Мінабароны рыхтуецца прыняць на беларускіх палігонах расійскія падраздзяленні і вагнераўцаў
Беларусь рыхтуецца прыняць новыя расійскія падраздзяленні для правядзення «баявога зладжвання і падрыхтоўкі» ў рамках рэгіянальнай групоўкі войскаў, як паведаміла Мінабароны.
«На палігонах Беларусі завяршаецца падрыхтоўка, а таксама правядзенне баявога зладжвання чарговых падраздзяленняў Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі са складу РГВ. Цяпер палігоны Узброеных сіл краіны рыхтуюцца прыняць чарговую змену для правядзення мерапрыемстваў сумеснай падрыхтоўкі вайскоўцаў Беларусі і Расіі», — гаворыцца ў паведамленні.
Мінабароны паведамляе, што папярэдняя планавая ратацыя расійскіх падраздзяленняў праводзілася больш за месяц таму і паспяхова завершаная.
Там таксама заявілі, што ў выпадку прыбыцця ПВК «Вагнер», яе байцы будуць размешчаныя на палігонах.
«Акрамя таго, пасля прыбыцця прадстаўнікоў ПВК «Вагнер» і іх размяшчэння на палігонах для правядзення заняткаў і ўзаемнага абмену досведам асаблівую ўвагу плануецца ўдзяліць прыёмам і спосабам вядзення баявых дзеянняў Узброенымі сіламі Рэспублікі Беларусь», — дадалі ў міністэрстве.
На мінулым тыдні Мінабароны прывезла замежных журналістаў на палігон пад Асіповічамі, каб паказаць, што вагнераўцаў там няма, а выкарыстоўваць лагер будуць нібыта для тэрабароны.
Каментары