На працягу дзесяці гадоў у маленечкім шведскім пасёлку Хумельста не было ніводнай крамы. Але ў снежні там нарэшце з’явіўся кругласутачны міні-супермаркет без супрацоўнікаў, які з’яўляецца часткай сеткі Lifvs.
Lifvs — запушчаны ў 2018 годзе стакгольмскі стартап, мэта якога — вяртанне крам у глухія сельскія рэгіёны.
У такіх мясцінах крамам было цяжка выжываць, бо прыбытку было замала для працы крамніцы.
Галоўная адметнасць крам новай сеткі — поўнае самаабслугоўванне.
Каб увайсці ў краму, трэба скарыстацца адмысловым мабільным дадаткам, які працуе разам з BankID — дадаткам ад шведскіх банкаў. Далей можна пры дапамозе смартфона сканаваць штрых-коды прадуктаў і аплачваць іх праз загадзя зарэгістраваную банкаўскую картку.
У крамах шырокі выбар: ад свежай садавіны і гародніны да такіх папулярных у Швецыі прадуктаў, як замарожаныя фрыкадэлькі, галеты і вафельныя батончыкі, паведамляе ВВС.
Шведскае насельніцтва лёгка ўспрымае любыя тэхналагічныя інавацыі, таму крамы Lifvs хутка набылі папулярнасць.
Да таго ж, падчас пандэміі, калі людзям раяць абмяжоўваць кантакты, адсутнасць супрацоўнікаў — важная перавага для такіх крам.
Са студзеня, паводле шведскіх законаў, супермаркеты вымушаныя абмяжоўваць колькасць наведвальнікаў такім чынам, каб на кожнага з іх прыходзілася не менш за 10 квадратных метраў. Тэхналогія Lifvs гарантуе, што ў крамах будзе не больш за два наведвальнікі.
Наяўнасць кругласутачных камер назірання, а таксама рэгістрацыя наведвальнікаў праз мабільны дадатак дапамагае крамам пазбегнуць крадзяжоў.
З мінулага сакавіка сетка адкрыла ў сельскіх рэгіёнах краіны 20 крам. У бліжэйшыя гады кампанія плануе пашырацца. Больш за тое, у іншых краінах таксама зацікавіліся новай тэхналогіяй. Таму цяпер кампанія ўзважвае, ці варта перадаваць тэхналогію замежным сеткам супермаркетаў.
Каментары