Эдвін быў дастаўлены ў бальніцу на верталёце і знаходзіцца ў рэанімацыі.
У былога галкіпера зборнай Нідэрландаў Эдвіна ван дэр Сара адбылося кровазліццё ў мозг падчас адпачынку ў харвацкім Спліце, паведамляе manutd.ru.
Амстэрдамскі «Аякс», у якім Эдвін павінен быў працягнуць працу да закрыцця трансфернага акна, выпусціў афіцыйную заяву:
«У пятніцу ў Эдвіна ван дэр Сара адбылося кровазліццё ў мозг. Цяпер ён знаходзіцца ў шпіталі ў аддзяленні рэанімацыі, яго стан стабільны. Як толькі з'явіцца больш канкрэтная інфармацыя, мы паведамім».
Эдвіну Ван дэр Сару — 52 гады. Ён гуляў за «Аякс» (1990—1999), «Ювентус» (1999—2001), «Фулхэм» (2001—2005), «МанЮнайтэд» (2005—2011). Правёў 606 матчаў, прапусціў 543 мячы. Чатырохразовы чэмпіён Нідэрландаў («Аякс») і чатырохразовы чэмпіён Англіі («МанЮнайтэд»).
За зборную Нідэрландаў згуляў 130 матчаў, прапусціў 87 мячоў. Прычым першы матч за зборную быў у чэрвені 1995 года ў Мінску, калі ён прапусціў мяч ад Сяргея Герасімца.
З 2016 года — генеральны дырэктар «Аякса».
Каментары