Рэкордная для Малдовы колькасць дэманстрантаў сабралася на сход у падтрымку еўраінтэграцыі
У Вялікім еўрапейскім сходзе, які праходзіў сёння ў цэнтры Кішынёва, прынялі ўдзел ад 75 да 80 тысяч чалавек, піша NewsMaker са спасылкай на паліцыю.
Прэс-сакратар Генінспектарата паліцыі Дыяна Фетка пацвердзіла NewsMaker гэтую лічбу і зазначыла, што праваахоўнікі, якія забяспечвалі парадак на мерапрыемстве, не зарэгістравалі ніводнага інцыдэнту.
21 мая ў цэнтры Кішынёва адбыўся Вялікі еўрапейскі сход, абвешчаны прэзідэнткай Маяй Санду. Перад прысутнымі выступіла сама кіраўніца дзяржавы, а таксама кіраўніца Еўрапарламента Раберта Метсола, якая прыбыла ў Малдову спецыяльна для гэтага.
Удзельнікі сходу прынялі рэзалюцыю ў падтрымку еўрапейскай інтэграцыі Малдовы.
У дакуменце зазначаецца, што Малдова імкнецца стаць паўнапраўнай часткай Еўрасаюза, які можа гарантаваць стабільнасць і дазволіць рэалізаваць яе патэнцыял.
Удзельнікі збору таксама заклікалі ўсе палітычныя сілы краіны падтрымаць еўрапейскі курс краіны. Для гэтага, на думку мітынгоўцаў, неабходна прапісаць у Канстытуцыі Малдовы яе мэту ўступіць у ЕС, забяспечыць больш хуткі пачатак перагавораў аб уступленні ў саюз, а таксама падтрымаць умацаванне дзяржструктур для дасягнення гэтай мэты.
У мінулыя месяцы ў Кішынёве праходзілі масавыя акцыі прарасійскіх сілаў, аднак яны збіралі менш за 10 тысяч чалавек.
Каментары