Пачаўся суд над «Вясной»: першыя за паўтара года ФОТА і ВІДЭА Бяляцкага і калег. Яны патрабуюць, каб суд ішоў па-беларуску
Сёння распачаўся суд над лідарамі «Вясны» — нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім, Валянцінам Стэфановічам і Уладзем Лабковічам.
Праваабаронцаў абвінавачваюць у «кантрабандзе арганізаванай групай» (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 2 арт. 342 КК).
Трое вясноўцаў утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 года — ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.
Таксама ў рэжыме спецвытворчасці судзяць і Змітра Салаўёва, якому пашчасціла з'ехаць за мяжу.
Прыйшла і першая інфармацыя з суда: «вясноўцы» патрабуюць зняць з іх кайданкі і весці працэс па-беларуску.
Суд праходзіць у адкрытым рэжыме, піша «Вясна». Усіх прысутных перапісалі. На суд прыйшлі прадстаўнікі дзяржаўнай прапаганды.
Прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса не пусцілі.
Алесь, Уладзь і Валянцін размаўляюць з суддзёй Марынай Запаснік на беларускай мове. На судзе праваабаронцы заявілі хадайніцтвы, сярод якіх — весці судовы працэс на беларускай мове і зняць кайданкі, бо гэта прыніжае іх годнасць.
Суддзя Марына Запаснік адмовіла ў хадайніцтве весці працэс на беларускай мове.
Бяляцкі заявіў таксама хадайніцтва даць перакладчыка з рускай на беларускую. Суд і гэтае хадайніцтва не задаволіў.
Інтарэсы на судзе Змітра Салаўёва прадстаўляе прызначаны следствам адвакат.
Абаронца Алеся Бяляцкага заявіла хадайніцтва аб змяненні яго меры стрымання на не звязаную з пазбаўленнем волі. Марына Запаснік не задаволіла хадайніцтва.
Пракурор Аляксандр Кароль у сваю чаргу заявіў, што «матэрыялы справы сведчаць пра тое, што Бяляцкі можа схавацца ад правасуддзя», і ён «не бачыць падстаў для змены яму меры стрымання».
Такое ж хадайніцтва заявіла абаронца Валянціна Стэфановіча. Суддзя Марына Запаснік таксама адмовіла ў задавальненні гэтага хадайніцтва.
На суд прыйшла таксама прапагандыстка Алена Красоўская, якая раней называла сябе праваабаронцай, а цяпер піша артыкулы для «Беларусь Сегодня». Яна і цяпер з зала суда піша артыкул на sb.by пра суд над вясноўцамі.
Валянцін Стэфановіч заявіў хадайніцтва, каб Красоўскую выдалілі з працэсу, бо яна давала паказанні па справе як сведка пад іншым прозвішчам — «Карповіч».
Але суддзя не задаволіла гэтае хадайніцтва, бо нібыта гэта здагадкі праваабаронцы. Але было пацверджана, што сапраўды прозвішча і імя некаторых сведак мянялі «з-за іх бяспекі».
Пракурор Кароль зачытваў абвінавачванне праваабаронцам паўгадзіны — у судзе абвясцілі перапынак на абед.
Алесь Бяляцкі заявіў, што не паспеў азнаёміцца з больш чым 70 тамамі і прасіў даць яму час на азнаямленне з матэрыяламі справы.
Суд заявіў, што ў яго было дастаткова часу (месяц) для азнаямлення з матэрыяламі справы, і няма падставы для прадастаўлення яму дадатковага часу для азнаямлення.
Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч не прызналі віну ні па адным артыкуле Крымінальнага кодэкса, якія ім ставяцца ў віну.
Абвінавачванні зачытвалі амаль дзве гадзіны.
На працэсе вызначылі наступны парадак судовага следства: адразу дапытаюць сведак, потым вывучаць пісьмовыя матэрыялы справы і пры неабходнасці рэчавыя і ў апошнюю чаргу дапытаюць саміх праваабаронцаў.
На судзе ўжо пачалі дапытваць першага сведку па справе — рэдактара «Народнай Волі» Іосіфа Сярэдзіча. Ён дае паказанні на беларускай мове і кажа, што так як не з'яўляўся супрацоўнікам «Вясны», то не ведае пра дзейнасць арганізацыі.
Пасля таго, як праваабаронцам зачыталі абвінавачванні, Алесь Бяляцкі заявіў, што яму не ў поўнай меры зразумелы тэкст, бо ён быў агучаны на рускай мове.
Суддзя Марына Запаснік сказала, што гэта можна расцэньваць як зацягванне працэсу. Бяляцкі адказаў, што гэта парушэнне яго правоў.
У судзе па «справе Вясны» абвешчаны перапынак да заўтра — 6 студзеня
У судзе па «справе Вясны» абвешчаны перапынак да заўтра — 6 студзеня
Судовы працэс пачнецца заўтра ў 10:30
Па справе ўсяго 283 тамы матэрыялаў па 300 старонак — гэта рэкорд па палітычнай справе, па якой праходзіць каля 100 сведак, было праведзена 120 ператрусаў па ўсёй краіне.
60-гадовы Алесь Бяляцкі не першы раз за кратамі. Улады ўжо арыштоўвалі яго на пачатку 2010-х. Праваабарончы цэнтр «Вясна» Бяляцкі стварыў у 1996-м і дагэтуль застаецца яго кіраўніком.
Летась праваабаронца стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру разам з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый «Мемарыял» з Расіі і «Цэнтр грамадзянскіх свабод» з Украіны. Ён не змог трапіць на цырымонію — прамову Бяляцкага на ўручэнні «Нобеля» зачытала ягоная жонка.
Адрас для лістоў салідарнасці:
СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Уладзімір Мікалаевіч Лабковіч, Аляксандр Віктаравіч Бяляцкі, Валянцін Канстанцінавіч Стэфановіч.
Каментары
Возможно,
им даже в глубине души стыдно за то,
что они делают.
Просто они боятся одного человека.
Но это их никак не оправдывает.
Когда-нибудь,надеюсь скоро,
обвинители и обвиняемые поменяются местами.