«Узялі дуды, каб падкрэсліць мірны характар шэсця»: пачаўся суд над удзельнікамі Irdorath Уладзімірам і Надзеяй Калачамі
Суд Савецкага раёна Мінска 9 снежня пачаў разгляд крымінальнай справы палітвязняў, удзельнікаў музычнага фэнтэзі-фолк-гурта Irdorath Уладзіміра і Надзеі Калач.
Іх абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК) і навучанні ці іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу такіх дзеяннях, а роўна фінансаванні ці іншым матэрыяльным забеспячэнні такой дзейнасці (ч. 2 арт. 342 КК), паведамляюць праваабаронцы.
Справу разглядае суддзя Аляксандр Якунчыхін, дзяржабвінаваўца — памочнік пракурора Вольга Емельянчанка.
Уладзіміра і Надзею Калачоў і яшчэ 14 чалавек затрымалі 2 жніўня 2021 года на святкаванні дня народзінаў Надзеі.
Спачатку ўсіх вінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 24.3 КаАП) за тое, што не адчынілі вароты дома пад Мінскам. А потым стала вядома, што на шасцярых з іх завялі крымінальныя справы. Да суда Уладзімір і Надзея ўтрымліваліся ў СІЗА №1 Мінска.
Прэс-служба МУС паведамляла, што «ў жніўні мінулага года група «дудароў» неаднаразова ўзначальвала калону пратэстоўцаў і з выкарыстаннем музычных інструментаў залучала ў несанкцыянаванае масавае шэсце грамадзян. Перформанс каардынатараў узмацняў пратэсны настрой удзельнікаў і штурхаў іх да супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да міліцыянтаў».
Уладзімір Калач патлумачыў у судзе, што 16 верасня, даведаўшыя з сацыяльных сетак пра марш, прыняў рашэнне разам з Надзеяй далучыцца да яго. Зтэлефанаваліся з музыкай Дзмітрыем Шыманскім (Дзмітрый быў затрыманы разам з Калачамі, мужчыну ужо асудзілі па арт. 342 КК да 3 гадоў «хіміі»).
«Паколькі мы заўсёды выступалі і выступаем супраць гвалту, узялі з сабой дуды і ўпрыгожылі іх кветкамі, каб падкрэсліць мірны характар шэсця. Сустрэліся каля плошчы Якуба Коласа з сябрамі, якія таксама ўзялі музычныя інструменты — дуды, гітары, бубны. Падышлі Пётр і Юля Марчанкі (палітвязні, затрыманыя разам з Калачамі, чакаюць суда).
«Агрэсіі ніякай не было, атмасфера святочная, усе вакол усміхаліся. Усе разам прайшліся праспектам Незалежнасці да плошчы Перамогі, потым па Пераможцаў калона пайшла да Стэлы. Патрабаванняў і папярэджанняў аб незаконнасці акцыі не чуў, бо гучала музыка. Далей шлях быў перакрыты і людзі павярнулі ў адваротны бок. Некалькі разоў выконвалі кампазіцыю Цоя «Перемен!», а потым разыйшліся», — патлумачыў ён у судзе.
Па падзеях 25 кастрычніка Уладзімір Калач адзначыў, гэта быў выхадны дзень, людзі ішлі па вуліцы Янкі Купалы і Багдановіча, рух не перакрывалі. Музыкі ішлі на пачатку калоны, выконвалі кампазіцыі і грамадскі парадак не парушалі.
І Уладзімір, і Надзея віну ў судзе прызналі толькі па частцы першай арт. 342, па частцы другой — навучанне і фінансаванне асоб для групавых дзеянняў — не.
Надзеі Калач ставяцца ў віну тры эпізоды: удзел у акцыях пратэсту 16 жніўня, 6 верасня і 25 кастрычніка.
Пад час допыту ў судзе яна казала, што пра мерапрыемства даведалася з сацыяльных сетак, ведала, што шмат затрымлівалі людзей на папярэдніх акцыях, ведала пра гвалт, які чыняць сілавікі пры разгонах.
«16 верасня мы вырашылі далучыцца да маршу, з сябрамі пра сустрэчу папярэдне не дамаўляліся, убачыліся ўжо на плошчы Якуба Коласа. Лозунгаў ніякіх не выкрыквала, у далоні не пляскала. Усвядоміла, што прымаю ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве не адразу, ды і то лічыла, што гэта падлягае адміністрацыйнай адказнасці ў горшым выпадку», — казала яна ў судзе.
Паказанні Надзеі Калач мала чым адрозніваюцца ад паказанняў яе мужа Уладзіміра.
За час знаходжання пад вартай, а гэта чатыры з паловаяй месяцы, у яе пагоршыўся стан здароўя, патрэбнае хірургічнае ўмяшальніцтва.
Абвінаваўца запрасіла музыкам па 2 гады турмы. Прысуд будзе абвешчаны ў аўторак.
Каментары