Рада бяспекі Беларусі заклікала, каб прадоўжылася «цяжкая, вымушаная і апраўданая місія па абароне рускіх людзей на Данбасе»
Лукашэнкаўская Рада бяспекі выпусціла адмысловы зварот, прысвечаны сітуацыі ў Расіі. У ім яна цвёрда стала на бок Крамля, у тым ліку і цалкам прыняўшы на ўзбраенне ягоную рыторыку.
Паводле лукашэнкаўскіх сілавікоў, «Беларусь была і застаецца саюзнікам Расіі, які цалкам падзяляе мэты і задачы СВА». Паводле іх,
«гэта цяжкая, вымушаная і апраўданая місія па абароне рускіх людзей на Данбасе. Фактычна ідзе барацьба за будучыню славянскага свету».
Так як лукашэнкаўская Беларусь звязана з Расіяй палітычным саюзам, то
«мы не можам заставацца ў баку ад падзей, якія адбываюцца на поўдні Расіі. Любая правакацыя, любы ўнутраны канфлікт у вайсковых і палітычных колах, у інфармацыйным полі і грамадзянскай супольнасці — падарунак калектыўнаму Захаду».
«Не было нічога страшней у гісторыі Расіі, чым смута, — разбуральная і бессэнсоўная па сваёй сутнасці. Падобнае таму, што адбываецца, не варта тых наступстваў, тых страт, да якіх могуць прывесці эмацыйныя рашэнні і супрацьпраўныя дзеянні», — засцерагае Рада бяспекі, заклікаючы да «голасу розуму» і дадае:
«У гэты цяжкі час усе, хто сёння ўцягнуты ў недапушчальнае супрацьстаянне ўнутры адзінага ў сваіх мэтах вайсковага братэрства, патрэбныя там, дзе вырашаецца будучыня славянскага свету, лёс мільёнаў нашых людзей».
Каментары