ГУБАЗіК расказаў пра жанчыну, якая «прыйшла пакаяцца». Пасля яе адправілі ў калонію і ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў»
Лукашысты заклікаюць беларусаў, якія выступалі супраць дыктатуры, прыйсці «пакаяцца». Але «пакаянне» не ратуе ад доўгіх турэмных тэрмінаў.
Таццяна Колас — 40-гадовая мінчанка. Раней яна працавала ў Мінскім гарадскім выканаўчым камітэце на пасадзе вядучай спецыялісткі. Мае дзіця. Пра Таццяну было невядома да ўнясення яе імя 5 снежня ў «спіс тэрарыстаў», які складае КДБ.
Напрыканцы чэрвеня 2022 года з жанчынай выйшла відэа на канале ГУБАЗіКа. Мяркуючы па датах на відэа, падзеі адбываюцца 21 красавіка 2022 года. Таццяна кажа, што ўбачыла ў інтэрнэце інфармацыю пра затрыманне некага з тых, хто пісаў у бот «Чорнай кнігі Беларусі», і вырашыла прыйсці «пакаяцца». Таксама яна кажа, што перадала ў бот ЧКБ даныя пра сілавікоў. А пасля візіту ў ГУБАЗіК яе нібыта спакойна адпусцілі.
Невядома, ці сапраўды яна сама прыйшла з прызнаннем або агучыла тое, што ёй сказалі сілавікі. Але паказальна тое, што адбылося далей.
Да суда жанчына знаходзілася пад хатнім арыштам. Але ў сярэдзіне восені Таццяне прысудзілі 6,5 года зняволення, а пасля этапавалі ў гомельскі СІЗА № 3. Згодна з інфармацыяй у спісе КДБ, прысуд ужо ўступіў у законную сілу — імаверна, жанчына ўжо пераведзеная ў жаночую калонію №4.
Унясенне ў спіс «тэрарыстаў» азначае, што для жанчыны заблакаваныя ўсе магчымасці фінансавых разлікаў унутры Беларусі — у калонію ёй нельга будзе пералічыць грошы, і ёй давядзецца там выжываць на нішчымным турэмным рацыёне.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары