Сотні тысяч выйшлі ў нядзелю на вуліцы Кіева. Хроніка нядзелі
Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, на сённяшняе веча апазіцыі ў Кіеве сабралася значна больш людзей, чым у мінулую нядзелю — не менш за 200 тысяч чалавек. Інфармагенцтва Unian дае лічбу некалькі соцень тысяч.
Удзельнікі народнага веча, якія прыбылі на Майдан Незалежнасці ў Кіеве, знеслі загараджальныя металічныя шчыты, якімі быў абнесены месца збудаванні навагодняй елкі. Пасля гэтага частка міліцыянтаў, якія стаялі за шчытамі, разышлася.
Удзельнікі акцыі пачалі залазіць на каркас елкі і вешаць сцягі Украіны і ЕС на яе.
13.56
На Еўрамайдан прыляцелі польскія палітыкі і віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента.
У Кіеве да акцыі апазіцыі — Народнага веча — далучыліся еўрапейскія дыпламаты.
Віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента Яцэк Пратасевіч, былы кіраўнік Еўрапарламента Ежы Бузэк, былы кіраўнік польскага ўрада, лідар партыі «Закон і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі прыляцелі ў Кіеў.
Калона, якую ўзначальваюць лідары апазіцыі Арсень Яцэнюк, Віталь Клічко, Алег Цягнібок і дэпутаты ад апазіцыі, ужо дайшла да Майдана Незалежнасці.
Калона скандуе «Банду — гэць!» «Кіеў — уставай!».
14:53
У Кіеўскай радзе ўсе шыбы на першых паверхах і дзверы разбітыя, а дзверы ў дом кіеўскай улады адчыненыя. Калі іх разбілі і кім — невядома.
Адначасова ў Кіеўскай радзе ўдзельнікі акцыі злавілі двух маладых людзей, якія мелі так званы «кактэйль Молатава». Запальная сумесь разліта па ходніках. У аднаго з затрыманых канфіскавалі выкідны нож. Ён адмаўляецца сказаць, хто яму сказаў прыйсці з гэтай сумессю на акцыю. Уздоўж Хрэшчаціка не відаць міліцыя ў форме. Пэўная колькасць праваахоўнікаў — толькі ля помніка Леніну
Толькі двор Кабінета міністраў занялі байцы спецпадраздзялення «Беркут».
Сотні байцоў у поўным рыштунку, у шлемах, бронекамізэльках, з гумовымі дубінкамі, прыбеглі з Марыінскага парку і размясціліся ва ўнутраным двары Дома ўрада. У парку стаяць дзясяткі аўтобусаў з супрацоўнікамі міліцыі.
15:10
Апазіцыя праводзіць веча на Майдане Незалежнасці ў Кіеве.
Лідар фракцыі «Бацькаўшчына» Арсень Яцэнюк сказаў: «Майдан цяпер належыць нам — украінцам. Мы застаемся на Майдане».
«Бацькаўшчына» называе колькасць прысутных у 500 тыс. чалавек.
15:20
Актывісты пайшлі штурмаваць ачапленне на Банкавай, дзе месціцца Адміністрацыя прэзідэнта. Пра гэта паведамляе ў прамым эфіры Грамадскае ТБ.
Ачапленне з аўтобусаў «Беркута» расштурхваюць бульдозерам.
У двор кідаюць дымавыя шашкі і фаеры.
15:52
Масавыя акцыі пратэсту ва Украіне ўжо перараслі ў рэвалюцыю, перакананы лідар руху «Трэцяя ўкраінская рэспубліка», Юрый Луцэнка.
«Наш план зразумелы: гэта ўжо не мітынг, не акцыя. Гэта — рэвалюцыя», — сказаў ён, выступаючы на народным вечы на Майдане Незалежнасці.
Людзі, якія сабраліся пачалі скандаваць: «Рэвалюцыя». Ю. Луцэнка падкрэсліў, што сёння ва Украіне грамадзянская супольнасць і палітыкі сканчаюць тое, што было не завершана падчас масавых акцый пратэсту ў 1991 і 2004 гадах.
«Сёння тут памірае УССР. Гэта яе пахаванне», — сказаў ён.
15:58
Людзі ўварваліся ў будынак Кіеўскай рады. Актывісты патлумачылі, што зайшлі пагрэцца і арганізаваць працу штаба.
Свабодавец Юрый Леўчанка ў калоннай зале КГГА, якую ўзялі мітынгоўцы, заклікаў нічога не ламаць і ў іншыя памяшканні не заходзіць.
«Мы проста сюды прыйшлі вярнуць нашу камунальную ўласнасць сабе і забяспечыць штаб рэвалюцыі», - заявіў ён і заклікаў усіх паводзіцца прыстойна.
15:59
Свабодавец Алег Цягнібок заклікае ставіць намёты на Майдане. У Доме прафсаюзаў разбіваюць штаб.
«Мы пачынаем агульнанацыянальны страйк», - заявіў ён, выступаючы на Майдане Незалежнасці.
Пры гэтым ён дадаў: «Пачынаючы з гэтай хвіліны, мы тут застаемся».
Юрый Луцэнка патрабуе правядзення датэрміновых парламенцкіх выбараў, адстаўкі Віктара Януковіча з пасады прэзідэнта, адстаўкі ўрада Мікалая Азарава, а таксама правядзення суда над міністрам унутраных спраў Віталём Захарчанкам.
17:20
Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч цяпер знаходзіцца ў рэзідэнцыі «Межыгор'е» пад Кіевам, дзе праводзіць нараду. Пра гэта паведамляе ІТАР-ТАСС са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе.
Паводле іх звестак, у «Межыгор'і» цяпер знаходзяцца сакратар Рады бяспекі Андрэй Клюеў, кіраўнік МУС Віталь Захарчанка, старшыня Кіеўскай гарадской дзяржадміністрацыі Аляксандр Папоў, а таксама шэраг кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў.
Паводле неафіцыйных звестак, у панядзелак у краіне можа быць уведзена надзвычайнае становішча.
Па дадзеных крыніцы, ва ўрадзе з гэтай нагоды праводзіцца нарада з удзелам чыноўнікаў Кабміна і адміністрацыі прэзідэнта.
Не выключаецца, што надзвычайнае становішча можа абмежавацца Кіевам.
Паводле заканадаўства краіны, надзвычайнае становішча, у прыватнасці, можа быць уведзена ў выпадку ўзнікнення масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над грамадзянамі, якія абмяжоўваюць іх правы і свабоды; спробы захопу дзяржаўнай улады або змянення канстытуцыйнага ладу Украіны шляхам гвалту.
У Кіеве на Майдане Незалежнасці абвешчана агульнанацыянальная забастоўка. Удзельнікі пратэстных акцый таксама захапілі Дом прафсаюзаў і будынак Кіеўскай гарадской рады.
Ідзе штурм правакатарамі адміністрацыі прэзідэнта на Банкавай.
18:30
Лідар фракцыі «УДАР» Віталь Клічко заклікаў удзельнікаў народнага веча на Майдане Незалежнасці не паддавацца на правакацыі.
«У нас ёсць дакладны план … і не паддавайцеся на правакацыі. Правакатараў вельмі шмат», — сказаў В.Клічко, выступаючы ў нядзелю на Майдане Незалежнасці ў Кіеве.
«Мы разумеем, што цяпер пачынаецца правакацыя. Яны хочуць, каб пралілася кроў… улада будзе рабіць усё, каб выкарыстоўваць зброю, абараняцца», — дадаў лідар фракцыі.
Ён асабліва звярнуў увагу, наколькі небяспечным можа быць справакаваны і непадмацаваны агульным рашэннем удзельнікаў акцыі штурм ад дзяржаўных устаноў.
Палітык выказаў перакананасць, што грамадзяне Украіны змогуць змяніць уладу ў краіне цывілізаваным шляхам.
19:00
Міліцыя перакрыла дарогу на Межыгор'е, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча.
Пра гэта паведамляе ў сваім Facebook актывіст Віталь Уманец.
«Міліцыя перакрыла нам дарогу на Межыгор'е. Перамовы працягваюцца», - паведаміў ён.
20:03
У крамах на Майдане Незалежнасці стаяць вялізныя чэргі, у кавярнях скончыліся прадукты і папяровыя стаканчыкі, а ў банкаматах — грошы.
Калі раніцай у кавярнях былі таблічкі: «Чай і кава для мітынгоўцаў бясплатна», то цяпер там няма ні кавы, ні гарбаты.
У крамках, дзе прадавалі выпечку, таксама ўсё раскупілі. Акрамя таго, у банкаматах на цэнтральнай плошчы горада скончыліся грошы. Плошчай ходзяць студэнты, якія падкормліваюць мітынгоўцаў печывам, бутэрбродамі і мандарынамі.
20:39
На Майдане Незалежнасці будуюць барыкады. Шмат людзей.
На Крэшчаціку стаяць 4 машыны, на якіх стаіць сцэна. Намёты пакуль не ставяць. Ніякай міліцыі няма..
21:12
Дэпутаты Адэскага абласнога і Адэскага гарадскога саветаў у панядзелак збіраюцца на пазачарговыя сесіі.
Прэс-служба Адэскага аблсавета ў нядзелю ўвечары паведаміла аб правядзенні пасяджэння ў панядзелак у 16.00. Назва пазачарговай сесіі не паведамляецца.
На абодвух сесіях будуць абмяркоўваць сітуацыю ў Кіеве.
Так, у Данецку на парадку дня пасяджэння — адно пытанне «Аб звароце дэпутатаў Данецкага абласнога савета ў сувязі з палітычнай сітуацыяй у Украіне».
21:45
Апазіцыйныя парламенцкія палітычныя сілы заклікаюць усіх грамадзян Украіны з розных рэгіёнаў прыехаць у Кіеў для ўдзелу ў акцыі пратэсту, заявіў лідар фракцыі «Бацькаўшчына» Арсеній Яцэнюк.
«Мы сёння звяртаемся да ўсёй Украіны — прыйдзіце, калі ласка, у Кіеў на Майдан. Няма чаго рабіць у гарадах … тут (у Кіеве) сёння адбываецца галоўная барацьба за Украіну», — заявіў ён на прэс - канферэнцыі ў нядзелю ўвечары.
Ён падкрэсліў, што ўсім, хто прыедзе з рэгіёнаў, будуць гарантаваныя ўсе ўмовы для нармальнага жыццезабеспячэння ў Кіеве.
Са свайго боку, лідар фракцыі «Свабода» Алег Цягнібок адзначыў, што на сёння ў цэнтральным штабе, размешчаным у Доме прафсаюзаў, ужо арганізаваны кругласутачныя дзяжурствы, абсталяваны медпункт, дзе 25 чалавек ужо атрымалі медыцынскую дапамогу.
21:55
Да правапарушэнняў ля адміністрацыі прэзідэнта датычныя больш за 300 радыкальна настроеных членаў арганізацыі «Братэрства», якія дзейнічалі пад наглядам Дзмітрыя Карчынскага.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленні ўпраўлення МУС Украіны на старонцы ў Facebook.
Акрамя таго, затрыманыя паведамілі, што беспарадкі каля будынку Кіеўскай гарадской адміністрацыі суправаджаліся прадстаўніком ВА «Свабода» па прозвішчы Мірашнічэнка.
Аб датычнасьці гэтых грамадзян да падзеяў у цэнтры сталіцы паведамляюць актывісты, якія нядаўна былі затрыманыя праваахоўнікамі, адзначылі ў МУС.
Акрамя таго, неправамерныя дзеянні каля Кабінета міністраў былі арганізаваны пры актыўным ўдзеле каля 100 грамадзян, дзеянні якіх каардынаваў грамадзянін па імені Андрэй Фешчук.
Таксама ў МУС звярнуліся да грамадзян з заклікам прадастаўляць інфармацыю «ўсімі даступнымі спосабамі» аб правакатарах.
22:02
Лідар «УДАРа» Віталь Клічко прыехаў на вуліцу Банковая ў сталіцы Украіны, дзе раней адбыліся сутыкненні, і заклікаў пазасталых мітынгоўцаў на Майдан Незалежнасці.
Ён прайшоў праз кардоны «Беркута», устаноўленыя на падыходах да Адміністрацыі прэзідэнта.
Адзін з прысутных паспрабаваў спыніць Клічко — той сказаў: «Ты што, сябар, ты п'яны? Частка людзей ужо на Майдане, я прыйшоў забраць астатніх».
Вуліца ўжо амаль пустая, у пачатку яе стаіць кардон з міліцыянтаў, у канцы — тыя, хто не хоча яшчэ ісці. Клічко заклікае апошніх пайсці на Майдан Незалежнасці.
Шмат моладзі.
Тым часам працягнута праца кіеўскага метро, павялічаны колькасны склад цягнікоў.
22:44
На Майдане Незалежнасці пачалі ставіць намёты.
Адзін турыстычны намёт ужо стаіць каля Галоўпаштамта на праезнай часткі вуліцы.
Таксама мітынгоўцы перагароджваюць Крэшчацік металічнымі шчытамі з боку вуліцы Гарадзецкага.
На Майдане зараз каля 15 тыс. чалавек, паведамляе Укр. праўда.
23:12
Адзін з лідараў украінскай апазіцыі Арсеній Яцэнюк, выступаючы ўвечары перад мітынгоўцамі, заклікаў Майдан сабрацца а 8 раніцы, каб патрабаваць ад парламенту адстаўкі ўрада.
У панядзелак а 8.00 (9:00 па Мінску) на Майдане адбудзецца збор на пікет будынка Кабінета міністраў: «Заўтра будзе наша першая сумеснае палітычнае патрабаванне — рэзалюцыя недаверу ўраду. Далоў урад Азарава - Януковіча. Гэта павінны прагаласаваць у парламенце».
Ён заклікаў грамадства не паддавацца на правакацыі: «Мы не паддамося. Наша задача — гэта мірны пратэст. Мы тут стаім згодна з нашай Канстытуцыяй, дзе напісана «ўлада ва Украіне належыць украінскаму народу».
«Тут мы стаім ўсю ноч. Абараняем нашу тэрыторыю: намёты з'яўляецца, ежа ёсць, цяпло ёсць, і што найбольш важна — наш дух», — сказаў Яцэнюк.
00:07
Каардынатары акцыі пратэсту на Майдане Незалежнасці ў Кіеве заклікаюць мітынгоўцаў не ўжываць спіртных напояў, удзельнікаў акцыі заклікаюць «ўвесці фэйс-кантроль», каб на акцыю не патрапілі жабракі, п'яніцы.
Зараз на галоўнай плошчы сталіцы ўстаноўлена больш за 10 намётаў і працягваецца мантаж стацыянарнай сцэны.
Па стане на 22.40 у акцыі бяруць удзел каля 10 тысяч чалавек.
Апытанка
***
***
Януковіч абяцае «ўсё ад яго залежнае» для збліжэння з ЕС
Каментары