Гатаваць на грылі — адно задавальненне: свежае паветра, добрая кампанія і, як правіла, — смачны вынік. 15min.lt прапануе тры стравы на грылі, якія гатуюцца з самых простых прадуктаў.
Гатуючы на грылі, не забывайцеся на правілы бяспекі: стаўце грыль у месцах, дзе яго не перакуляць моцныя парывы ветру, і наогул, праверце, што грыль устойлівы і не збярэцца падаць. Пераканайцеся, што побач з мангалам няма сухіх кустоў, дрэў і іншых аб'ектаў з сухога дрэва. Ну і, натуральна, не пакідайце грыль без нагляду, не падпускайце да яго дзяцей і хатніх жывёл.
Каўбаскі з водарам размарыну
Вам спатрэбіцца:
- 6 свежых свіных каўбасак (або сасісак),
- 6 галінак свежага размарыну (як мага больш доўгіх і моцных),
- свежазмолаты чорны перац,
- дробка солі,
- 1 зубчык часнаку, здробнены.
Як гатаваць:
- Са сцяблін размарыну зніміце лісце (нам патрэбныя толькі сцябліны). Вазьміце па адной каўбасцы і акуратна праткніце яе ўздоўж сцяблінай размарыну.
- Праткнутыя каўбаскі складзіце ў міску, дадайце трохі солі, перцу і здробненага часнаку, накрыйце міску і пакіньце марынавацца на паўгадзіны пры пакаёвай тэмпературы (але не гарачай!).
- Калі грыль добра разагрэецца, пакладзіце каўбаскі на рашотку і гатуйце, час ад часу варочаючы, пакуль яны не падрумяняцца.
- Падавайце з улюбёным гарнірам — бульбай або пюрэ, смажанай ці свежай гароднінай.
Смажаныя курыныя крылцы з лімонам і зелянінай
Вам спатрэбіцца:
- 12 курыных крылцаў,
- 2 зубчыкі часнаку, здробненыя,
- нацёртая цэдра і выціснуты сок 1 лімона,
- сушаны чабор,
- сушанае арэгана,
- 1 ст. л. лыжка вадкага мёду,
- 4 ст. л. лыжкі аліўкавага алею,
- па вялікай дробцы перцу і солі.
Як гатаваць:
- Змяшайце ўсе інгрэдыенты, акрамя крылцаў, у місцы. Потым дадайце курыцу і вельмі добра перамяшайце, каб раўнамерна пакрыць сумессю.
- Калі грыль добра прагрэецца, пакладзіце крылы на рашотку і гатуйце 15-20 хвілін. Пасыпце сумессю з міскі.
- Падавайце з зялёнай салатай.
Запечаныя бананы з шакаладам і свежымі вяршкамі
Вам спатрэбіцца:
- 4 спелыя бананы,
- 8-12 кавалачкаў шакаладу,
- некалькі лыжак сыру маскарпонэ або грэчаскага ёгурту,
- дробка карыцы,
- 1 ч. л. цукровай пудры.
Як гатаваць:
- Разрэжце кожны банан уздоўж, каб агаліць мякаць, затым устаўце некалькі кавалачкаў шакаладу. Шчыльна загарніце кожны банан у двайны ліст фольгі, затым пакладзіце на разагрэты грыль і гатуйце 10-15 хвілін. Можна асцярожна націскаць — вы павінны адчуваць, што ўнутры банан ужо мяккі.
- Пакуль бананы запякаюцца, змяшайце маскарпонэ або ёгурт з карыцай і цукровай пудрай.
- Ачысціце бананы ад фольгі, выкладзіце на талерку разрэзам уверх і пакладзіце лыжку прыгатаванага крэму. Усё, што вам засталося зрабіць — атрымаць асалоду ад спалучэння смажанага банана, расплаўленага шакаладу і свежых вяршкоў.
Чытайце яшчэ:
«Шампуры паступова сыходзяць у мінулае». Як правільна выбраць мяса на шашлык?
Каментары