Траўматолаг і каліновец расклалі па палічках «лепшую за натаўскую» аптэчку
Падчас наведвання палігона Аляксандр Лукашэнка пахваліўся, што перадаў расійскім вайскоўцам аптэчкі, «лепшыя за натаўскія». Папрасілі медыка і каліноўца ацаніць гэту аптэчку.
Начынне аптэчкі, прэзентаванай Лукашэнкам. Фота: Мінаабароны
Разабраць, што ўнутры, дапамагае траўматолаг з 30-гадовым стажам Сяргей.
Мяркуючы па фота, удасканаленая індывідуальная аптэчка ўкамплектаваная:
— бінтом;
— гемастатычным бінтом;
— індывідуальным перавязачным пакетам;
— тактычным жгутом (дазваляе хутка і эфектыўна спыніць крывацёк з канечнасцяў і бяспечна транспартаваць пацярпелага да пункта аказання медыцынскай дапамогі);
— гумавым жгутом Эсмарха (прызначаны для часовага спынення крыві пры артэрыяльных крывацёках з верхніх і ніжніх канечнасцяў);
— антысептыкам;
— стэрыльнымі сурвэткамі на рану;
— назафарынгеальнай трубкай (сродак для аказання экстраннай дапамогі, з дапамогай якога ствараюць свабодны дыхальны канал для непрытомнага пацыента);
— пілюлямі, хутчэй за ўсё, болесуцішальнымі;
— пальчаткамі.
Камандзір эвакуацыі батальёна «Волат» палка Каліноўскага Настасся «Север» Махамет заўважае, што аптэчка някепская, але не па натаўскім стандарце.
«Яна лагічная і яе камплектавалі людзі з медычнай адукацыяй, якія разбіраюцца ў логіцы тактычнай медыцыны, аднак бачна, што ў іх нестае добрых рэсурсаў».
У аптэчцы ёсць матэрыялы для тампанады, ёсць бандажы, кроваспыняльныя сродкі. Аднак пытанне да іх якасці. Турнікеты (кроваспыняльныя жгуты) падобныя да кітайскіх. Яны горшыя па эфектыўнасці і часта рвуцца, калі іх выкарыстоўваюць.
«Што датычыць жгута Эсмарха, то ён зусім не прызначаны для хуткага накладання, а самому сабе яго накласці яшчэ цяжэй. Патрабуюцца высілкі. Трэба захоўваць нейкі час пастаянны ціск, а калі цяжкае раненне і мала часу, каб спыніць кроў, то жгут Эсмарха — кепскі выбар. У параненага не хопіць сіл даць з ім рады», — тлумачыць Анастасія.
Яна заўважае, што ў індывідуальнай аптэчцы не бачыць аклюзійнага пластыру — ён прадухіляе траплянне паветра, вільгаці і мікраарганізмаў у рану з навакольнага асяроддзя.
Па натаўскім стандарце ў кожнай індывідуальнай аптэчцы мусяць быць дзве такія наклейкі. У выпадку ранення ў грудную клетку, калі ёсць уваходная і выходная адтуліны, абедзве трэба закрыць.
(Адзначым, што на іншым калажы, апублікаваным Мінздароўя, гэты пластыр ёсць, але не ясна, ці да такой самай аптэчкі ён адносіцца).
Назафарынгеальныя трубкі, якія ёсць у індывідуальных аптэчках, павінны быць падабраныя індывідуальна пад кожнага байца.
«Антысептыкі — рэч добрая, і хлоргексідзін таксама, бо яго можна ліць нават у раны, але на гэта ў баі няма часу і магчымасці. Калі рану тампануеш, то яе апрацоўваць антысептыкам не будзеш».
На яшчэ адным фотаздымку з палігона — раскладзеныя медычныя прэпараты, нібы на выставе.
Траўматолаг звяртае ўвагу, што гэта іншая аптэчка — не індывідуальная, а групавая. Яна прызначаная не для самадапамогі, а для дапамогі іншаму чалавеку.
У ёй:
— бінт;
— кроваспыняльны жгут турнікетнага тыпу;
— хлоргексідзін — антысептык;
— пальчаткі;
— аклюзійны пластыр (прадухіляе траплянне паветра, вільгаці і мікраарганізмаў у рану з навакольнага асяроддзя);
— гемастатычны пластыр (прызначаны для спынення крывацёкаў з неглыбокіх павярхоўных ран);
— шпрыцы-цюбікі з марфінам;
— хірургічныя інструменты (нажніцы, сціскач);
— перакіс вадароду;
— ёд;
— антыбіётык;
— арміраваны скотч (ім фіксуецца шына, накладаецца на бінт ці павязку, бароніць ад вільгаці і бруду);
— паветравод (прызначаны для аднаўлення і падтрымання дыхання падчас рэанімацыйных дзеянняў, агульнага наркозу і непрытомных пацыентаў);
— таблеткі.
Настасся Махамет заўважае, што групавая аптэчка сабраная па той жа логіцы, што і індывідуальная. Яна неблагая, але ёсць пытанні да якасці і колькасці таго, што ў ёй ляжыць.
На фотаздымку ў камплекце байца-ратавальніка бачныя толькі два аклюзійныя пластыры. Хаця камплект павінен быць разлічаны на аказанне дапамогі дзесяці байцам — гаворка не пра дзве наклейкі дакладна.
У парамедыкаў, адзначае Настасся, заўсёды ёсць запас кроваспыняльных жгутоў, бандажоў, назафарынгеальных трубак і іншых неабходных прэпаратаў і рыштунку.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары