Кінафестываль «Паўночнае ззянне» прэзентаваў беларускую праграму. Што паглядзець анлайн і на вялікім экране?
У беларускую праграму фэсту ўвайшлі 11 фільмаў, для многіх з якіх адпраўны пункт так ці інакш — гэта падзеі 2020 года ў Беларусі. Сярод іх таксама гісторыі пра сямейныя і асабістыя драмы, пра моцных жанчын, пераадоленне ўласных траўмаў, пра жыццё ў эміграцыі і будаванне ўспрыняцця дому па-за межамі сваёй краіны. Ад фільмаў, што збіраюць узнагароды і авацыі на міжнародных кінафестывалях, да андэграўнднага беларускага кіно, якое звычайна альбо вельмі падабаецца, альбо зусім не.
«Край свету»
2021, Бельгія, Літва
Паказ — 22 лістапада, 19:20, Вільнюс, к/т Skalvija
Фільм «Край свету» Ганны Саўчанка даследуе лёсы сем'яў, падзеленых беларуска-літоўскай мяжой. Кіно сканцэнтравана на тэме тэрытарыяльнага падзелу і таго, як людзі, чые жыцці закранула гэтая мяжа, жылі да яе збудавання, і як — пасля. Добрае дакументальнае расследаванне, якое расказвае пра дзве абсалютна розныя канцэпцыі свабоды: пра тую, якая ёсць у Еўропе, і пра тую, што ў Беларусі.
У фільма ёсць невялікая сцэна, у якой з'яўляецца Алесь Бяляцкі, заснавальнік праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года.
«Shirey Mara»
2021, Беларусь
Паказ — 22 лістапада, 19:20 — Вільнюс, к/т Skalvija, а таксама анлайн у гэты дзень з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)
Філасофскі анімацыйны фільм Наты Карнеевай з хронаметражом у 10 хвілін. Казачна-паэтычная гісторыя аб прымірэнні са стратай каханага чалавека, аб чаканні першага снегу і аб паху вішнёвага лісця.
«Калі кветкі не маўчаць»
2021, Польшча
Паказ — 24 лістапада, 19:15, Талін, к/т Artis
Эмацыйны чорна-белы дакументальны фільм паказвае настрой у краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года вачыма некалькіх беларускіх сем'яў. Зрэжысаваў кіно Андрэй Куціла — неаднаразовы ўдзельнік «Артдакфэсту» і лаўрэат фестывалю IDFA. Адна з гісторый, якія дакументуе Андрэй у фільме, — гісторыя яго роднай сястры, якая прайшла праз Акрэсціна. Такім чынам глядач можа вельмі блізка ўбачыць наступствы траўматычнага досведу праз дыялогі, якія звычайна застаюцца за камерай. Фільм перамог у дакументальным конкурсе Варшаўскага кінафестывалю.
«Мара»
2021, Францыя, Вялікабрытанія
Паказы — 23 лістапада, 19:10, Вільнюс, к/т Skalvija, 25 лістапада, 17:30, Талін, к/т Artis, а таксама анлайн 25 лістапада з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)
«Мара» расказвае пра сведку прэзідэнцкіх выбараў і пратэстаў у Беларусі. У стужцы хроніка змешваецца з пастановачнымі кадрамі — снамі, у якія збягае ад рэальнасці галоўная гераіня. Фільм цесна звязаны з беларускімі казкамі, дзе ёсць Мара, якая прыходзіць і дорыць добрыя ці злыя сны. «Мара» — гэта такое антрапалагічнае дакументальнае кінаэсэ пра боль, надзею, жаноцкасць і барацьбу за свабоду.
Рэжысёр фільма Саша Кулак з'ехала з Беларусі ў свае 16 гадоў, а ў 2020 годзе вярнулася на радзіму, каб удзельнічаць у лёсе краіны. Аўтарка нашумелых «Саламанкі» і «Хронікаў ртуці» не планавала здымаць фільм, але паступова з'явілася ідэя і шмат пачуццяў, якія хацелася перадаць. Яна кажа, што для яе гэты фільм — даследаванне страху.
«Дапаможнік»
2021, Беларусь, Германія
Паказ — анлайн 24 лістапада з 00:00 да 23:59 (даступны толькі на тэрыторыі Беларусі)
Гісторыя алегарычна звязаная з падзеямі жніўня 2020 года. «Дапаможнік» — гэта візуальнае разважанне аб тым, што ўсе катаванні не выпадковыя і што не можа чалавек іх спантанна прыдумаць. Гэта значыць, што існуе дапаможнік, у якім яны апісаныя. Рэжысёр Павал Мажар вывучыў сотні паказанняў сведак у інтэрнэце і выкрыў пэўны алгарытм рэпрэсій. Ён ператварыў свой пакой у Берліне ў студыю, дзе інсцэнаваў паказанні сведак «паліцыянтам» у чорным адзенні і балаклаве і чатырма «затрыманымі», аднолькава апранутымі ў кашулі і джынсы. Атрымалася кінападсумаванне дасканалага даследавання пра тое, як беларуская дыктатура запалохвае і катуе пратэстоўцаў.
Фільм перамог у катэгорыі кароткаметражнага кіно на галоўным міжнародным дакументальным конкурсе IDFA.
«Спатканне ў Мінску»
2022, Беларусь
Паказ — анлайн 27 лістапада з 00:00 да 23:59 (даступны толькі на тэрыторыі Беларусі)
«Спатканне ў Мінску» зняў Мікіта Лаўрэцкі — рэжысёр, які займае асобнае месца ў нішы беларускага андэграўнду ў кіно, а цяпер нават спрабуе сябе ў стэндапе. Ён здымае ў жанры «мамблкор», то-бок незалежнае нізкабюджэтнае кіно з акцёрамі-аматарамі. Таму часта Мікіта сам сабе рэжысёр, сцэнарыст, прадзюсар і акцёр.
«Спатканне ў Мінску» — камерная радыёп'еса аб тым, што Мікіта і яго дзяўчына і пастаянная муза Оля знаходзяцца ў аб'юзіўных і сузалежных адносінах. Галоўныя героі вырашаюць схадзіць на спатканне, быццам ідуць на яго першы раз, як 8 гадоў таму. На выхадзе маем паўтары гадзіны размоў пра жыццё, адносіны, палітыку, эміграцыю і радзіму падчас гульні у більярд, знятыя адным дублем. Выдатны спосаб акунуцца ў атмасферу Мінска, беларускай кінатусоўкі, настальгіі і лепшых жартаў аўтара. «Спатканне ў Мінску» перамог на топавым міжнародным кінафестывалі Doclisboa ў Партугаліі.
«У адзіночку»
2020, Вялікабрытанія
Паказ — анлайн 21 лістапада 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)
«У адзіночку» — фільм Беларускага Свабоднага тэатра (Мікалай Халезін, Наталля Каляда, Эндру Сміт), які вывучае экзістэнцыйны боль Украіны з нечаканай перспектывы: вачыма адной з найбольш камерцыйна паспяховых фігур украінскага шоў-бізнэсу — Андрэя Хлыўнюка, саліста хіп-хоп— і рок-гурта «Бумбокс». Адметна, што ў дакументальным фільме Андрэй Хлыўнюк раскрываецца як чалавек, а не як паспяховы артыст. Музыка знаходзіць сабе місію — апавядаць свету пра вайну на ўсходзе Украіны, якая ідзе з 2014 года, і матываваць фанатаў далучацца да яго барацьбы. Паралельна з тым глядач назірае за сяброўствам Андрэя з Беларускім Свабодным тэатрам.
«Праз рэйкі»
2021, Беларусь, Польшча
Паказ — анлайн 30 лістапада з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)
Жывое, гумарыстычнае і сур’ёзнае дакументальнае апавяданне ад рэжысёра Антося Сівых пра беларусаў, якія пераасэнсоўваюць сябе ў эміграцыі ў Польшчы. «Праз рэйкі» поўны разважанняў аб тым, што чалавек перажывае, калі апынаецца ў новым геаграфічным і культурным асяроддзі. Героі фільма — беларускія студэнты з розных універсітэтаў, якія апынуліся ў адным горадзе — постіндустрыяльнай і постапакаліптычнай польскай Лодзі. Фільм для тых, хто з'ехаў і задаецца пытаннямі: «Як асталявацца? Як жыць?» — і хоча паглядзець на людзей у такіх жа абставінах.
«Дзіма»
2020, Беларусь
Паказ — анлайн 24 лістапада з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)
«Дзіма» — дакументальнае суправаджэнне жыцця героя, мужчыны Дзімы, які шмат і доўга сядзеў за крадзяжы і не толькі. Дзіма жыве ў звычайнай беларускай вёсцы, і глядач фільма становіцца сведкам паўсядзённага жыцця мужчыны: як галоўны герой ходзіць у госці, ловіць рыбу, паліць у печы. Паралельна з гэтым ён разважае, як пражыў сваё жыццё. Рэжысёр карціны Дзіма Дзядок — самабытны аўтар, які зусім камерцыйна не арыентаваны: ён канцэнтруе свой погляд у творчасці на простых неабароненых людзях, ад якіх усе адварочваюцца. Фільм «Дзіма» таму пацвярджэнне.
«DOMUM»
2020, Беларусь
Паказ — анлайн 26 лістапада з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)
Гэта дакументальны фільм пра двух беларусаў: адзін даўно з’ехаў, а другі ўсё жыццё працуе ў сельскай школе. Іх не аб'ядноўвае нічога, акрамя Беларусі — краіны, у якой яны нарадзіліся. Фільм заснаваны на развагах пра радзіму і свабоду выбару: з'ехаць ці застацца. Рэжысёр карціны «DOMUM» Максім Сіры адносіцца да беларускага андэграўнду, а да прыходу ў кіно рабіў кліпы музычным гуртам, сярод якіх J:Морс, «Без білета», «Разбітае сэрца пацана», Naka.
«Лета 1989»
2022, Беларусь
Паказ — анлайн 28 лістапада з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)
Ігравая чорна-белая карціна «Лета 1989» — гэта гістарычная рэканструкцыя аб тым, як пяцёра падлеткаў адзначаюць школьны выпускны на прыродзе. Фільм складаецца з замалёвак, якія паказваюць жыццё ўжо амаль постсавецкіх хлопцаў і дзяўчат. Размовы ля вогнішча, думкі аб будучыні, каханне, нянавісць, здрада, сутычкі з мясцовымі жыхарамі, сталенне за некалькі дзён — усё гэта ўбачаць гледачы. Гэта чарговая прадзюсарская праца Леаніда Каліцені, якую зрэжысаваў Уладзімір Казлоў.
Online-івэнт — беларуская дыскусія «Як дома»
29 лістапада, 16:00 (мінскі час)
Беларускае незалежнае кіно перажывае дзіўныя часы, калі рэжысёры разляцеліся па ўсім свеце, але не могуць прыехаць і здымаць фільмы ў сваёй роднай краіне. Як выглядае кінапрацэс у выгнанні? Падчас online-дыскусіі аўтары стужак, што ўвайшлі ў беларускую праграму «Паўночнага ззяння», раскажуць, дзе цяпер яны адчуваюць сябе як дома і ці ўдаецца ім знаходзіць сілы ды магчымасці, каб здымаць кіно, салідарызавацца з калегамі і не губляць сувязь з гледачом. Мадэраваць размову будуць дырэктарка «Паўночнага ззяння» Воля Чайкоўская і культуролаг Максім Жбанкоў.
Уся праграма ў online будзе даступная бясплатна па папярэдняй рэгістрацыі, якая пачне працаваць неўзабаве. Глядзець фільмы «Ззяння» можна будзе з 20 па 30 лістапада, яны будуць даступныя 24 гадзіны згодна з раскладам. Таксама вы можаце падтрымаць фестываль данатам.
Каментары