Працаваў у Васкрасенскага, цяпер ваюе за Украіну. Праграміст з Гомеля прайшоў неардынарную эвалюцыю. «Тут я на сваім месцы, мне спакойна»
Цяпер яго пазыўны — «Рыцар». Андрэй Кушняроў — адзін з байцоў батальёна Каліноўскага. Яшчэ нядаўна ён быў старшынёй аргкамітэта партыі «Дэмакратычны саюз», створанай пад крылом Васкрасенскага, у лютым даваў інтэрв’ю на дзяржаўным тэлебачэнні. Як ён апынуўся ў гэтых структурах, а пасля — на вайне? «Наша Ніва» пагутарыла з Андрэем.
Андрэю 41 год. Ён родам з Гомеля, яго жонка — украінка. У Беларусі ён, па яго словах, працаваў праграмістам у прыватнай кампаніі. Да «Дэмакратычнага саюза» (туды ён прыйшоў у красавіку 2021-га, сцвярджае, што знайшоў пра партыю інфармацыю ў інтэрнэце) Андрэй быў удзельнікам Руху «За Свабоду».
Сам ён калісьці пражыў ва Украіне сем гадоў. Як толькі пачалася вайна, Андрэй разам з жонкай выехаў з Беларусі.
«Для мяне стала вялікай нечаканасцю, што Расія напала на Украіну. І зрабіла гэта праз Беларусь. Я меркаваў, што будзе нейкая невялікая аперацыя, але што такая вялізная вайна — не, — дзеліцца Кушняроў. —
Калі ўсё пачалося, я не ведаў, што мне рабіць. Думаў нават выйсці на мітынг. Літаральна праз пару дзён вырашыў, што я больш не магу проста сядзець. І яшчэ ў краіне, праз якую ідзе расійская тэхніка.
Спачатку думаў пайсці ў інтэрнацыянальны легіён. А потым больш стала з'яўляцца інфармацыі пра батальён Каліноўскага, я сабраў рэчы і паехаў. Прайшоў навучанне, і цяпер ужо ўдзельнічаю ў баявых дзеяннях».
У батальёне беларускіх добраахвотнікаў, кажа Кушняроў, да яго былі пытанні з нагоды такой біяграфіі, усіх навабранцаў там строга правяраюць, але праверку ён прайшоў.
Андрэй настойвае, што разам з Юрыем Васкрасенскім у «Круглым стале дэмакратычных сіл» (КСДС) ніколі не працаваў. Ён быў у партыі «Дэмакратычны саюз».
«КСДС і партыя дзеляць адзін офіс, і на гэтым усё заканчваецца, — кажа ён. — Не ведаю, ці разумее Васкрасенскі, але ў партыі людзі гэта падзяляюць.
Я пайшоў у «Дэмакратычны саюз», бо лічыў, што трэба нешта рабіць. Выцягваць людзей з турмы, спрабаваць згладзіць сітуацыю. Недзе гэта ўдавалася, а часцей — не. Лічу, што Расія большая праблема, чым Лукашэнка».
Аргкамітэт партыі лукашэнкаўцы выкарысталі выключна для прапаганды. Вялікая амністыя палітвязняў так і не здарылася, нават з тых, хто пісаў прашэнне аб памілаванні (заяўлялася, што такіх каля 300), на свабоду выйшла толькі каля 20 чалавек. Кушняроў кажа, што ён з партыйцамі дапамагаў арганізоўваць гуманітарную дапамогу бежанцам у Брузгах, хадзіў на суды над палітзняволенымі.
Кушняроў тлумачыць, чаму не паддаўся дзяржаўнай прапагандзе.
«За пэўную колькасць гадоў у беларускай палітыцы я разумеў, што такое дзяржаўныя СМІ. А ў Беларусі асабліва. Вядома, я не верыў у тое, што там пісалі. Гэта пекла», — выказваецца ён.
Пры гэтым Андрэй лічыць, што «Дэмакратычны саюз» нельга называць муляжом апазіцыі. Па яго словах, людзі з гэтай партыі спрабавалі ўзаемадзейнічаць з сістэмай.
«І гэта трэба рабіць у мірны час, — упэўнены ён. —
Цяпер я не бачу магчымасці супрацоўнічаць з сістэмай. А тады былі спадзяванні, што можна камусьці дапамагчы».
Андрэй ужо прайшоў ваеннае навучанне. На пытанне, ці не перадумае ён ваяваць за Украіну, мужчына адказвае, што для яго гэта квіток у адзін канец. У Беларусі яму цяпер пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у ваенных дзеяннях ва Украіне.
«Пры гэтым рэжыме ўезд назад мне закрыты. Калі я тут стаю са зброяй у прыфрантавой зоне, я разумею, што за мной мірныя людзі. Тут не ўзнікае сумневаў. Я ведаю, што бараню, і бачу, што адбываецца. У любога здаровага чалавека будзе такая пазіцыя.
У самім батальёне мы часта разыходзімся ў меркаваннях на тэму палітыкі. Але цяпер вайна і вось гэтыя рознагалоссі павінны быць адоленыя. У нас адна мэта — адстаяць свабоду Украіны», — кажа Андрэй.
Блізкія падтрымалі рашэнне мужчыны паехаць ваяваць ва Украіну. Але былі і тыя, хто напісаў, што «гэта не наша вайна» і што Андрэя гэта не тычыцца.
«Калі сюды ляцяць ракеты з Беларусі, мяне здзіўляе такая пазіцыя людзей. Ім усё роўна. У іх няма перад вачыма дзяцей з адарванымі нагамі, разбураных гарадоў. Яны не адчуваюць гэты боль. У самой партыі, калі я сыходзіў, некаторыя выказалі мне падтрымку асабіста, яны зрабілі гэта непублічна, а іншыя не. Тут па-рознаму, — дзеліцца ён. — Я не мог спакойна жыць і спаць, калі пачалася вайна. Цяпер я на сваім месцы, мне спакойна.
Мне жахліва балюча гэта казаць, але з-за Лукашэнкі, абыякавасці многіх беларусаў, прапаганды, расійскага ўплыву, міжнароднага патурання Беларусь з'яўляецца краінай-агрэсарам, якая ўцягнутая ў вайну».
Каментары