«Сваіх не кідаем». Мінскі Свята-Елісавецінскі манастыр актыўна спрыяе расійскай агрэсіі ва Украіне
У жніўні ў манастыры была створана валанцёрская група «Дапамога братам» пад кіраўніцтвам манашкі Аляксандры. Яна займаецца зборам сродкаў для патрэбаў расійскіх вайскоўцаў, якія вядуць захопніцкую вайну ва Украіне, паведамляе «Хрысціянская візія».
Валанцёрская група створаная з ініцыятывы і бласлаўлення духоўніка манастыра протаіерэя Андрэя Лемяшонка, вядомага сваімі прарасійскімі і пралукашэнкаўскімі поглядамі. Займаецца гэтая група не толькі зборам дапамогі, але і напісаннем лістоў салдатам: на канвертах так і напісана — «дорогому солдату из Белой Руси / Белоруссии».
Валанцёрская група Свята-Елісавецінскага манастыра супрацоўнічае з такой жа групай, створанай за паўгода да таго, адразу пасля пачатку шырокамаштабнай вайны, у манастыры Марыі Магдаліны ў сяле Нікольскае Арлоўскай вобласці.
Варта адзначыць, што і раней Свята-Елісавецінскі манастыр на працягу многіх гадоў займаўся аказаннем гуманітарнай дапамогі «ДНР» і «ЛНР». Аднак тады гэтая дапамога дэкларавалася як дапамога не вайскоўцам, а «мірным жыхарам».
Каментары