«Увесь чорны». Што апошняе было вядома пра Віктара Бабарыку ў наваполацкай калоніі
Тыя, хто з ім сядзеў, расказвалі, што да палітыка нікога не падпускаюць, а самі супрацоўнікі баяцца яго чапаць. «Ён калі ідзе, то як ледакол — усе расступаюцца». Але пры гэтым яго адпраўлялі на самыя цяжкія працы і трэціравалі пакараннямі.
Паплечнікі Віктара Бабрыкі паведамлялі, што ад палітыка каля двух месяцаў няма карэспандэнцыі.
Такое самае — з Мікалаем Статкевічам, Ігарам Лосікам і Максімам Знакам, іншымі вядомымі палітвязнямі.
Адвакат апошні раз сустракаўся з Віктарам Бабарыкам больш за месяц таму.
«Здароўе было нармальным, але пахудзеў. Але цяпер відавочна ўсё змянілася. Калі ў бальніцы — ёсць сур’ёзная пагроза», — лічыць Іван Краўцоў, каардынатар каманды Віктара Бабарыкі.
Адвакат Бабарыкі Іван Чыжык больш не можа працаваць з ім. Яго затрымлівалі падчас аблавы на адвакатаў, якая была 20 сакавіка (тады было вядома пра затрыманне яшчэ чатырох абаронцаў вядомых палітвязняў).
Па словах Краўцова, з былым прэтэндэнтам на прэзідэнцкую пасаду ліставалася вялікая колькасць людзей, але ўжо паўгода, як пачаліся праблемы.
«2 месяцы зусім нічога», — падкрэслівае ён.
Нядаўна Бабарыку змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (сюды пераводзяць злосных парушальнікаў), паведамляюць праваабаронцы. Калі дакладна гэта адбылося — невядома. Таксама паведамляецца, што доўгі час зімой Бабарыка правёў у ШІЗА.
Віктара Бабарыку ўтрымліваюць у наваполацкай калоніі. Былы яе сядзелец блогер Аляксандр Кабанаў назваў вязніцу адной з найгоршых па ўмовах.
«Начальнік на вачах падначаленых збівае людзей, здзекуецца з іх. Пры гэтым, думаю, ён атрымлівае ад сваіх дзеянняў асалоду. Гэта бачна па яго твары», — кажа блогер пра паводзіны Андрэя Пальчыка, ужо былога начальніка калоніі.
Аляксандр Кабанаў у «Току» адзначаў, што бачыўся з Віктарам Бабарыкам штодня, але пагаварыць з ім не ўдавалася.
Іншым зняволеным камунікацыю з экс-прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта строга забараняюць.
«Як з Бабарыкам, то адразу праблема. Аўтаматам цябе заносяць у чорны спіс. Цябе пачынаюць адстрэльваць. Пачынаеш у ШІЗА ездзіць. Калі з ім крымінальнікі спрабавалі гаварыць, то ім адразу прафулік могуць уляпіць. Яго ізалююць максімальна», — падкрэсліваў Аляксандр Кабанаў.
На пытанне, ці баяцца супрацоўнікі калоніі чапаць Бабарыку, бо дапускаюць, што ён можа стаць прэзідэнтам, Аляксандр Кабанаў адказваў наступнае:
«Адзін супрацоўнік мне ў гутарцы казаў: каб не наступіць нагамі ў бруд, дык ну яго нафіг, яшчэ прэзідэнтам стане. З супрацоўнікаў з ім не камунікуе ніхто. Ён калі ідзе, то як ледакол — усе расступаюцца. Супрацоўнікі да яго ставяцца нармальна — нейтральна».
Кабанаў піша, што ў ПК-1 проста так у гарадскі шпіталь не вывозяць.
«Звычайна спрабуюць замяць усё ў лагеры, адпраўляючы ў санчастку. Значыць, выпадак экстранны», — мяркуе ён.
Віктар Бабарыка спачатку працаваў у калоніі апальшчыкам у пякарні. Затым яму далі працу ўкладчыка хлебабулачных вырабаў. Увесь працоўны час ён знаходзіўся ў памяшканні без вентыляцыі, з тэмпературай плюс 30 градусаў.
У снежні родныя дазналіся, што зняволены палітык ужо выпальвае драўняны вугаль. Поўны працоўны дзень (9 гадзін) 6 дзён на тыдзень ён знаходзіцца на вуліцы. У яго не было доступу да бытавога памяшкання, дзе была б магчымасць сагрэцца падчас змены. Гэтую працу называюць адной з самых цяжкіх у калоніі.
Родныя былі занепакоеныя тым, што, нягледзячы на медыцынскія супрацьпаказанні, праца звязаная з падняццем цяжару, а таксама высокім узроўнем задымленасці.
У студзені 2023 года ад яшчэ аднаго нявольніка полацкай калоніі стала вядома, што Віктара Бабарыку паставілі на прафулік за нарэзку сала на падваконні.
«За Бабарыкам заўсёды ўзмоцнены кантроль. Як правіла, дзе ён працуе, там ставяць вельмі шмат камер, дзеля таго, каб ён не пакідаў працоўнае месца не паводле раскладу. Таксама на Бабарыку павесілі прафілактычны ўлік як на «схільнага да захопу закладнікаў, праяўлення агрэсіі і нападу на адміністрацыю», — расказаў вызвалены мужчына.
З Віктарам Бабарыкам бачыўся ў калоніі і цяпер ужо былы палітвязень Валянцін Лабачоў. Ён пацвердзіў «Белсату», што палітык «працуе на вугалі, увесь чорны» і знаходзіцца на прафілактычным уліку як «схільны да нападу на адміністрацыю і захопу закладнікаў».
Па словах Лабачова, з траўня 2022 года Бабарыку забаранілі ўсю перапіску і толькі роднай сястры ён тэлефануе. У ШІЗА на 10 дзён трапіў у маі, восенню таксама быў кінуты ў штрафны ізалятар. Пры канцы года яго пазбавілі спатканняў і пасылкі.
Былы вязень казаў, што Бабарыка трымаецца бадзёра, але да людзей ставіцца насцярожана, бо ў калоніі хапае стукачоў. Прасіў перадаць на волю, што не валодае поўнай інфармацыяй пра тое, што адбываецца, бо яму імкнуцца перакрыць усе магчымасці атрымання інфармацыі.
Віктара Бабарыку, які, мяркуючы па апытаннях грамадскай думкі, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года быў самым папулярным сапернікам Аляксандра Лукашэнкі, зняволілі 18 чэрвеня 2020 года, а ў ліпені 2021 года яму прысудзілі 14 гадоў пазбаўлення волі нібыта за «легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» і «атрыманне хабару».
26 красавіка 2023 года «Рабочы рух» распаўсюдзіў інфармацыю пра тое, што зняволены палітык трапіў у бальніцу.
27 красавіка ў наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы «Радыё Свабода» пацвердзілі, што Віктар Бабарыка ў іх.
«Бабарыка ў хірургіі», — адказалі ў шпіталі.
«Медыязоне» ў бальніцы дадалі, што стан палітыка задавальняючы.
Святлана Ціханоўская запатрабавала, каб Бабарыку публічна прадэманстравалі, паказаўшы, у якім ён стане, і дапусцілі да яго адвакатаў і сваякоў.
«Любыя іншыя дзеянні, — заяўляе Ціханоўская, — будуць трактавацца як наўмыснае прычыненне шкоды жыццю і здароўю».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзіце таксама:
У Віцебску масава звальняюць людзей, якія падпісваліся за Віктара Бабарыку — праваабаронцы
Мяняюць кіраўніка наваполацкай калоніі, дзе сядзяць Бабарыка і Лосік
Каментары