «Легіі». Але самае цікавае адбывалася на трыбунах ФОТАРЭПАРТАЖ

Галоўнае
Усе навіны →