Дзяржава для народа: у Францыі прэзерватывы зробяць бясплатнымі для моладзі ад 18 да 25
Як абвясціў французскі прэзідэнт Эманюэль Макрон, у аптэках краіны пачнуць бясплатна раздаваць прэзерватывы для моладзі 18—25 гадоў. Макрон лічыць, што гэта дапаможа ў змаганні з інфекцыямі, што перадаюцца палавым шляхам.
Макрон назваў гэты крок «малой рэвалюцыяй». Ён таксама адзначыў, што для падлеткаў могуць стаць абавязковымі прышчэпкі супраць папіломавіруса чалавека, бо гэта магло б дапамагчы знізіць колькасць захворванняў на рак, асабліва на рак шыйкі маткі. Французскі прэзідэнт выступае і за павышэнне інфармавання моладзі пра гэтую праблему, паведамляюць французскія СМІ.
Магчыма, французы маюць рэпутацыю сэксуальна дасведчанай нацыі, але, паводле органаў аховы здароўя, французская моладзь дрэнна разумее, як абараніць сябе ад хвароб падчас сэксу. Колькасць інфекцый, што перадаюцца палавым шляхам, з 2000 года няўхільна расце, а за час з 2017 па 2019 гады гэта лічба ўвогуле патроілася. Большасць дактароў лічыць, што ў 2020 годзе трэнд падоўжыўся, але дакладна сказаць цяжка, бо падчас пандэміі колькасць аглядаў у венеролага знізілася на 30%.
Да сёння французы 18—25 гадоў маглі атрымаць прэзерватывы бясплатна толькі тады, калі яны маюць рэцэпт ад доктара, а малодшыя за 18 гадоў падлеткі маглі атрымаць іх бясплатна ў школах і асацыяцыях планавання сям’і. Калі ў падлетка, якому не менш за 15 гадоў, ёсць рэцэпт на прэзерватывы, дзяржава кампенсуе яму 60% цаны набытага ў аптэцы прэзерватыва.
Французскі прэзідэнт таксама лічыць, што ў краіне трэба палепшыць праграмы па сэксуальнай адукацыі, каб спыніць рост хвароб, што перадаюцца палавым шляхам: «Рэальнасць знаходзіцца далёка ад тэорыі. Нам неабходна значна лепш рыхтаваць нашых выкладчыкаў па гэтай тэме».
Каментары