Пазбаўлены звання падпалкоўнік КДБ Костка: Я ніводнага дня не служыў пры Лукашэнку і прысягу яму не прыносіў
Сярод тых 83 афіцэраў, якіх пазбавілі званняў, аказаўся падпалкоўнік КДБ у адстаўцы Валерый Костка. Апошнія гады ён жыве пад Смалявічамі, дзе займаецца пчалярствам. Костка 12 гадоў адслужыў у КДБ, але падтрымаў дэмакратычны рух у краіне, праз што сышоў з органаў. Як былы сілавік адрэагаваў на рашэнне Лукашэнкі?
«Адэкватна каментаваць гэта немагчыма, бо гэта неадэкватныя дзеянні. Я знаходжуся на пенсіі 28 гадоў, пры Лукашэнку я не служыў ніводнага дня, і асабіста яму ніякіх прысяг не прыносіў. Я даваў прысягу народу Беларусі, і пенсію мне плаціць не Лукашэнка, а народ.
З пункту гледжання закона гэта поўнае беззаконне. Гэта ненармальная з’ява, але ў нашай дзяржаве ўжо ўсё стала нармальным.
Я скончыў Вайсковую акадэмію ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння, скончыў дзве вышэйшыя ўстановы па лініі вайсковай контрразведкі і знешняй выведкі КДБ. Скончыў юрыдычны факультэт БДУ, у мяне чатыры вышэйшыя адукацыі. Ведаю мову пушту. Я ўсё атрымаў дзякуючы сваім намаганням.
Сын Лукашэнкі Віктар атрымлівае генерал-маёра, нідзе толкам не паслужыўшы, апроч двух гадоў у пагранцах. Як можна стаць генералам за два гады службы?! З іншага боку, ёсць мой сябар Валодзя Барадач, ён быў двойчы паранены ў Афганістане, два ордэны Чырвонай зоркі, двойчы яго ратавалі ў рэанімацыі, даставалі з таго свету, палкоўнік, камандзір брыгады спецназа. Ён вельмі паважаны чалавек сярод спецназаўцаў ГРУ, яго ўсе ведалі ў СССР, і яго цяпер пазбаўляюць звання. Ну як так?! Ці Сяргей Аніська. Гэта афганец, ваяваў.
Проста мы людзі іншых поглядаў, і рэпрэсіі супраць нас толькі за тое, што мы думаем інакш. Але мы не можам думаць па-іншаму! Мы вучыліся аналітычна ўсё ацэньваць, мы ўспрымаем усё як ёсць насамрэч. Бываюць выпадкі, калі афіцэра пазбаўляюць звання, але толькі за ўчынкі, якія дыскрэдытуюць гонар афіцэра. Але ж для нас гонар і годнасць — гэта была рыса, за якую нельга пераступаць. Але нават гэта павінен рашаць суд і неяк караць.
Я не здзівіўся зусім. Цяпер час, калі ўсё становіцца на свае месцы. Белае становіцца белым, а чорнае — чорным. Я масак ніколі не насіў, усё рабіў адкрыта. Я ў КПСС уступаў у 1976 годзе і верыў у яе ідэалы, але ў 1991 я зразумеў, што гэта была разводка мільёнаў людзей. Таму я і напісаў, будучы ў КДБ, заяву аб выхадзе з КПСС.
У КДБ я быў нязгодны з старшынёй КДБ Эдуардам Шыркоўскім. Гэта быў паважаны кіраўнік, але я з ім спрачаўся, што з КДБ трэба прыбраць палітычны вышук. Гэта ж не наша задача! Ёсць тэлебачанне, хай там спрачаюцца. Але Шыркоўскі сказаў, што рэформаў не будзе. Тады я звольніўся добраахвотна з КДБ.
У мяне ёсць афіцыйнае папярэджанне за ўдзел у акцыях пратэсту ў Смалявічах. Але за такое хіба звання пазбаўляюць? Я часта каментаваў падзеі. І ўдзельнічаў, як была магчымасць. Працуеш цэлы дзень, потым ляціш да 22-й гадзіны на акцыю, пастаяў там, зноў працаваць на пасеку. Я ж тут адзін — і 20 гектараў зямлі.
Я сам за Ціханоўскую не галасаваў, проста забраў бюлетэнь. Я ўжо навучаны, што падтрымліваць ката ў мяшку не варта, хай чалавек праявіцца ў дзеяннях. Але цяпер ужо я яе падтрымліваю, хоць Барадач наадварот, не падтрымлівае.
У мяне пенсію забяруць толькі на час, колькі Лукашэнка пратрымаецца. Калі ён сыдзе, то мне вернуць званне і пенсію, кампенсуюць маральныя страты, таму я не перажываю. Калі б я быў стары і хворы, і мне ўсё на лекі аддаваць трэба было, то гэта адно, а я за 28 гадоў на пенсіі ні разу не быў у шпіталі КДБ.
У 2011 мяне знялі з уліку ў КДБ і перадалі Міністэрству абароны. І я рады, што ніяк не звязаны з гэтым палітычным вышукам».
Каментары