IKEA прыняла рашэнне пра далейшы лёс свайго бізнэсу ў Беларусі і Расіі. Пасля нападу Расіі на Украіну кампанія абвясціла пра прыпыненне аперацый у абедзвюх краінах.
«На жаль, абставіны не палепшыліся, і разбуральная вайна працягваецца. Прадпрыемствы і ланцужкі паставак па ўсім свеце моцна пацярпелі, і мы не бачым магчымасці аднавіць працу ў найбліжэйшы час», — гаворыцца ў новай заяве кампаніі.
На гэты момант рознічны бізнэс IKEA ў Расіі застанецца прыпыненым. Кампанія будзе скарачаць працоўную сілу. Каб забяспечыць выплаты, будзе праводзіцца распродаж тавараў са складоў у РФ.
Inter IKEA прадасць чатыры свае заводы ў РФ, скараціўшы працоўную сілу.
Пастаўкі тавараў IKEA ў Расію і Беларусь, а таксама закупкі ў гэтых краінах застаюцца пад забаронай.
«Два офісы Inter (закупак і лагістыкі) ў Маскве і Мінску будуць зачыненыя назаўжды», — паведамілі ў кампаніі.
Нагадаем, раней паведамлялася, што прадпрыемствы ў Беларусі, якія займаліся вытворчасцю тавараў для шведскай групы, былі адпраўленыя ў прастой.
Каментары