У кастрычніку мінулага года «Наша Ніва» паведамляла пра дзіўную гісторыю, як дзейны інструктар АМАП па рукапашным боі Эдуард Пестрак знайшоўся ў СІЗА КДБ — яго затрымалі калегі на працоўным месцы. Было вядома толькі, што ён праходзіць па артыкуле «Акт тэрарызму».
Чытайце: Супрацоўнік мінскага АМАП знайшоўся ў «амерыканцы»: яго затрымалі па артыкуле «Акт тэрарызму»
Як стала вядома цяпер, Пестрак затрыманы па справе аб гэтак званым «падпале дома Гайдукевіча» — у ліпені ў дом таго, паводле афіцыйнай версіі, кінулі «пляшку з гаручай сумессю».
Як пазней стала вядома з фільма дзяржаўнай прапаганды, па гэтай справе была затрыманая таксама барысаўская сям'я Вайцяховічаў.
Чытайце: Маці робіць «нагаточкі», сын служыў у войску. Што вядома пра сям’ю, якую вінавацяць у тэрарызме за напад на дом Гайдукевіча
Агулам па справе аб падпале дома Гайдукевіча былі затрыманыя 15 чалавек. Якая роль Пестрака ва ўсім гэтым — невядома. Магчыма, ён удзельнічаў у нейкім чаце ці кансультаваў затрыманых.
Што вядома пра Пестрака
Эдуард Пестрак нарадзіўся ў 1983 годзе. У мінскай міліцыі служыў з 2007-га. Службу пачынаў у Дэпартаменце аховы, з 2009-га — у АМАП, спачатку кіроўцам, потым начальнікам аддзялення, потым — інспектарам па прафесійнай падрыхтоўцы.
Сэнс работы Пестрака заключаўся ў баявой падрыхтоўцы супрацоўнікаў. Сам ён займаўся рукапашным боем, кікбоксінгам, ММА.
Паводле нашых крыніц, затрыманне адбылося на службе і ў ім ўдзельнічалі вучні Пестрака. Мужчыну звольнілі задняй датай.
Каментары