Сяргей Будкін: Цяпер у культуры час ціхіх спраў, і яго трэба правесці з карысцю
Вядомы культурніцкі дзеяч, кіраўнік Беларускай Рады культуры ў інтэрв'ю Budzma.com называе 2022-гі самым цяжкім ад 90-х гадоў для беларускай культуры, але лічыць, што беларусы «абавязаныя трымаць выклік, каб захаваць сябе і краіну».
Сяргей Будкін кажа, што, нягледзячы на цяперашняе існаванне беларускай культуры насуперак, пазітыўная перспектыва ўсё ж ёсць, і тлумачыць, дзе яна.
— Ацэньваю 2022-гі як вельмі цяжкі год. Можа быць, самы цяжкі з усіх за перыяд майго назірання — з канца 90-х. Ён самы цяжкі і ў плане стратаў, і ў плане такога вось існавання культуры насуперак, і ў плане такіх катастрафічных неспадзяванак, як вайна ва Украіне. Мы апынуліся ў зусім іншых умовах у гэтым годзе, і задача захавацца і тым больш нешта развіваць — у тым ліку ў культуры — ускладнілася ў разы. Летась падавалася досыць цяжкай задачай захаваць сферу, развіваць яе, а цяпер гэта яшчэ больш і больш цяжка, больш з’явілася выклікаў для ўсіх нас. Пры гэтым шляху назад, безумоўна, у нас няма. Што казаць, калі гаворка ўжо вядзецца наўпрост пра страту незалежнасці нашай краіны. Але гэта той выклік, які мы абавязаныя трымаць, каб уласна захаваць сябе і сваю краіну. Я вось спрабую глядзець з пункту гледжання пазітыўнай перспектывы.
— Ты бачыш гэтую пазітыўную перспектыву?
— Бачу, безумоўна. Інакш бы не плаціў дагэтуль за паслугі аднаго з беларускіх мабільных аператараў. Па-першае, я не губляю сувязі з краінай, у мяне там сябры, блізкія, родныя людзі, я жыву ў гэтай прасторы, у беларускай прасторы. І не перастаю паўтараць, што на ўсіх беларусаў, зацікаўленых у захаванні сваёй краіны, дзе б яны цяпер фізічна ні знаходзіліся — сам я тры дні таму быў у Тбілісі, потым знаходзіўся ў Варшаве, цяпер вось мы сядзім і размаўляем у Вільні — тэрытарыяльнае знаходжанне абсалютна не павінна ўплываць, калі яны робяць беларускую справу.
— Але ці не баішся, што беларуская культура можа ператварыцца ў такую сабе касмапалітычную плынь па-за Беларуссю, у найлепшым выпадку па знешнім перыметры нашай краіны?
— А тут не трэба ўвогуле ўспрымаць тэрыторыю Беларусі як выпаленую зямлю, дзе нішто не расце. Трэба бачыць нашу агульную культурніцкую прастору — тады становіцца больш зразумела, што можа зрабіць кожны, каб стварыць свой унёсак, каб захаваць беларускасць. Безумоўна, тое, што робіцца па-за Беларуссю як тэрыторыяй, канечне, зараз больш заўважна. Тым не менш, я ведаў, напрыклад, пра спектаклі Аляксея Стрэльнікава ў Беларусі, ведаў і ведаю, што робяць іншыя людзі, якія застаюцца ў Беларусі. Яны проста робяць гэта па-за ўвагай, па-за радарамі, скажам так.
Казаць, што там усе сядзяць у Беларусі склаўшы рукі, безумоўна, проста немагчыма. Проста тое, што робіцца там у культуры, выплыве і стане вядомым, канечне, пазней. Але жыццё культурніцкае не замірае там, нельга так гаварыць.
Ну і плюс там выспявае штосьці. Выспявае ў турмах, унутры саміх людзей, бо нават тое невялічкае каліўца, што да нас даходзіць вось хоць бы ў выглядзе дзіцячай літаратуры з турмы, сведчыць пра тое, што працэс асэнсавання, працэс творчасці, працэс натхнення нават у такіх умовах на стварэнне нечага і адпаведна матывацыі на натхненне іншых людзей — несупынны.
І гэта паказвае, па-першае, наколькі моцныя духам нашы людзі, па-другое, што пераламаць культуру, забіць яе, знішчыць беларускасць немагчыма апрыёры. Нашы ворагі не разумеюць усю нашую ўнутраную моц і сілу, таму і думаюць, што гэта можна закапаць. Але яно прарасце, безумоўна, праз асфальт, бетон, камяні. Я бачу гэтыя невялічкія расткі.
— І што скажаш наконт галоўных падзей у беларускай культуры за гэты год?
— А вось тут буду юліць. Бо скінуў з сябе ролю эксперта, адмовіўся ад складання калісьці любімых мною рэйтынгаў і аддаўся на карысць канкрэтнай менеджарскай арганізатарскай працы ў Беларускай Радзе культуры. Трэба максімальна сканцэнтравацца на сваёй місіі і той зоне адказнасці, якая на мяне навалілася. Але тое, што я бачу жыццё, што бачу ў якасці праектаў, якія да нас прыходзяць, якія мы разглядаем, — дае мне агульнае разуменне таго, што мы жывём, мы дыхаем, мы ствараем.
Другая прычына, чаму я буду юліць у адказе на тваё пытанне, гэта тое, што шмат праектаў я проста не магу назваць, каб найперш не прыцягваць да іх увагу не тых людзей і структур.
Зараз час ціхіх спраў. Час, які трэба правесці з карысцю, як бы цяжка ні жылося зараз. Час для планавання, стратэгавання, мыслення наперад, на крокі наперад за нашых ворагаў, час для мадэлявання будучыні. І гэта можа проста дапамагчы захавацца самім сабе. Зараз вельмі цяжка ўсім: і тым, хто ў турмах, і тым, хто проста ў Беларусі ўздрыгвае ад кожнага скрыпу дзвярэй, гуку ліфта, пад’ехаўшай машыны. Цяжка і тым, хто за мяжой — без краіны, без дому, без нічога.
Бо як бы вольна табе ні было ў тым ці іншым сімпатычным табе і вольным горадзе — ён не твой, тваё месца не тут. Натуральна, мы павінны думаць пра палітвязняў, натуральна, мы павінны думаць, як дапамагаць людзям, якія знаходзяцца непасрэдна ўнутры краіны, але мы не павінны забываць, наколькі цяжка і складана шмат якім беларусам, у тым ліку людзям культуры, за мяжой. Калі яны галадаюць, калі яны не могуць знайсці сябе, калі яны не могуць уключыцца ў гэты культурны асяродак з розных прычынаў — мовы, канкурэнтнасці, псіхалагічнай няўпэўненасці — з гэтым нам таксама патрэбна працаваць і пра гэта казаць.
Таму мае галоўныя вынікі гэтага года будуць асэнсаваныя пазней. Я ўмоўна жыву ў 2025 годзе. Сяджу на сваім лецішчы пад Нясвіжам, разважаю і прамотваю час назад, гляджу, які шлях вяртання быў на гэтае лецішча.
Заклікаю таксама ўсіх не апускаць рукі і захоўвацца. Захоўваць сябе, захоўваць беларускую тэму, справу, беларускасць. Нават проста на прыватным узроўні захоўваць, прысвяціць гэты час вывучэнню мовы, чытанню дзецям казак, спяванню песень, бо нам важна Беларусь з сабой пранесці. Каб тым, хто з’ехаў і не можа зараз патрапіць дамоў, вярнуцца напоўненымі гэтай беларускасцю.
Чаму і важныя ўсе гэтыя песні, танцы, карціны, проста аматарскія творы і культурніцкія справы? Ды таму, што некаторым здаецца, што калі б’юць, калі вайна, калі паўсюль проста адна суцэльная трагедыя — недарэчна нешта там спяваць, маляваць, таньчыць… Але тыя артысты, якія спявалі, напрыклад, у нашым праекце «Артысты перамогі», тыя творцы, якія выстаўлялі на дабрачынныя аўкцыёны нейкія свае рэчы, тыя, хто ствараў, маляваў з салідарнасці ці проста для сябе, бо не мог маўчаць — вось гэта ўсё паказвае, што нам гэта трэба ўсім, што гэта сапраўдная падзея года.
Усё важна. Усё, што працуе на захаванне, на распаўсюд беларускасці, на асэнсаванне беларускасці.
— Усё важна, нават на ўзроўні ціхага сямейнага кола, — гэта маеш на ўвазе?
— Ведаеш, зараз шмат вакол нас людзей, якія адкрылі для сябе Беларусь толькі ў 2020-м, 2021-м годзе, пры тым, што нарадзіліся ў ёй і жылі там усё жыццё.
Але калі ты яе адкрыў для сябе, то можаш адкрыць Беларусь і для іншых. Гэта важна рабіць, бо без гэтага няма будучыні. Гэта для мяне банальна гучыць, што выхоўваць дзяцей трэба на прынцыпах беларускасці, але я бачу, што для некаторых гэта не вельмі відавочна.
Людзі пра гэта не задумваліся, бо існавалі ў нейкіх камфортных умовах і думаць пра ролю культуры, думаць наконт распаўсюду беларускай мовы як бы не было часу. Але ж усё пачынаецца з сям’і, пачынаецца з любові і павагі да бацькоў, родных, а потым мусіць культывавацца і любоў да сваёй зямлі, культуры, мовы. І тады ў будучыні не здарыцца той бяды, якая здарылася з беларусамі ў 1937-м, 2020-м і працягвае пакуль адбывацца.
Каментары
Дрэнна і сумна!