Грамадства

Як беларусам далей жыць са стукачамі і ахвярамі? Вопыт нямецкага грамадства, якому давялося прызнаць калектыўную віну

Пасля Другой сусветнай вайны ў Германіі праходзіла праграма дэнацыфікацыі. Гэта быў важны крок, каб людзі адчулі віну за ўчыненае і змаглі далей жыць у адным грамадстве. Чым гэты досвед цікавы і чаму ён можа быць карысны Беларусі? Як жыць побач з суседам-даносчыкам і ці ўсё трэба прабачаць? Няпростую тэму абмяркоўваем з псіхолагам Наталляй Скібскай.

«Вінаватым пагражаў лагер, канфіскацыя маёмасці ці пазбаўленне выбарчага права»

Гэтай тэмай Наталля Скібская зацікавілася праз асабістую гісторыю.

«Я з сям’і, дзе былі рэпрэсаваныя. Адзін прадзед з боку таты быў забіты, другі — адпраўлены ў лагер. З маленства я разважала аб тым, як гэта паўплывала на маіх родных і мяне саму», — дзеліцца псіхолаг.

Яшчэ да выбараў яна задумвалася пра праграму псіхалагічнай рэабілітацыі беларускага народа. А пасля запэўнілася ў тым, што гэта вельмі важна. І тут мог бы быць карысны нямецкі досвед.

Праграма дэнацыфікацыі праводзілася на заходняй тэрыторыі Германіі пад наглядам саюзнікаў — амерыканцаў, англічан і французаў. Праз яе прайшло 3,5 мільёна немцаў, якіх палічылі датычнымі да нацызму. Усіх падзялілі на некалькі груп. Галоўнымі вінаватымі прызналі 1,6 тысячы чалавек, вінаватымі — 22 тысячы, вінаватымі ў меншай ступені — 106 тысяч, спадарожнікамі — 485 тысяч, невінаватымі — 18,5 тысяч. Пад амністыю трапіла амаль 2,8 мільёна жыхароў. 

Немцы, якія патрапілі пад праграму, — у асноўным звычайнае насельніцтва. Злачынцаў, якіх судзілі ў Нюрнбергу, сюды не ўключалі.

Нюрнбергскі працэс. Лава падсудных. Нацыстаў сцерагуць амерыканцы ў белых касках і белых пальчатках. Фота: wikimedia.commons

У залежнасці ад катэгорыі былі розныя пакаранні. Вінаватым мог пагражаць лагер да пяці год, грамадскія працы, канфіскацыя маёмасці, пазбаўленне выбарчага права, забарона займаць пэўныя пасады. 

Для спадарожнікаў — разавыя ці рэгулярныя выплаты ў фонд кампенсацыі. Калі чалавек адмаўляўся, яго маглі адправіць на прымусовыя працы. Дзяржслужачых з гэтай катэгорыі мелі права панізіць ці адправіць на пенсію (але ў рэдкіх выпадках).

Дарослае насельніцтва мусіла прайсці анкету (там было 131 пытанне пра асабістае і палітычнае жыццё). Каб ніхто не ўхіляўся, прынялі пэўныя меры. Напрыклад, без квітанцыі, якая пацвярджала, што чалавек здаў анкету, не выдавалі прадуктовую картку і не бралі на працу.

У 1946 годзе была амністыя моладзі — тых, што нарадзіліся пасля 1919-га і не былі ў спісах актыўных нацыстаў ці злачынцаў. А ў маі 1948-га саюзнікі перадалі гэту праграму немцам. 

«Мне цікава, чаму так атрымалася, што савецкія спецыялісты не прымалі ў ёй удзел. Думаю, наступствы гэтага мы бачым і зараз, — разважае Наталля. — Яшчэ хацела б звярнуць увагу на той факт, што эканамiчны рост i хуткае развiццё грамадства адбылося менавiта ў той частцы Нямеччыны, дзе праводзiлася праграма дэнацыфiкацыi.

I гэта не дзiва, бо калi ў людзей шмат псiхiчных працэсаў не можа быць скончана (так званыя адкрытыя гештальты), то на iх утрыманне ў несвядомым выдаткоўваецца шмат энергii i чалавек проста не здольны плённа працаваць. Калi ж унутраныя канфлiкты вырашаюцца, энергii хапае i на працу, i на творчасць, i на жыццё».

«Самае небяспечнае ў сітуацыі таго часу — нежаданне ведаць, прага забыць і адмаўленне»

Асновы праграмы распрацаваў псіхіятр Карл Юнг. Уплыў аказаў таксама філосаф Карл Ясперс. 

«У Юнга ў аснове ідэі дэнацыфікацыі было паняцце калектыўнай віны. Насельніцтва ж бачыла, што рабілася. Але ігнаравала. І з іх маўклівай згоды гэта адбывалася — калі людзі не супраціўляліся, яны таксама рабілі нейкі ўнёсак у гэта. На думку Юнга, галоўнай праблемай была адсутнасць сумлення. Калі мы не адчуваем віну за тое, што робіцца, гэта прыводзіць да такіх наступстваў.

Ясперс ініцыяваў шырокую дыскусію ў грамадстве аб тым, як справіцца з таталітарным мінулым. Ён прызнаваў віну немцаў, заклікаў суайчыннікаў пакаяцца і выкупіць сваю віну. Пісаў, што самае небяспечнае ў сітуацыі таго часу — нежаданне ведаць, прага забыць і адмаўленне падзей. Гэта механізмы псіхалагічнай абароны, калi эмоцыi выцiскаюцца ў несвядомае. Акурат тое, як зараз кажуць «перагорнем старонку», «не будзем аб гэтым размаўляць».

Фота khatyn.by

Ясперс казаў, што трэба захоўваць калектыўную памяць, і ў Германіі шмат для гэтага рабілася. Паказваліся фільмы, адкрываліся музеі. Такую сістэму важна стварыць і ў нас», — дзеліцца Наталля.

Былі ў праграме і спрэчныя моманты. Напрыклад, пад наглядам амерыканскіх салдат жыхары вёсак і гарадоў, дзе былі канцлагеры, голымі рукамі перазахоўвалі целы забітых яўрэяў. Гэта была частка шокавай тэрапіі — каб людзі, якія дазволілі, каб гэта ўсё атрымалася, зразумелі, што яны таксама маглі быць на месцы загінулых.

«Прабачаць можна толькі ў адным выпадку — калі ў цябе гэтага просяць»

Чаму важнае прызнанне віны і ўсведамленне асабістай адказнасці?

«Выкажу сваю думку. У нас жа не было ніякіх нацыянальных праграм наконт сталінскіх рэпрэсій, каб разабрацца, як грамадства дайшло да таго, што знішчала такую колькасць людзей. Гэта былі чысткі і па нацыянальнай прыкмеце (як, напрыклад, з маімі продкамі-палякамі), і сярод таленавітых людзей, якіх прыбіралі з зайздрасці. Нават калі была рэабілітацыя — ціхенька падасылалі лісты сем’ям, але шырокай дыскусій не зладзілі. Архівы дагэтуль закрытыя, мы не ведаем, хто вінаваты — а гэта важна.

Напрыклад, сусед здаў кагосьці. Ён пра гэта ведаў, і гэта ўплывала на яго паводзіны. У французскіх аналітыкаў ёсць метафара пра гарачую бульбу, якая з адных рук перакідваецца ў іншыя. Нешта пячэ, ты трымаць не можаш і перадаеш наступным пакаленням. Калі чалавек жыве з пачуццём віны, ён яго ці выцясняе, ці пачынае сябе апраўдваць — у тым ліку праз ідэнтыфікацыю з агрэсарам.

А хтосьці жыў з пачуццём ахвяры. Чалавека пакрыўдзілі, і ён не ведае хто. Трэба закрываць гештальты». 

Наталля разважае — каб грамадству перажыць цяперашнія рэпрэсіі і мiрна жыць разам далей, патрэбны будуць і фільмы, і дыскусіі, і музеі. Кагосьці варта будзе завезці на Акрэсціна і паказаць, як усё было насамрэч, зладзіць спатканні з тымі, хто пакутаваў ці страціў частку здароўя. Каб людзі не супакойвалі сябе тым, што нічога не было.

Калі ў сеціва злілі адрасы стукачоў, многія абмяркоўвалі, як з гэтым быць. 

«Справа складаная. Па маіх назіраннях, у асноўным там аказаліся людзі, якія і так мелі дрэнныя адносіны з суседзямі, яны не любілі і не былі любімыя ў сваім асяроддзі. Хтосьці ўлёткі раздрукоўваў і вешаў у пад’ездзе: тут жыве стукач. Ці адчуваюць даносчыкі сорам? Наўрад ці, яны маюць механізмы, як з ім спраўляцца. Але ўсе вакол ведаюць, што ён зрабіў. І гэта важна на гэтым этапе.

Наогул дэанон уплывае на адчуванне чалавека. Бо мы не жывем у вакууме, ва ўсіх ёсць асяроддзе.

Цяпер шмат хто гневаецца і патрабуе помсты. І тыя эмоцыя, якія людзі адчуваюць, нармалёвыя — вы маеце права злавацца на несправядлівасць. Што можна зрабіць? Трэба хаця б знаходзіць магчымасць выказаць свае эмоцыі — праз песні, фізічныя практыкаванні, размовы дома ці ў іншым бяспечным асяроддзі. Самае складанае зараз, што людзі жывуць у трывозе, агрэсіі, якая нікуды не дзелася і пачуцці не знаходзяць выхаду, бо затыкаюць рты».

А што наконт прабачэння?

«Прабачаць можна толькі ў адным выпадку — калі ў цябе гэтага просяць. — лічыць псіхолаг. — Памылка казаць, што ўсім трэба дараваць і станеш шчаслівым. Гэта смешна. Калі чалавек прызнаў, што вінаваты перад табой, павiнiўся ці прапанаваў кампенсаваць шкоду, то гэта адна справа. А калі не, вы тады сваім прабачэннем нібыта кажаце: ну і рабі так далей».

Чытайце таксама:

Валянцін Жданко: Мае суседзі — даносчыкі. І як цяпер з гэтым жыць?

Здавалі дачок, жонак, цесцяў, суседзяў — пра што беларусы паведамлялі ў міліцыю ў жніўні 2020

«На мяне самога напісалі чатыры даносы». Гісторык Ігар Кузняцоў пра злітую базу зваротаў у міліцыю і паралелі з 1930-мі

«Проста моцна выпіла». Маці расказала, навошта здала дачку міліцыі ў жніўні 2020-га 

Сволач, падла і пан: інтэрв'ю з БЧБ-камбайнерам і мужчынам, які данёс на яго

Каментары

Алексіевіч нарэшце выказалася пра Ізраіль і Палесціну2

Алексіевіч нарэшце выказалася пра Ізраіль і Палесціну

Усе навіны →
Усе навіны

Джэйк Пол перамог Майка Тайсана ў васьмі раўндах1

Прэс-сакратаркай Трампа стала 27-гадовая дзяўчына2

Расіяне захапілі Максімаўку і прасунуліся амаль у 10 населеных пунктах ва Украіне

Пірог з хурмой — рэцэпт4

Абхазскі кіраўнік Бжанія пакінуў Сухумі4

Зборная Беларусі прайграла Паўночнай Ірландыі і згубіла шанец заняць першае месца1

Выбірайце пупочныя апельсіны — яны смачнейшыя!5

Зорка амерыканскага серыяла рашыла не вяртацца ў ЗША пры Трампе6

Z-блогер «Трынаццаты», які крытыкаваў Мінабароны і Крэмль, замест суда паедзе на вайну3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Алексіевіч нарэшце выказалася пра Ізраіль і Палесціну2

Алексіевіч нарэшце выказалася пра Ізраіль і Палесціну

Галоўнае
Усе навіны →