Мова66

«У мяне была гутарка з кадэбістам». Гісторыі замежнікаў, якія вывучылі беларускую мову ў дарослым узросце 

Яны нарадзіліся далёка ад Беларусі, і іх родныя мовы таксама далёкія ад беларускай, але яны ведаюць нашу. Паразмаўлялі з замежнікамі, якія ў дарослым узросце вывучылі беларускую, каб стаць бліжэй да сваіх каханых. 

Патэрсан Франко і Вольга. Фота: асабісты архіў

Бразілец Патэрсан Франко: «Без беларускай мовы немагчыма нават уявіць свабодную Беларусь. Без мовы не можа быць улады, якая сапраўды за Беларусь»

Патэрсан Франко — доктар літаратуры і культуры ў галіне міжсеміятычнага перакладу (так называюць пераклад моўных знакаў у невербальныя знакавыя сістэмы). А яшчэ ён, мабыць, самы вядомы замежнік, які вывучыў беларускую мову і карыстаецца ёй у паўсядзённым жыцці. Жывучы ў Бразіліі, ён абараніў магістарскую і доктарскую дысертацыі па фільме «Жыве Беларусь», знятым на падставе вайсковага дзённіка Франака Вячоркі. Таксама Патэрсан піша артыкулы пра беларускую мову, ідэнтычнасць і трасянку.

Вучыць беларускую бразілец вырашыў падчас паездкі ў Беларусь на пачатку 2012 года. Гэта было праз паўгода пасля таго, як ён пазнаёміўся ў горадзе Салвадор са сваёй будучай жонкай — беларускай Вольгай, якая была ў Бразіліі ў межах моладзевага абмену.

Тады Патэрсан ужо ведаў рускую (ён каля года жыў у Расіі), Вольга гаварыла па-партугальску, абое яны ведалі англійскую, так што агульных моваў для камунікацыі хапала. Але, прыехаўшы ў Беларусь, Патэрсан задумаўся, што неяк гэта няправільна, што яны ездзяць па розных беларускіх гістарычных мясцінах, а размаўляюць там па-руску.

«Я адказала, што па-руску мы размаўляем, бо ён не ведае беларускай. І ён сказаў, што, значыцца, будзе вучыць», — згадвае Вольга.

Яна і дапамагала Патэрсану вучыцца: «Першыя некалькі тыдняў ён бясконца запытваўся, як сказаць па-беларуску тое і гэтае. І прасіў задаваць яму пытанні па-беларуску, каб ён практыкаваўся ў адказах».

Праз паўгода пасля пачатку вывучэння беларускай мовы Патэрсан мог ужо размаўляць, а не проста адказваць на пытанні. Разам з мовай ён вывучаў і беларускую культуру. Ён лічыць, што гэтыя інтарэсы крочаць разам і што цікавіцца толькі мовай ці толькі культурай немагчыма хоць бы таму, што мова і ёсць частка культуры. А таксама частка ідэнтычнасці.

«Без беларускай мовы немагчыма нават уявіць свабодную Беларусь, — кажа Патэрсан. — Без мовы не можа быць улады, якая сапраўды за Беларусь. А беларусаарыентаваная ўлада будзе адпаведна будаваць эканоміку і адраджаць краіну».

Патэрсан згадвае, што ў яго ўніверсітэце амаль нічога не ведалі пра Беларусь, але ў гэтым была і перавага — у яго быў вялізны прастор для дзейнасці. «Раз тут амаль нічога не ведаюць пра Беларусь, значыць, я шмат чаго магу рабіць», — было ў яго на думцы ў той час.

Фота: асабісты архіў

Праўда, дагэтуль і Патэрсану, і Вользе даводзіцца тлумачыць бразільцам, што такое Беларусь, дзе яна знаходзіцца і чаму гэта не Беларусія. У партугальскай мове ёсць слова «Беларусія», і людзям, якія яго ведаюць, трэба тлумачыць, што гэтая назва звязаная з Савецкім Саюзам. Таксама даводзіцца распавядаць, што Беларусь — гэта не Расія і не «амаль Расія».

Цяпер Вольга дае прыватныя ўрокі беларускай, а Патэрсан ёй дапамагае. Таксама яны перакладаюць вершы палітзняволеных на розныя мовы, пішуць навіны пра Беларусь на сайце Voice of Belarus і на старонках Народнай амбасады, арганізоўваюць міжнародныя акцыі, так ці інакш звязаныя з Беларуссю — напрыклад, Ноч паэтаў.

Нягледзячы на любоў да беларушчыны, пара не мае жадання жыць у Беларусі: Вольга дужа любіць сонца і мора, дый Патэрсан кажа, што няма такога месца ў свеце, дзе ён хацеў бы жыць болей, чым у Салвадоры.

Пры гэтым абодва заўважаюць, як у 2020 годзе і пасля яго ў свеце вырас інтарэс да ўсяго, звязанага з Беларуссю. Іх з Вольгай падчас актыўнай фазы пратэстаў часта запрашалі на інтэрв’ю на бразільскае радыё і тэлебачанне, дзе яны тлумачылі, што пратэстаў супраць Аляксандра Лукашэнкі і раней было шмат, але зусім не такога маштабу.

«Сітуацыя яшчэ будзе цяжэйшай перад тым, як стане лепшай, — лічыць Патэрсан. — Але і ў Бразіліі, і па ўсім свеце ёсць шмат салідарнасці з Беларуссю, і мы рады, што хоць кропельку дапамагаем».

Бельгіец Адрыэн Бодуэн: Знаёмства са студэнтамі-гісторыкамі ашаламіла мяне

Адрыэн Бодуэн нарадзіўся ў Бельгіі, а вырас у Канадзе, і таму асаблівасці шматмоўя ў краіне яму знаёмыя даўно: у Бельгіі тры афіцыйныя мовы і пяць рэгіянальных, а ў Канадзе — дзве афіцыйныя і 25 моў карэннага насельніцтва.

Як і ў Патэрсана, інтарэс да Беларусі і беларушчыны ў Адрыена з’явіўся ўжо ў дарослым веку, і вялікую ролю ў ім адыграла каханне.

Адрыэн Бодуэн

Упершыню Адрыэн аказаўся ў Беларусі ў 2006 годзе. Тады ён разам з сябрамі вандраваў па Еўропе. Яны ездзілі па Чэхіі, Польшчы і ў нейкі момант вырашылі паехаць далей на ўсход. Яны шмат чулі пра Аранжавую рэвалюцыю 2004 года ва Украіне і пра пратэсты 2006 года ў Беларусі і падумалі, што было б цікава паглядзець, як выглядае жыццё ў гэтых краінах.

У гэтых вандроўках Адрыэн правёў месяц.

Беларусь яму спадабалася, але праз архітэктуру і асаблівасці сэрвісу ў хлопца ўзнікала адчуванне, быццам бы ён трапіў у Савецкі Саюз.

Ён падумаў, што было б цікава вывучыць рускую мову — гэта дапамагло б разумецца з людзьмі ў розных постсавецкіх краінах. Але адразу здзейсніць задуму не ўдалося: Адрыэн вярнуўся ў Канаду, каб вучыцца на гісторыка. Там жа ён вывучаў рускую і польскую, што пазней дапамагло яму і з беларускай.

Праз нейкі час бельгіец пераехаў з Канады ў Нямеччыну, а ў 2009 годзе ў другі раз паехаў вандраваць па Беларусі. Там ён сустрэў беларускамоўных студэнтаў з гістарычнага факультэта БДУ. Гэтае знаёмства здзівіла замежніка: ён быў упэўнены, што русіфікацыя ў Беларусі была настолькі інтэнсіўнай і паспяховай, што беларускай у жыцці ўжо ўвогуле ніхто не карыстаецца. Ён згадвае, што тут жа падумаў, як гэта жахліва, што беларусы ў Беларусі мусяць пераходзіць дзеля яго на рускую.

Вярнуўшыся ў Нямеччыну, Адрыэн стаў самастойна вывучаць беларускую. Ён кажа, што планаваў зноў паехаць у Беларусь і даць магчымасць сябрам — тым самым студэнтам гістфака — размаўляць з ім на іх роднай мове. Знаходзіць падручнікі па беларускай на адлегласці тады было дужа складана. Але калі Адрыэн у трэці раз прыехаў у Беларусь у тым жа 2009 годзе, ён ужо мог размаўляць на побытавыя тэмы. У гэты прыезд ён закахаўся ў беларускамоўную дзяўчыну, што стала яшчэ адным стымулам для вывучэння мовы.

Акрамя таго, Адрыэн пайшоў на двухмесячныя курсы беларускай на філфаку БДУ. Але інтарэс замежніка да беларускай зацікавіў беларускія спецслужбы.

«У мяне была гутарка з кадэбістам, які распытваў, чаму я хачу вывучаць беларускую мову», — згадвае бельгіец.

Ён распавёў суразмоўцы, што яму падабаецца беларуская літаратура, а вось пра тое, што чытае незалежныя беларускія СМІ, вырашыў прамаўчаць.

Але агулам размова была кароткай, і пагрозы бельгіец не адчуў. Ён увогуле не зусім зразумеў, што здарылася, пакуль не распавёў пра гэтую сустрэчу беларускім сябрам, якія і патлумачылі, што гэта, імаверна, была праверка з боку КДБ.

Тым разам Адрыэн пражыў у Мінску 8 ці 9 месяцаў і паступова пачаў карыстацца беларускай мовай амаль паўсюль. Ён згадвае, што негатыву ў адказ не было, але ён толькі аднойчы атрымаў адказ на беларускай ад незнаёмца — ва ўсіх астатніх выпадках яму адказвалі па-руску. А ў дзяржаўных установах Адрыэн і не спрабаваў карыстацца беларускай. Ён не памятае дакладна, ці то гэта была яго ідэя, ці то яму так параілі знаёмыя, але кажа, нібыта інстынктыўна разумеў, што ў Беларусі беларуская была мовай апазіцыі.

На сёння бельгіец можа размаўляць на сямі мовах. Але размоўнай практыкі ў беларускай у яго не было ўжо некалькі год: з дзяўчынай з Беларусі яны разышліся, з сябрамі таксама не атрымалася захаваць кантакт. Не губляць мову дапамагае чытанне беларускіх навін, якія, праўда, прыносяць шмат смутку. «Мне вельмі сумна ад усяго, што адбылося пасля выбараў у Беларусі. Калі я бачыў дэманстрацыі, я сапраўды спадзяваўся, што ў людзей атрымаецца, а цяпер бачу прыгавор за прыгаворам. Таксама сумна, што Беларусь цяпер як дзяржава ўдзельнічае ў вайне супраць Украіны», — кажа Адрыэн.

Каментары6

  • Mafkees
    03.04.2023
    Счастья и многих лет вместе Ольге и Франко.
  • Axel Justas
    03.04.2023
    А якая будзе ТВАЯ адмазка на сёння?
  • Гаспадыня тз Гирмании
    03.04.2023
    Мая дачушка тоже нашла свае щасце. Правда ни с первава раза, и ни дисятава даже. Искала, как магла, в тандырэ. И вот уже я прыехала к ней. И тоже ишчу!Ни работу жэ искаць в такой багатай стране!Пака только адни нищые украинцы пападаюцца. Но не цираю надежду. Пасобия пака хватает, и дачушкин прынц пака садержит. Па сикрэту скажу, что пасобие я ваабщэ не трачу!

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»22

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Усе навіны →
Усе навіны

Сталі вядомыя пяць новых прозвішчаў палітвязняў, што выйшлі на волю1

Гродзенцу далі чатыры гады за каментары, судзілі яго паказальна перад студэнтамі

Беларускі пашпарт назвалі найслабейшым у Еўропе4

Шольц: Ужыванне Расіяй новай гіпергукавай ракеты азначае, што трэба пазбягаць эскалацыі27

На падтрымку Васіля Верамейчыка меней чым за суткі сабралі палову сумы5

З кавай, цукеркамі і касметыкай: выбіраем адвэнт-календары, зробленыя ў Беларусі6

Жыхара Брэста, які хадзіў на палітычныя працэсы, асудзілі на сем гадоў5

Зяленскі пазбавіў звання заслужанай артысткі спявачку, з якой спяваў Лукашэнка10

Жонка Верамейчыка: Паспеў напісаць дачцэ адно слова — дэпартацыя1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»22

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Галоўнае
Усе навіны →