«Аўтамабіль з незабыўнымі эмоцыямі». Якія кабрыялеты прапануе беларускі рынак
Паглядзелі, якія аўтамабілі з адкідным дахам можна набыць у Беларусі.
Аўтамабіль з незабыўнымі эмоцыямі
Каля 160 аўто з больш чым 57 тысяч, выстаўленых на продаж у Беларусі, маюць адкідны верх. Самы танны з кабрыялетаў прадаецца ў Крупках.
За Ford Escort 1989 года выпуску просяць 2000 даляраў.
Гаспадар апісвае, што гэта выдатны аўтамабіль з незабыўнымі эмоцыямі. Зыходзячы з апісання, апошні раз Ford фарбавалі ў мінулым годзе.
Ferrari па цане 147,5 Ford Escort
Самы дарагі кабрыялет, з выстаўленых на продаж у Беларусі, каштуе амаль у 150 разоў даражэй, чым самы даступны па цане.
Чырвоны Ferrari Portofino I прадаецца ў Мінску. Просяць за аўтамабіль 2019 года выпуску $295 000, у цане аўтамабіля — 20% ПДВ.
Пад капотам у італьянскага спорткара бензінавы рухавік аб'ёмам 3,9 літра і магутнасцю 600 конскіх сіл. Разгон да «сотні» ў Portofino складае 3,5 секунды, адзнаку 200 км/г спорткар дасягае за 10,8 секунды. Заяўлены прабег — усяго 26 451 км.
У апісанні да Ferrari пазначана, што аўтамабіль увесь час знаходзіўся ў аднаго ўласніка, які набываў яго новым у афіцыйнага дылера, дзе пасля праходзіў сэрвіснае абслугоўванне.
Беларускі «народны» кабрыялет
Цікава, што каля паловы з выстаўленых на продаж кабрыялетаў маладзейшыя за пяць гадоў. Большасць з іх нядаўна прывезена ў Беларусь са Штатаў і радзей з Еўропы для перапродажу.
Самы папулярны са «свежых» кабрыялетаў — Ford Mystang. Аўтамабілі ад 2018 года прадаюць па цэнах ад 28 да 68 тысяч даляраў.
Самы дарагі «конь» у кузаве кабрыялет з'яўляецца адзіным з рухавіком аб'ёмам 5 літраў. Усе астатнія варыянты аснашчаны маторам аб'ёмам 2,3 літра.
Lamborghini Mustang
Сярод двух дзясяткаў Mustang ёсць варыянт з дзверцамі, якія адчыняюцца так, як у Lamborghini.
Просяць за такі аўтамабіль 39 900 даляраў. Год выпуску — 2019, заяўлены прабег — 85 000 км.
«Унікальны аўтамабіль! Максімальна моцна прыцягвае ўвагу. Не патрабуе ўкладанняў», — апісвае аўтамабіль прадавец, які просіць аўтасалоны не турбаваць яго.
«У блізкім да ідэальнага стане»
Самы ўзроставы кабрыялет у продажы — Cadillac Eldorado 1971 года выпуску.
У апісанні пазначана, што аўтамабіль знаходзіцца ў стане, блізкім да ідэальнага. Рэстаўрацыйныя работы былі праведзены летась.
Таксама прадавец адзначае, што гэты Cadillac не культурна-гістарычная каштоўнасць, цалкам размытнены на ЕАЭС і не мае ніякіх абмежаванняў. Мяркуючы па фота ў аб'яве, выглядае, што рэтракабрыялет выкарыстоўваецца ў вясельным бізнэсе.
«Легендарная мадэль Cadillac з культавага фільма «Страх і нянавісць у Лас-Вегасе», — гаворыцца ў апісанні. Прадавец таксама прапануе паглядзець відэа з урыўкам таго самага фільма.
Кабрыялет ад збанкрутаванага вытворцы
На гэтым спіс эксклюзіўных для нашых дарог кабрыялетаў не завяршаецца. Так, напрыклад, за 16 200 даляраў у Мінску прадаецца Pontiac Solstice 2006 года выпуску.
Ярка-жоўты кабрыялет мае пад капотам бензінавы рухавік аб'ёмам 2 літры, магутнасць — 264 к.с., працуе ў пары з механічнай каробкай перадач.
«Аўтамабіль з ЗША. Два ўласнікі ў Беларусі. У апошняга ў карыстанні адзін год. Абслугоўваўся на спецыялізаваным СТА. Апошняе ТА 1000 км таму. Аўтамабіль не патрабуе ўкладанняў і цалкам гатовы да далейшай эксплуатацыі», — гаворыцца ў апісанні.
Эксклюзіўнасці гэтаму аўто дадае і той факт, што брэнд Pontiac, які бярэ пачатак з 1926 года, спыніў сваё існаванне яшчэ ў 2010 годзе.
Bentley для бедных
За 13 700 прадаецца яшчэ адзін амерыканскі кабрыялет 2006 года выпуску. Chrysler Crossfire знаходзіцца ў продажы са жніўня 2021 года.
Пад капотам у яго бензінавы рухавік аб'ёмам 3,2 літра, які працуе ў пары з аўтаматычнай каробкай перадач. Заяўлены прабег — 60 тысяч кіламетраў.
Праз вонкавае падабенства з аўтамабілямі маркі Bentley Chrysler Crossfire часам называюць Bentley для бедных. Для большага падабенства з аўтамабілямі прэміяльнага брэнда ў продажы нават можна знайсці радыятарныя рашоткі, стылізаваныя пад Bentley.
Golf з «блатным» нумарам
Сярод варыянтаў па больш дэмакратычных цэнах прадаецца VW Golf 1999 года выпуску. За 24-гадовы «народны» аўтамабіль просяць 4000 даляраў, што ў прынцыпе супастаўляльна з цэнамі на звычайныя аўтамабілі «Гольф» чацвёртага пакалення.
Пад капотам у Golf бензінавы рухавік 1,6 і МКПП, заяўлены прабег — 250 тысяч кіламетраў.
Аўтамабіль мае «блатны» нумар, але ці дастанецца ён новаму ўласніку, калі той будзе мець сталічную прапіску, — невядома.
У апісанні да аўто пазнача толькі адна фраза: «Пачні лета ярка».
Агулам для аматараў язды без даху над галавою ў бюджэце да 5000 тысяч даляраў выбіраць асабліва няма з чаго.
За такія грошы можна разлічваць толькі на куплю Peugeot 206, Renault Megane або Chrysler Sebring. Усё гэта будуць аўтамабілі, якія сышлі з канвеера на рубяжы канца 90-х — пачатку «нулявых».
Каментары