Бацька пяцярых дзяцей не хацеў плаціць аліменты і замовіў генетычную экспертызу. І вось пытанне: узрадаваўся ці засмуціўся выніку
Бацька пяцярых дзяцей больш за тры месяцы не плаціў аліментаў. Па гэтым факце інспекцыя ў справах непаўналетніх пачала праверку, якая скончылася вельмі нечакана.
Жыхар Магілёўскай вобласці з мая 2021-га павінен быў плаціць аліменты на ўтрыманне пяцярых дзяцей — 50% ад усіх заробкаў. А да чэрвеня 2023-га ў яго ўтварылася запазычанасць, большая за 16 тысяч, паведамляе Tochka.by.
За гэта беларускае заканадаўства прадугледжвае крымінальную адказнасць.
Адпаведныя органы пачалі разбірацца ў сітуацыі. Тады мужчына заявіў пра свае сумневы ў тым, што трое малодшых дзяцей яму родныя. Хоць малыя і носяць яго прозвішча і імя па бацьку.
Каб яго заява не засталася галаслоўнай, прызначылі судовую генетычную экспертызу.
«Даследаваўшы біялагічныя ўзоры траіх дзяцей і мужчыны, дзяржаўныя медыцынскія судовыя эксперты-біёлагі выключылі біялагічнае бацькоўства апошняга ў адносінах да ўказаных дзяцей», — адзначыла афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення ДКСЭ Магілёўскай вобласці Ірына Рачкоўская.
Цяпер ужо нешматдзетнаму бацьку трэба аспрэчыць бацькоўства ў судовым парадку.
Каментары