Аўтар артыкулу пра бэрбэраў («НН» №32) праігнараваў самае істотнае з гісторыі і культуры гэтай групы народаў.
Найбольшую цікавасьць у этнографаў выклікаюць звычаі туарэгаў, асабліва касты воінаў — гэта спаборніцтвы кшталту турніраў, а таксама культ прыгожай дамы, каханьня якой дабіваліся, ня толькі дэманструючы вайсковае майстэрства, але й сьпяваючы песьні на ўласныя словы. Дарэчы, усё гэта цераз арабаў трапіла ў раньнесярэднявечную Эўропу.
Сп.Шатэрнік таксама піша, што нічога не было чуваць пра спробы палітычнага ці культурнага адраджэньня туарэгаў. Насамрэч адраджэньне даўно перарасло ва ўзброеную барацьбу. На поўначы Малі ў 1989—1994 г. вайну за незалежнасьць вёў Туарэгаўскі фронт вызваленьня (AZAWAD). Тады загінула каля дзьвюх тысяч чалавек. У Нігеры супраць ураду з 1990 г. ваявалі дзьве групоўкі. Арганізацыя «Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы туарэгаў пустыні Сахара», што выступала за аўтаномію, у 1995 г. падпісала з урадам мірнае пагадненьне, больш радыкальны Дэмакратычны фронт адраджэньня падпісаў аналягічную дамову толькі цераз два гады. Але дамовы слаба выконваюцца, і час ад часу ў Нігерыі, Малі і Альжыры ўспыхваюць баі паміж туарэскімі аддзеламі і ўрадавымі войскамі. Да таго ж існуе грандыёзны праект стварэньня ў сэрцы Сахары вялізнай дзяржавы, якая б аб’яднала ўсіх туарэгаў.
Каментары