Кіно44

Silo («Сховішча»): Рэбека Фергюсан у змрочнай антыўтопіі пра чалавецтва, зачыненае ў бункеры

Навукова-фантастычны серыял ад Apple TV+ закранае тэмы сацыяльнага раздзялення, аўтарытарызму і таго, як невуцтва становіцца ўрадлівай глебай для тэорый змоў.

Rebecca Ferguson in Silo
Джульета (Рэбека Фергюсан) у серыяле «Сховішча». Фота: Apple TV+

Silo — постапакаліптычная гісторыя, у якой апошнія жывыя людзі Зямлі хаваюцца ў падземным бункеры, і адпаведна свет паўстае ў шэрых, карычневых, цёмна-балотных колерах.

Ніхто не выходзіць з бункера, бо шырока распаўсюджана меркаванне, што паветра за яго межамі таксічнае. Жыхары могуць назіраць за пейзажам праз гіганцкі экран унутры сталовай. На ім можна ўбачыць руіны, што абсыпаюцца, раскіданыя паўсюль абломкі, і няма нічога, што можна было б лічыць жывым. Калі нехта ў бункеры кажа, што хоча выйсці за яго межы, яму дазваляюць, і гэта нават суправаджаецца адметнай цырымоніяй, але чалавек ніколі не вяртаецца назад, таму гэта раўназначна смяротнаму прысуду.

Сховішча кіруецца строгімі правіламі і знаходзіцца пад наглядам судовага дэпартамента. Гэта амаль таталітарная дзяржава, і грамадства літаральна іерархічнае: рабочыя знаходзяцца «ў глыбіні», а тыя, хто «наверсе», маюць больш высокі статус.

Як і ў вядомай антыўтопіі Оруэла, кіраўніцтва ўмешваецца ў рамантычныя адносіны: у Silo яны павінны быць санкцыянаваны ўладамі. Гісторыя пачынаецца, калі шэрыф Холстан (Дэвід Аелоўа) і яго жонка Элісан (Рашыда Джонс) атрымліваюць дазвол на нараджэнне дзіцяці. Калі ім адкрываецца інфармацыя, якую яны не павінны былі ведаць, яны пачынаюць сумнявацца ў правілах бункера.

Потым серыял пераводзіць фокус на іншага персанажа — Джульету (Рэбека Фергюсан), жанчыну-механіка, якая працуе на генератары, які вельмі важны для падтрымання жыцця людзей у сховішчы. З Рэбекай таксама здараецца асабістая гісторыя, якая прымушае яе пераасэнсаваць правілы бункера.

Уласныя расследаванні зводзяць Холстана і Джульету разам. Спрабуючы высветліць, што ж адбылося, яны паглыбляюцца ў больш сур'ёзныя таямніцы сховішча і свету вакол яго. Ім выпадае задача дайсці да праўды.

Rashida Jones and David Oyelowo in Silo
Рашыда Джонс у ролі Элісан і Дэвід Аелоўа ў ролі Холстана ў першай серыі «Сховішча». Фота: Apple TV+

Серыял, безумоўна, крытыкуе аўтарытарызм, класавую сістэму і даследуе тэму перапісвання гісторыі — актуальную як ніколі. Не менш надзённа гучаць і тэмы ізаляцыі (асабліва пасля пандэміі) і кантролю над жаночымі целамі. «У кожным эпізодзе гэтага шоу так шмат цікавага, што хацелася б, каб людзі маглі ўдзельнічаць у дыскусіях, як у вялікім кніжным клубе, пасля прагляду кожнай серыі», — адзначае кінааглядальнік Браян Талерыка.

Крытыкі таксама звяртаюць увагу на цудоўную ігру ўсяго акцёрскага складу, у прыватнасці, расстанне і ахвяры Джонс і Аелоўа выглядаюць так, як быццам яны сапраўдная пара. Але рэй вядзе, безумоўна, стаічная Рэбека Фергюсан, якая ідэальна пасуе да сваёй ролі.

Мастакі-дэкаратары і майстры камп’ютарнай графікі старанна працавалі над стварэннем атмасферы бункера, у якім савецкая архітэктура спалучаецца з сярэднявечным стымпанкам — так сховішча ў серыяле становіцца амаль самастойным персанажам.

У цэлым гледачы серыяла плюсавалі, адзначыўшы таксама нядрэнны сцэнар, хоць і з агаворкай, што кожная ідэя і вобраз Silo будзе нагадваць ці адсылаць да ўжо знятых ці напісаных антыўтопій, не прапаноўваючы нічога радыкальна новага.

Мабыць, адзінае, але істотнае супрацьпаказанне да прагляду — гэта калі вы стаміліся ад бясконцага апакаліпсісу ў рэальным жыцці, заглыбленне ў чарговую змрочную, гнятлівую рэальнасць можа стаць пераборам.

Вас таксама могуць зацікавіць:

Што паглядзець. «Адны з нас» (The Last of Us) — абсалютна захапляльная антыўтопія

Рамантычная камедыя, музычны баёпік і гістарычная драма — тры самыя папулярныя фільмы на Netflix

Серыял «Місіс Дэвіс»: гэты сюжэт вас дакладна здзівіць

Каментары4

  • Шпак
    13.05.2023
    Чарговы тупізм ад акцёрышкаў для гультаёў на канапе.
  • Олег
    13.05.2023
    Еще неплохой сериал сотня тоже постапакалипсика.
  • Axel Justas
    13.05.2023
    Шпак, глядзіце лепш 'Мы братья' ды 'код Каіна', вам дакладна спадабаецца.

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Усе навіны →
Усе навіны

Андрэй Стрыжак абвясціў пра мабілізацыю службы эвакуацыі8

Шведы прадалі мабільнага распрацоўшчыка з беларускімі каранямі больш чым за мільярд даляраў1

Мінчанка расказала, як змагла правезці ежу праз беларуска-літоўскую мяжу9

Лісты палітвязня Вацлава Арэшкі з турмы напісаныя чужой рукой

Трамп выбраў Роберта Кенэдзі-малодшага міністрам аховы здароўя13

У Беларусі прадаюць мёд за 300 рублёў — што за ён?2

«Калі ласка, памры». Нейрасетка з абразамі і праклёнамі накінулася на карыстальніка. Спыталі ў яе, чаму яна раззлавалася31

Па ўсёй Беларусі прайшла хваля затрыманняў сваякоў палітвязняў7

23-гадовы хлопец загінуў у лабавым сутыкненні ў Светлагорскім раёне

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Галоўнае
Усе навіны →