«Я баюся спазніцца ў турму». Экс-палітвязень, пчаляр Мікола Папека пра тое, як гэта ў 62 гады кінуць усё і з'ехаць у эміграцыю
«Свабода» пагутарыла з былым палітвязнем, паэтам і пчаляром Міколам Папекам пра творчасць у зняволенні і жыццё ў эміграцыі, пра Мядовую прэмію ад польскіх пчол ды настрой на доўгі шлях вяртання дадому.
«Раны калі і зарастаюць, моцна крывавячы, дык толькі выразнымі рубцамі»
— Мінула ўжо некалькі месяцаў, як вы выйшлі на волю пасьля адбыцьця пакараньня за ўдзел у пратэстах 2020-га. Пра прымусовую працу на «хіміі» і ў зоне вы, як мы зразумелі, ня згадваеце. Хочаце забыцца пра гэта, як пра страшны сон. Але ці ўдалося ўжо пазбавіцца гэтых прыгадаў?
— Мінула ўжо восем месяцаў, як я на волі. Але згодна вынесенаму выраку я яшчэ мусіў бы знаходзіцца на так званай у народзе «хіміі» да 4 верасьня бягучага году. Так што хацеў бы ці не, але ўзгадваць незаконны прысуд даводзіцца хаця б з гэтай прычыны. Толькі «дзякуючы» зьмененаму рэжыму адбыцьця пакараньня зь «менш строгага» на больш строгі я ўжо амаль 8 месяцаў знаходжуся на волі.
За гэты час пабываў дома; пахаваў цесьця — ён больш за два месяцы быў у цяжкім стане, і я нават ня ведаю, ці пазнаў ён мяне, бо з прычыны хваробы ня мог анічога сказаць, але прыкметы радасьці былі заўважныя на ягоным твары; пасьпеў зімой (бо я быў вызвалены 17 сьнежня) агледзець тое, што сталася з маёй пчалінай гаспадаркай за 16 месяцаў, што не было пчаляра; зьехаць у Грузію і пажыць там, палюбавацца экзатычнай расьліннасьцю, горнымі краявідамі, іхняй гаспадаркай ды прадуктамі працы, гісторыяй ды музэйнымі экспазыцыямі.
Там жа атрымаў гуманітарную візу і зьехаў да больш блізкай ды роднай для Беларусі, суседняй нам Польшчы. За гэты час пабываў у многіх гарадах і пасёлках гэтай краіны. Трапіў у мясцовасьць, якая вонкава падобная да беларускай прыроды, дый архітэктура часам падобная, і характар людзей, і мова значна бліжэйшая, параўнаўшы з грузінскай, і раднейшая. Гэта памагае не ў такой велізарнай меры адчуваць сябе ў выгнаньні, дый такіх, як я, тут вельмі многа…
Так што, жадаеш таго ці не, усё роўна цяперашняе нявызначанае жыцьцё тут вымушае згадваць, што прывяло да бадзяньня па сьвеце, дзе ты ня маеш таго напрацаванага дзесяцігодзьдзямі падмурку ды забясьпечанага тылу, засьцярогі на заўтрашні дзень, сяброўскага ды суседзкага асяродзьдзя.
І на 62-м годзе жыцьця павінен пускаць карэньне ў іншую глебу, бо са сваёй роднай цябе вырвалі і гвалтоўна адлучылі. Бо з уласнай волі я аніколі не жадаў ехаць ані ў якую Грузію ды Польшчу, ня толькі дзеля адпачынку, але і дзеля заробку…
Так што памяць пра «хімію», СІЗА ды зону паціху сьціраецца. І, магчыма, сьцерлася б больш, каб не цікавіўся тымі катастрафічнымі падзеямі, што адбываюцца ў Беларусі і ўва Ўкраіне. Яны не даюць сканцэнтравацца на сабе, таму што ад тых падзеяў залежыць і мой далейшы лёс. Таму нават калі б і моцна хацеў пазбавіцца ўспамінаў, то не атрымліваецца і, відаць, не атрымаецца. Бо падобныя раны, нанесеныя як мне, так і тысячам іншых, якія трапілі пад незаконныя і нялюдзкія выракі і выпрабаваньні, калі і зарастаюць, моцна крывавячы, дык толькі выразнымі рубцамі…
«Настройваю сябе ды іншых на маратон у пэрспэктыве вяртаньня на Радзіму»
— А як складаецца ваша жыцьцё на волі? Ці адаптаваліся ў новай краіне?
— Жыцьцё на волі разнастайнае, як і ўва ўсіх людзей, але ў значнай меры нявызначанае. Хоць, параўнаўшы зь іншымі вымушанымі ўцекачамі, даводзіцца казаць сабе і людзям, каб супакойваць сябе і іх у гэтай нялюдзкай сытуацыі, заежджаны сказ: «Мне яшчэ пашанцавала». А за гэтымі трыма словамі і добрыя людзі, якія спачуваюць табе і такім, як я, і далёкая Грузія, якая дала прытулак на той час, пакуль атрымаў візу, і суседняя Польшча, якая прымае сотні тысячаў уцекачоў — як з Украіны, так і нас, і дае на першы час нейкую капейку на існаваньне ды адаптацыю, наладжвае курсы па вывучэньні польскай мовы…
Ці адаптаваўся? Не! Дый наўрад ці ў маім узросьце магчыма цалкам адаптавацца. А сытуацыя, у якую я трапіў, як і многія іншыя неабыякавыя грамадзяне, вельмі слушна пераказаная адным з палітуцекачоў, што мы тут як на «хіміі» на радзіме — бо ня можам, гэтаксама як і з папраўчае калёніі, паехаць да сябе дахаты, да прыкладу, пры сьмерці сваіх родных…
А гаспадарка ды парадак на падворку і ў хаце — усё застаецца закінутым і прыходзіць у запусьценьне. І я, як чалавек, які прызвычаіўся жыць з працы сваіх рук і харчавацца ўласнаручна вырашчанымі прадуктамі, і пры гэтым адчуваючы і маючы за сьпінаю надзейны тыл, — на жаль, гэтага тут ня маю, ды, напэўна, ня хутка буду мець які свой куточак зямлі і пчальнік…
Так што да адаптацыі далёка. Але, нягледзячы на ўзрост, вымушаны пускаць карэньчыкі і неяк адаптавацца. Калі ішоў сядзець на «хімію», разьлічваў, што за два гады сытуацыя калі ня зьменіцца да лепшага, то хаця б нармалізуецца. На жаль, гэтага ня здарылася, і цяпер замест чаканай кароткай дыстанцыі настройваю сябе ды іншых на маратон у пэрспэктыве вяртаньня на Радзіму.
«…І канае пчала працавітая, а ў ёй чалавек…»
— У Беларусі вас ведалі як паэта-пчаляра. Некаторыя вашы сябры нават казалі, што вы любіце пчол больш, чым людзей. Што сталася з вашымі ўлюбёнкамі за час змушанага расстаньня?
— Па родзе занятку я сапраўды люблю пчол, аддаў ім 45 гадоў жыцьця. Што і казаць — два гады незаконнага пазбаўленьня волі я разглядаў як зьнішчэньне маёй гаспадаркі. Вярнуўся я да гаспадаркі на восем з паловаю месяцаў раней, таму што быў пераведзены на больш строгі рэжым зьняволеньня за злачынствы іншых і адседзеў амаль 16 месяцаў замест 24. Вярнуўся зімою 17 сьнежня і пачаў аглядаць, што ад маёй гаспадаркі ацалела.
А ацалела няшмат. На жаль, пчолы ў сучасных умовах без чалавека выжыць ня могуць — і хварэюць, і падвозіць трэба да мёдадайных палеткаў. Значная колькасьць маіх пчолаў зраілася, а ў вульлях пасялілася матыліца (моль) і патрушчыла пчаліныя соты ды рамкі. Усё гэта з крыўдаю даводзілася зімою вычышчаць ды выдзіраць, а пчолак, якія яшчэ неяк ацалелі, падхарчоўваць і апрацоўваць ад кляшча.
Яшчэ пакуль сядзеў на «хіміі», у СІЗА ды зоне, зьмяніліся пастановы, і я са сваім пчалярствам стаў падпадаць пад статус дармаеда. А яшчэ цана на мёд і продаж яго з многіх прычын зьнізіліся. Дый пакупнік зьехаў за мяжу, а яшчэ некаторыя памерлі ад каранавіруса. І за гэты час зьняволеньня я ў нейкай ступені паадвык ад пчалярства, а калі сказаць больш правільна, быў адарваны ад яго. І ранейшая ўцягнутасьць у бесьперапынны працэс зьнікла, і ранейшы рынак.
А людзей я таксама люблю, напісаў пра гэта ў сваім вершы «Пчала і Чалавек»…
Так вялося стагодзьдзямі,
што побач пчала й чалавек
і ўдоваль было мёду і воску,
Богу сьвечак, а людзям пітва,
ды сталася неверагоднае
стагодзьдзем уранавага яблыка, —
зьмялела мёду джарэла…
і цяпер невыгодна жыцьцё
ды зайздросна карысьліва сьмерць,
і канае пчала працавітая,
а ў ёй чалавек…
«Прыглядаюся да польскага пчалярства»
— Выглядае, што вашыя ацалелыя беларускія пчолы неяк змушаныя будуць і далей гадавацца без гаспадара. Але мо і польскія вас бы не расчаравалі? Ці ёсьць пляны, а мо ўжо і спробы завесьці сваю пасеку на Падляшшы?
— Вядома, надзеі завесьці тутака сваю пчаліную гаспадарку не губляю. І думаю, што да вясны гэты плян рэалізую, бо бяз пчолаў жыцьцё маё ня мае паўнавартаснага напаўненьня.
Пашанцавала мне тут практычна прыгледзецца і да польскага пчалярства. І пры тым, што я лічу сябе не абы-якім пчаляром, пашкадаваў, што такое знаёмства не адбылося гадоў 30 таму — вёў бы пчаліную гаспадарку цалкам інакш. Прыглядаюся да ўмоваў і спэцыфікі вядзеньня пчалінай гаспадаркі ў новай краіне. Пакрыху знаёмлюся зь людзьмі, хаджу на курсы польскай мовы, каб лацьвей камунікаваць зь людзьмі, прыглядаюся да мясцовасьці. Усё ж такі я ў нязвыклых умовах, у невядомай мясцовасьці, сярод невядомых людзей ды іх звычаяў. Так што пляны ёсьць, і жаданьне іх зьдзейсьніць таксама.
«Пастараюся зноў уручаць Мядовую прэмію, а пакуль сам сяджу без свайго мёду»
— Беларускія пчолы самым непасрэдным чынам спрычыніліся да заснаваньня вамі ўнікальнай штогадовай літаратурнай прэміі — Мядовай. Які яе далейшы лёс? Мо адродзіце ў Польшчы? Тым больш што патэнцыйных намінантаў на яе цяпер на радзіме значна менш, чым у эміграцыі?
— Прысуджэньне і ўручэньне прэміі, зразумела, спынілася з прычыны майго зьняволеньня, а яшчэ да таго ж быў зьліквідаваны Саюз беларускіх пісьменьнікаў, а яшчэ пастарэлі сябры, многія памерлі…
Вядома, калі наладжу тут пчаліную гаспадарку, тады і пастараюся зноў уручаць Мядовую прэмію, а пакуль сам сяджу без свайго мёду.
«Пра разьвіцьцё і захаванасьць літаратуры ў эміграцыі варта клапаціцца, як і пра жыцьцё і захаванасьць беларускай мовы».
— Як вы наогул ацэньваеце шанцы беларускай літаратуры захавацца і разьвівацца ва ўмовах эміграцыі?
— Я ў зьняволеньні ў значнай ступені быў адарваны ад бачаньня літаратурнага працэсу як на радзіме, так і ў эміграцыі. Пабыўшы на волі і тут, у Польшчы, тры месяцы, пабачыў, што літаратура не памерла і ня згасла, як і жыцьцё.
У эміграцыі цяпер як з палітычных, гэтак і зь іншых прычынаў знаходзяцца і працуюць многія творцы, такія вядомыя майстры, як Някляеў, Бахарэвіч, Хадановіч, Кудасава і многія іншыя. Пабываў я тут у Беластоку і на прэзэнтацыі кніг Зянона Пазьняка ды Алеся Аркуша.
Няхай даруюць іншыя творцы, якіх я не назваў, бо, на жаль, я яшчэ мала на свабодзе. Дый тыя трывожныя падзеі, якія адбываюцца на радзіме і ў суседняй Украіне, прыкоўваюць вялікую ўвагу і забіраюць час. А там, у зьняволеньні, на аб’ектыўную інфармацыю быў вялікі голад, і я ўсё яшчэ не магу адысьці ад назіраньня за няпростымі падзеямі.
На жаль, шанцы літаратуры зьберагчыся і выжыць складаныя. Хоць многія з палітычных эмігрантаў пасьля 2020 году перайшлі на беларускую мову, але значная частка па-ранейшаму ўжывае расейскую, дый паўстае неабходнасьць карыстацца польскаю моваю. Да таго ж варта адзначыць, што высокі ўзровень якасьці і напоўненасьці інфармацыяй інтэрнэту, са свайго боку, забірае час на чытаньне дый на пісаньне камэнтароў, за якія ў Беларусі многія зазнаюць псыхалягічны і ня толькі псыхалягічны гвалт.
У такіх умовах варта быць надзвычай уважным да слова і не абцяжарваць чытача празьмернымі тэкстамі, дбаць пра якасьць, ляканічнасьць, сур’ёзнасьць, высокую мастацкасьць твораў. А пра разьвіцьцё і захаванасьць літаратуры ў эміграцыі варта клапаціцца, як і пра жыцьцё і захаванасьць беларускай мовы.
«Пішацца мала з прычыны неўсталяванасьці жыцьця і адсутнасьці значнага літаратурнага сьвербу»
— Ёсьць меркаваньне, што творчую энэргію аўтару дае толькі родная зямля. Як у вас з гэтым? Што пішацца?
— Комплекс Антэя, безумоўна, існуе, і родная зямля дый народ надае натхненьня ў працы, у тым ліку і літаратурнай. У эміграцыі, ды яшчэ ў першыя месяцы, калі ты яшчэ ня звыкся з тым, што вырваны з прывычнага асяродзьдзя, а яшчэ мусіш думаць пра тое, як пражыць, на пісаньне часу застаецца няшмат. Ды я ніколі многа і не пісаў, не абцяжарваў і не прымушаў сябе, што павінен пісаць штодня і многа. І ніколі ня жыў зь літаратуры, наадварот: сродкі, якія зарабляў пчалярствам, траціў на друкаваньне нешматлікіх твораў і перакладаў.
Так што пішацца мала з прычыны неўсталяванасьці жыцьця і адсутнасьці значнага літаратурнага сьвербу. У асноўным займаюся перакладамі — як паэзіі, так і прозы. Пераклаў вось нядаўна раман Юзафа Ігнацы Крашэўскага «Паэт і cьвет».
«Я баюся спазьніцца ў турму»
— А ці змаглі нешта пісаць у зьняволеньні? Ці ўдалося напісанае захаваць і вынесьці на волю?
— Сёе-тое ў няволі пісаць удавалася, і нешта ўдалося пераслаць ці вынесьці. Але ў асноўным займаўся перакладамі паэзіі, пераважна расейскіх аўтараў, творы якіх у немалой колькасьці былі ў зонаўскай ды турэмнай бібліятэках. Зробленыя пераклады даваў сябрам, і яны іх высылалі сваім родным, я таксама высылаў зробленае сваім родным, бо меркаваў, што напісанае не прапусьцяць пры вызваленьні. Але, на дзіва, усё перакладзенае прапусьцілі і далі вынесьці.
Пісаць на зоне самастойныя творы асьцерагаўся, дый вынесьці іх практычна немагчыма. Хоць сёе-тое ёсьць, але часу на поўнае ўпарадкаваньне яшчэ не знайшоў.
На «хіміі» ў чарзе
Заняў чаргу ў краме мой сябар,
Я забягаю — хутчэй бы купіці.
Жанчына пытае абурана:
— Малады чалавек, куда вы сьпяшыце?..
— Я баюся спазьніцца ў турму.
А вы вярнуцца дахаты
ў час любы вольныя.
Пішуць Беларусы лісты.
Прыходзяць лісты падтрымкі
ды спачуваньня аб няволі.
Партызанскія лісты…
Бо —
за спачуваньне нявінна зьняволеным
пагражае Сьледчы камітэт.
Лісты без зваротнай адрэсы…
Замест прозьвішча
пазначана толькі:
ад беларусаў…
ад сябра…
ад Каці зь Менску…
Дзякуй вам, вольным духам
Беларусам…
Сябрам…
Каці зь Менску…
Усім вам, беларусы, дзякую
і веру я…
усё ж будзем мы вольнымі.
Каментары