Да Пальчыса не пусцілі адваката праз «эпідэміялагічную сітуацыю»
Пальчыс у судзе ў 2016 годзе. Фота Сяргея Гудзіліна
Да блогера Эдуарда Пальчыса, што з 27 верасня знаходзіцца на Акрэсціна, не пусцілі адваката. Пра гэта паведаміла яго жонка Вікторыя ў сваім фэйсбуку.
Марыя Колесава-Гудзіліна прыехала ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, прычым візіт быў узгоднены з намеснікам начальніка ўстановы, які сказаў па тэлефоне, што можна прыязджаць 22 кастрычніка да 14.00. Аднак па прыездзе адвакату адмовілі, спасылаючыся на нездавальняючую «эпідэміялагічную сітуацыю».
«Улічваючы, што на ліставанне паставілі блок, — мы не атрымалі ніводнага ліста ад Эдуарда, і сам ён казаў, што не атрымлівае лістоў, — наведванне адваката заставалася адзіным спосабам сувязі з ім. Блакаванне пошты і нядопуск адваката я расцэньваю як ціск на майго мужа і на ўсю нашу сямʼю», — адзначыла Вікторыя.
Эдуард Пальчыс быў затрыманы 27 верасня і адбывае 30 сутак арышту.
Каментары