Грамадства33

Доктар з Гомеля сабраў больш за 300 тэлефонаў Nokia розных гадоў. А яшчэ процівагаз і гумовыя боты ад гэтага брэнда ФОТЫ

У калекцыі анестэзіёлага-рэаніматолага РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека Сяргея Хадановіча больш за 300 апаратаў фірмы Nokia. Пра незвычайнае захапленне доктара піша «Гомельская праўда».

— Увесну 2017 года ўзнікла думка: а што калі пачаць калекцыянаваць апараты? Проста сам сабе кінуў выклік — змагу ці не? Да гэтага часу не магу адказаць на пытанне, чаму менавіта гэтую марку абраў. Усё адбылося зусім спантанна.

Першай мадэллю стала Nokia 7710, яе Сяргей знайшоў у інтэрнэце і набыў за невялікія па тагачасных мерках грошы. Тэлефон зацікавіў яго сваім вонкавым выглядам: гэта быў адзін з першых серыйных сэнсарных апаратаў фінскай кампаніі. Для 2005 года літаральна прарыў. Да таго ж пашанцавала з якасцю.

— У нашых краях складана знайсці яго ў выдатным або добрым стане, звычайна сур'ёзная ступень зносу. А гэты хоць і быў ужо ў карыстанні, але рабочы, без бачных пашкоджанняў — ідэальны па вонкавых і ўнутраных характарыстыках. Гэтым я і адрозніваюся ад прафесійных калекцыянераў — яны звычайна шукаюць новыя апараты з арыгінальным камплектам, упакоўкай. Для мяне ж дастаткова, каб тэлефон працаваў і выглядаў годна.

Далей калекцыянер пачаў шукаць і набываць мадэлі па такім жа прынцыпе. Хутка з'явіліся новыя знаёмствы. Сябры з энтузіязмам успрынялі хобі Сяргея і пачалі дапамагаць у пошуку, перадаваць яму ўсё больш тэлефонаў Nokia.

— З некаторымі пасябраваў настолькі, што яны сталі дасылаць мне іх пачкамі. За гэты час знаёмыя з Масквы адправілі каля ста мадэляў. Ёсць тэлефоны з Расіі, Эстоніі, ЗША, іншых краін.

Чым глыбей Сяргей Хадановіч пагружаўся ў тэму, тым больш даведваўся аб кампаніі Nokia. Высветлілася, што брэнд з'явіўся ў сярэдзіне XIX стагоддзя, першапачаткова фірма займалася дрэваапрацоўкай і вытворчасцю вырабаў з гумы: шынаў, абутку, процівагазаў…

У гамяльчаніна ёсць асобнік тых часоў: распыляльнік парашкападобных рэчываў, выраблены ў першай палове XX стагоддзя, гэта самы стары прадмет калекцыі. Выраб нагадвае клізму, але з металічным наканечнікам іншай формы, у выглядзе сетачкі, праз якую можна распыляць тальк. Ёсць на паліцы Сяргея і процівагаз, які быў на ўзбраенні фінскай арміі. А яшчэ абутак: гумовыя боты, туфлі, кеды. І сувенірная прадукцыя: значкі, памятныя жэтоны. Мара доктара — здабыць паперу Nokia для капіравальнай тэхнікі.

На гэты момант самым дарагім асобнікам сваёй калекцыі збіральнік лічыць смартфон N92. Ён не прызначаўся для продажу на постсавецкай прасторы, апарат не русіфікаваны. Затое ў ім ёсць свая фішка — падтрымка мабільнага тэлебачання, што для сярэдзіны 2000-х было эксклюзівам. Экран круціцца, падвойная клавіятура, камера фіксуецца — рэдкасць, адным словам.

З цікавага таксама мадэль 9300i — нешта накшталт міні-камп'ютара з функцыяй Wi-Fi, раскоша для 2005 года нябачаная.

Nokia 9300i

Культавая мадэль 8910 з тытанавым корпусам была тэлефонам класа люкс, яна таксама займае асаблівае месца ў калекцыі Сяргея. Высокая цана на апарат і цяпер — усё ж матэрыял не самы стандартны для вытворчасці мабільніка. Таксама адметны

Nokia 8910

Nokia 8110, так званы «банан», многія памятаюць яго па фільме «Матрыца».

Nokia 8110

У ліку любімых у гамяльчаніна мадэль 770 Internet Tablet — правобраз сучаснага планшэта, N-Gage — гульнявая прыстаўка і смартфон у адным корпусе.

Nokia 770 Internet Tablet

Ва ўсе мадэлі ўстаўлены сімкі, кожны тэлефон можна ўключыць і выкарыстоўваць па прызначэнні.

— Для працы ў мяне iPhone, а астатняе для душы. Але часам у якасці асноўнага тэлефона выкарыстоўваю нешта з калекцыі. Паглядзіце на іх, яны ўсе розныя! У гэтым таксама свая цікавасць. А зараз што? Безаблічныя прамавугольнікі. Раней быў палёт інжынернай думкі і свой фірмовы почырк, стыль, — дзеліцца збіральнік. — Адзіная праблема ў найбольш старажытных апаратаў — батарэі. На некаторыя мадэлі жудасны дэфіцыт. І немалаважна: іх трэба захоўваць асобна, але не ўсе гэта ведаюць. Батарэя можа раздзьмуцца, лопнуць, пашкодзіць апарат і сапсавацца сама. Я захоўваю іх у асобнай скрыні. Плюс Nokia ва ўзаемазамяняльнасці элементаў сілкавання — некаторыя тыпы іх акумулятараў падыходзяць прыкладна да некалькіх дзясяткаў мадэляў.

Тых, хто збірае прадукцыю Nokia ў Беларусі ў такім маштабе, Сяргей не сустракаў. Ёсць тыя, хто калекцыянуе мадэлі іншых марак, хтосьці толькі рэдкія ці найбольш каштоўныя. Для сувязі ў аматараў рэтра-тэхнікі ёсць група ў вайберы.

— Я цвёрда вырашыў, што ні пры якіх абставінах прадаваць экзэмпляры сваёй калекцыі не буду. Хіба што паўтараюцца мадэлі, і то імкнуся іх вымяняць на нешта рэдкае, — прызнаецца доктар.

Дарэчы, Сяргей у свой час набыў таксама пэйджар і нэтбук брэнда Nokia, і гэта таксама частка калекцыі. Галоўнае пытанне — дзе ўсё гэта размясціць. Асобнікі спакаваныя і чакаюць свайго часу. Збіральнік плануе абсталяваць спецыяльнае памяшканне, каб арганізаваць невялікі музей. А пакуль можна зазірнуць на віртуальную выставу проста ў інстаграм-акаўнце ўладальніка апаратаў пад нікам @narkozist_nokia.

Фота: Іван Кузмянкоў і з архіва Сяргея Хадановіча

Каментары3

  • дочка Максима Дизайнера
    05.03.2023
    эх. эпоха. і як хутка яна аднак прамільгнула...
    спачатку так - спрабавалі надаваць індывідуальнасць мадэлям (я пра плафоны))
    а зараз аднолькавыя ва ўсіх кірпічы
  • Эннот
    06.03.2023
    Боты эти до сих пор делают по олдскульным рецептам.
    Но это другая контора ,не телефонная.
  • Максим Дизайнер
    06.03.2023
    дочка Максима Дизайнера

    Дяаа, эпоха. А потом американцы пустили Нокиа под откос, чтобы не мешала Эпл и Моторолла, а потом и вообще продали китайцам за недаобностью. Жыве США!

Стала вядома, якія дні будуць выходнымі на Новы год

Стала вядома, якія дні будуць выходнымі на Новы год

Усе навіны →
Усе навіны

Першая віцэ-мэр Мінска Надзея Лазарэвіч прайшла праз затрыманне, муж застаўся ў СІЗА13

У Расіі мужчына, які выдаваў сябе за ўдзельніка «СВА» і спрабаваў утапіць дзяўчыну праз сінія валасы, пайшоў з турмы на вайну і загінуў7

Рэзідэнты ПВТ пералічылі грошы на выбарчую кампанію Лукашэнкі13

«Яндэкс Go» тлумачыць рост цэн на таксі: у Мінску кіроўцаў на лініі стала на 35% менш

Дзім Дзімыча не ўзялі ў лукашэнкаўскую «Белую Русь»3

Латушка даў паказанні ў Нацыянальнай пракуратуры Польшчы. Справа — пра замах на яго3

«Трупы, трупы, трупы нашых. Пад поўным кантролем дронаў». Дзённік расійскага штурмавіка, які ацалеў пад Ваўчанскам11

У 2020-м сын Ганны Канапацкай званіў у міліцыю з даносам на мінчукоў, якія развешвалі стужкі33

Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян пагаліў бараду. Яго не пазнаць9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, якія дні будуць выходнымі на Новы год

Стала вядома, якія дні будуць выходнымі на Новы год

Галоўнае
Усе навіны →