Столінскага блогера Аляксандра Ігнацюка, імаверна, вінавацяць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці»
На мінулым тыдні стала вядома, што блогер Аляксандр Ігнацюк — аўтар блога «Пра Столін» і былы рэдактар незалежнай раёнкі — затрыманы і змешчаны ў следчы ізалятар у Брэсце. Паводле пакуль афіцыйна непацверджаных звестак, яго абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса). Ёсць інфармацыя, што днямі Ігнацюка маглі этапаваць з Брэста ў СІЗА ў Баранавічы, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Апошнія гады Аляксандр Ігнацюк жыў на бязлюдным хутары, але даволі актыўна займаўся блогерствам — здымаў відэаролікі, якія размяшчаў на старонках «Пра Столін» у TikTok, YouTube і Instagram. Адным з напрамкаў сваёй дзейнасці абраў асвятленне працы фермерскіх гаспадарак у Палескім рэгіёне.
Калі новыя ролікі перасталі з’яўляцца ў інтэрнэце, занепакоеныя гледачы сталі хвалявацца і даведаліся, што Аляксандр Ігнацюк не выходзіць на сувязь, бо затрыманы.
«Наколькі я ведаю, Аляксандр шмат цікавіўся ўмовамі працы ў мясцовых фермераў. Да яго звярталіся людзі, што пацярпелі, сталі ахвярамі злоўжыванняў, калі працаўладкоўваліся да фермераў без афармлення дакументаў», — кажа знаёмы Аляксандра Ігнацюка, які просіць захаваць сваю ананімнасць.
Паводле слоў суразмоўца, Аляксандр Ігнацюк таксама цікавіўся пытаннямі наконт выдзялення зямлі ў Столінскім раёне. Меў планы стварыць агенцтва па працаўладкаванні сезонных работнікаў і нават разлічваў на падтрымку мясцовых улад у гэтым пытанні.
Аляксандр Ігнацюк вядомы тым, што ў канцы 90-х — пачатку 2000-х выдаваў незалежную рэгіянальную газету «Вечерний Столин» і быў яе галоўным рэдактарам. У 2004 годзе ўлады закрылі гэта нязручнае ім выданне.
Жанчыну з Фаніпаля асудзілі на паўтара года «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах
Жыхару Баранавічаў далі два гады калоніі за абразу Лукашэнкі і чыноўнікаў
У Брэсце затрымалі мужчыну і жанчыну за каментары пра вайну, Лукашэнку і міліцыянтаў
Затрымалі маці былога палітвязня і добраахвотніка Ціхана Клюкача
Каментары