У Мінску можна паглядзець карты, якімі падарожнікі карысталіся стагоддзі таму
У Мінскай абласной бібліятэцы ўрачыста адкрылася выстава «Мастацтва старажытнай картаграфіі». Яе складальнік — вядомы беларускі вучоны, гісторык, картограф, галоўны рэдактар «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі» Леў Казлоў, піша «Звязда».
Выстава — своеасаблівы партал у мінулае, які дазваляе даведацца, як раней людзі ўспрымалі свет, якія спрэчкі вяліся вакол яго магчымых выяў.
Льва Казлова калегі за апантанае захапленне, звязанае з пошукам і аднаўленнем старажытных карт, празвалі беларускім Меркатарам — у гонар фламандскага географа і картографа Герарда Меркатара, які сабраў навігацыйную карту свету на 18 лістах.
Дзякуючы пошукам у архівах, бібліятэках, на аўкцыёнах і ў прыватных калекцыях Льву Раманавічу ўдалося пабачыць і ўзнавіць шыкоўную калецыю старадаўніх дакументаў. У выніку яго працы ў экспазіцыях беларускіх музеяў з’явіліся раней невядомыя выявы беларускіх земляў, якімі карысталіся падарожнікі стагоддзі таму.
Для новай выставы Леў Раманавіч абраў незвычайны падыход — акцэнт зроблены на тое, як раней афармляліся карты і атласы. Так, у Сярэднявеччы для такой справы картографы звярталіся па дапамогу вядомых выдаўцоў і мастакоў. Невыпадкова ХVI — ХVII стагоддзі лічаць залатой эпохай у развіцці картаграфіі.
У той час такія старажытныя дакументы сапраўды былі падобныя на мастацкія творы. У атласах можна было пабачыць выявы прыгожых мясцін, побыт гарадоў, сюжэты легенд.
На адной з карт, што патрапіла ў экспазіцыю, ёсць нават монстры: такім чынам яе ўкладальнікі нагадвалі, наколькі складаным і небяспечным быў шлях маракоў. Гэты прыём з «застрашвальнымі» элементамі дапамагаў падымаць цэны на прывезеныя заморскія тавары.
Між іншым, у той час друкаваліся толькі чорна-белыя выданні, а далей яны ад рукі размалёўваліся акварэльнымі фарбамі. Каляровы ж друк з’явіцца толькі ў XIX стагоддзі.
На выставе можна пабачыць партрэты знакамітых картографаў і асобныя з работ, якія, дзякуючы іх намаганням, пабачылі свет.
Экспазіцыя таксама дае ўяўленне пра гісторыю картаграфіі, дазваляе прасачыць як па-рознаму падаваўся такі матэрыял, якія звесткі былі запатрабаваныя ў пэўныя часы.
Каментары